Так выглядала набліжэнне вайны вачамі мірных жыхароў. Па афіцыйных дакументах падзеі на пружанскім участку фронту адбываліся наступным чынам. 16 (29) жніўня немцы “абрушыліся на ўсе карпусы 3-й арміі, акрамя левафлангавага”. Рускіх выбілі з пазіцый, і камандуючы арміі генерал Л. Леш прасіў дазволу “ноччу на 17 (30) жніўня адыходзіць на лінію Пружаны – Мухаўлок – Вялікія Балоты (на Ясельдзе)”. Камандуючы Паўночна-Заходнім фронтам генерал М. Аляксееў паставіў 3-й арміі задачу прыкрываць Баранавіцкі накірунак, а “4-й арміі адысці на лінію Мсцібава – Новы Двор – Пружаны”. Адвод войскаў быў мэтазгодным – гэта дазволіла пазбегнуць іх акружэння.
Цікавасць для аналізу сітуацыі на паўднёвым захадзе Беларусі ўяўляюць таксама кайзераўскія дакументы, якія малююць наступную карціну. 29-30 жніўня ў нямецкім штабе ішла дыскусія. Генерал фон Фалькенхайн прапаноўваў хутка разбіць рускіх, наступаючы групай армій генерал-фельдмаршала А. фон Макензена ў паўночным накірунку да Ясельды.
Ён не сумняваўся ў поспеху пры адначасовым удары групы армій прынца Леапольда Баварскага на Пружаны. Але немцы мелі праблемы з харчаваннем і забеспячэннем, таму Макензен выступаў за паступовае франтальнае выцісканне рускіх з пазіцый.
Пасля захопу Пружан ён спыніў наступленне і 31 жніўня загадаў правесці кароткі ўдар на кобрынскай шашы праз Мухавец, а на левым флангу корпуса Коша з 11-й арміі працягваць праследаванне рускіх да шашы Аранчыцы – Пружаны для з’яднання з падраздзяленнем Р. фон Войрша. На запыт вярхоўнага камандавання раніцай 31 жніўня Макензен паведамляў: “Надзеі перахапіць … войска праціўніка паміж Ясельдай і Мухаўцам няма… Бугскай арміі не ўдалося … разгарнуцца супраць паўднёвага фланга. Праследаванне … праз балота не абяцала поспеху… Моцныя дажджы … затрымалі рух часцей. Стан войскаў добры, але салдаты … стомлены… Працаздольнасць коней … зніжаецца. Страты выклікаюць занепакоенасць”.
Але Фалькенхайн настойваў на руху да Ясельды дзеля палёгкі дзеянняў Войрша. У выніку быў аддадзены загад аб працягу праследавання праціўніка да Ясельды, а накірункам наступлення левага фланга Бугскай арміі вызначылі шашу Кобрын – Бяроза-Картузская. 31 жніўня правы фланг арміі замацаваўся на Днепра-Бугскім канале, а левы, з’яднаўшыся з 11-й арміяй, пачаў наступленне. Корпус Коша прабіўся на паўночны захад ад Малеча. Армейская група Войрша пасля захопу Пружан выйшла да Ясельды. На левым флангу ад яго па Белавежскай пушчы ішла Баварская 9-я армія. 1 верасня Макензен паскорыў рух абедзвюх сваіх армій уздоўж шашы Кобрын – Бяроза-Картузская да Ясельды. Адначасова Бугская армія прабівалася да Пінска, каб перашкодзіць эвакуацыі рускіх па чыгунцы. 2 верасня Бескідскі корпус павінен быў рушыць на Бярозу-Картузскую, а галоўнымі сіламі паўднёвей Ясельды ісці на паўднёвы ўсход. Корпус Коша дасягнуў Ясельды каля в. Сялец. Баі 1-2 верасня не мелі асаблівых поспехаў: група армій прынца Баварскага, падраздзяленне Войрша і 9-я армія не змаглі перахапіць ініцыятыву. Упартыя баі разгарнуліся ў раёне вёсак Доўгае і Бортнавічы, дзе наступаў нямецкі 78-ы Ост-Фрызскі пяхотны полк 19-й дывізіі армейскага корпуса Коша.
У той жа час рускія не валодалі поўнай інфармацыяй, знаходжанне праціўніка вызначалі прыкладна. Гэта пацвярджае тэлеграма 31 жніўня 1915 г. генерал-квартмейсцеру Заходняга фронта М. Лебедзеву ад выконваючага абавязкі генерал-квартмейсцера штаба Вярхоўнага Галоўнакамандуючага М. Пуставойценкі: “…Наступаўшыя да Пружан 4 дывізіі былой 4-й аўстрыйскай арміі…, напэўна, пераведзены на іншы накірунак. На Баранавіцкім накірунку праціўнік наступаў на захад ад Косава, застаючыся пасіўным на поўдзень ад Кобрынскай шашы. …47-я германская дывізія … пераведзена на левы фланг 11-й арміі на ўчастку Шкураты – Бялавічы… У тыле знаходзіцца не менш 2 дывізій, а тыя, што лічыліся ў тыле арміі, якія ўваходзілі ў склад 4-га корпуса…, напэўна, пераве-дзены на іншы накірунак… Слонімскі, Баранавіцкі і Пінскі напрамкі, напэўна, у агульным ходзе аперацый атрымліваюць другараднае значэнне”.
Сапраўды першачарговае значэнне ў гэты час набываў Рыжска-Віленскі ўчастак фронта, дзе вяла баі 10-я нямецкая армія, якая, захапіўшы Коўна, 27 жніўня (8 верасня) 1915 г. пачала наступленне на Свянцяны. У верасні 1915 г., знаходзячыся пад пагрозай акружэння, расійскія войскі пакінулі большасць гарадоў Заходняй Беларусі.
Жыццё ў акупацыі
У перыяд акупацыі частка нашага раёна ўваходзіла ў адміністрацыйную адзінку Обер Ост, якую ўзначальвалі нямецкія военачальнікі П. фон Гіндэнбург і Э. фон Людэндорф. Неаднаразова яны наведвалі падуладныя землі, асабліва Белавежскую пушчу. У дакументах апісваецца цікавы факт, які апавядае аб паляванні генерал-фельдмаршала Гіндэнбурга ў студзені 1916 г. Фельдмаршалу ўдалося непрыкметна наблізіцца да вялікага зубра, і ён некаторы час, затаіўшыся ў хмызняку, чакаў зручнага моманту, каб стрэліць. Аднак паляванне не адбылося: звер уцёк, пачуўшы гукі самалёта. Расчараваны фельдмаршал толькі потым даведаўся, што нечаканы самалёт прыляцеў з Пружан, каб зрабіць некалькі кругоў над Белавежай – так падчаленыя вырашылі павітаць свайго начальніка.
Аднак большая частка Пружаншчыны знаходзілася пад юрысдыкцыяй этапнай інспекцыі “Армейскай групы Войрш” і ўваходзіла ў зону адказнасці тылу гэтай групы. Тэрыторыя была аўтаномнай, кіраўніцтва інспекцыі вызначала памеры падаткаў, штрафаў, пабораў. Па падліках даследчыкаў, сума сродкаў, атрыманых ад мясцовага насельніцтва ў 1916 г., склала 426 181 марку, а за 9 месяцаў 1917 года – 602 808 марак.
Этапныя інспекцыі кантралявалі і грамадзянскія сферы. На месцах уладу ажыццяўлялі этапныя камендатуры і аддзелы этапных інспекцый. Гар-нізонную службу неслі падраздзяленні ланд-штурма. У Пружанах у розны час былі: 4-ы (11/24-ы) батальён “Гота”, 11-ы гвардзейскі батальён “Вартэнберг”, батальёны 13-га пяхотнага палка. Летам 1916 г. у групу “Войрш” уваходзілі: 35-я і 47-я рэзервныя пяхотныя дывізіі, брыгада фон Брэдава, ландверны корпус (3-я і 4-я ландверныя дывізіі, 12-ы аўстрыйскі корпус, 16-я і 35-я пяхотныя дывізіі). Этапная інспекцыя “групы Войрш” была на Пружаншчыне да канца 1917 г. Пасля Брэсцкага міру ў сакавіку 1918 г. частку войскаў вывелі. Акупіраваная Беларусь увай-шла ў зону адказнасці 10-й германскай арміі (эвакуіравана ў пачатку 1919 г.).
Трэба адзначыць, што нямецка-аўстрыйскае кіраў-ніцтва не мела планаў поўнасцю падначаліць сабе акупаваныя землі, яно разлічвала выкарыстаць іх у якасці разменнай манеты ў барацьбе з Расіяй. Тым не менш, новыя ўлады актыўна эксплуатавалі прыродныя багацці і людзей, вялі навуковыя даследаванні. Напрыклад, у 1916 г. у Пружанах знаходзіўся нямецкі прафесар Эрліх, які вывучаў мясцовую чорную кераміку і зрабіў высновы аб яе падабенстве са старажытнымі ўсходнепрускімі ўзорамі. З 1915 г. нямецкую адміністрацыю ў Белавежскай пушчы ўзначальваў вядомы германскі лесавод Г. Эшарых. Яго матэрыялы разам з даследаваннямі Е. Бойта, Х. Грубэра, О. Лайтэншлагера, Г. Рорыга, К. Рубнера, А. Райхернова, Ф. Гентле, П. Грэбнера (мал.), Ф. Штайнке, В. Шотлера, Д. Геера былі апублікаваны ў Берліне ў 1917 – 1919 гг. пад назвай “Белавежская пушча пад нямецкім кіраваннем”. У Белавежскай пушчы і пружанскіх ваколіцах даследаванні вёў арнітолаг граф О. фон Зэдліц, які выявіў некалькі новых відаў птушак. У час вайны ў нямецкім часопісе выйшла цікавае даследаванне мураваных помнікаў Заходняй Беларусі, дзе змяшчалася падрабязнае мастацка-архітэктурнае апісанне “Белых лавак”, зробленае Г. Шульцэ (у будучым – галоўны архітэктар г. Франкфурт-на-Одэры). У 1916 г. ў Пружанах і “Пружанскім лагеры” барацьбу з інфекцыйнымі хваробамі вялі сусветна вядомыя вучоныя-ўрачы – Э. фон Шойрлен і Э. Селігман.
Але найперш дзейнасць немцаў на захопленай тэрыторыі была накіравана на забеспячэнне інтарэсаў фронту. На поўнач ад Лінова былі пабудаваны склады для боепрыпасаў і абмун-дзіравання. Для палёгкі работы транспарту па еўрапейскім стандарце была перароблена шырыня чыгункі, пракладзены тры новыя веткі. Зімой 1915-1916 гг. з’явілася 12-кіламетровая вузкакалейка Лінова – Пружаны.
Трэба адзначыць, што з прыходам акупацыйных войскаў эканамічная сітуацыя ў горадзе пагоршылася. Большая частка тавараў і прадуктаў харчавання была канфіскавана новымі ўладамі. Урынскі сцвярджаў: “…У горадзе было многа бедных, якіх падтрымліваў муніцыпалітэт, а ў канцы зімы 1915-1916 г. была адчынена кухня, дзе выдавалі хлеб і суп па талонах. …Хлеб прадавалі па цэнах, якія ўстанавілі новыя ўлады, яны размяркоўвалі муку па 100 грамаў на чалавека ў дзень”.
Мясцовыя жыхары актыўна прыцягваліся да розных відаў работ. У першую чаргу яны выконвалі сельгасработы, аднак з-за малой колькасці насельніцтва (асабліва праваслаўнага) наладзіць у поўным аб’ёме забеспячэнне акупацыйных войскаў харчовымі прадуктамі было немагчыма. Па падліках шэрагу вучоных, насельніцтва Пружанскага павета ў 1914-1915 гг. скарацілася на 51,9%. Многія землі пуставалі. Для іх апрацоўкі немцы стваралі батальёны прымусовай працы. Тыя, хто выконваў абавязкі добраахвотна, атрымлівалі заробак і харчовы паёк. За плату ўлады давалі коней, інвентар і насенне ў абмен на абавязак перадаць частку здабытага на зямлі на патрэбы арміі. Шэраг земляў апрацоўвалі яўрэі і немцы, аб’яднаныя ў брыгады сельгасрабочых – “калоніі”. Землі вёсак Семянча, Шу-бічы і гарадскія палі апрацоўвалі яўрэі. Трэба адзначыць, што некаторыя яўрэі з Пружан былі прымусова пераселены ў пустуючыя вёскі для аднаўлення там гаспадаркі.
Вядома, што ў перыяд акупацыі ў Пружанах былі размешчаны: ваенныя лазарэты № 33 і 2/VI для параненых, шпіталь для ваеннапалонных, правіянцкія калоны, палявая пошта №158, вайсковая аўтакалона, паштовая вайсковая аўтакалона №17, мясны цэх, рамонтныя майтэрні. У горадзе працавалі: электрастанцыя (забяспечвала толькі нямецкія ўстановы), кінатэатр, салдацкі клуб, клуб для немцаў “Ганзейскі двор”. Урынскі пісаў: “…Немцы адчынілі бардэль (у атэлі … на вул. Сялецкай), дзе гандаль прастытуткамі ішоў удзень і ноччу. …У Пружанах было 3 жандары, якія наводзілі жах на насельніцтва. Ім дапамагалі здраднікі. Хабар, крадзеж, спекуляцыя былі распаўсюджаны ў нямецкай арміі. Салдаты прадавалі армейскія матэрыялы, ваенная паліцыя выкрывала іх і ад-бірала пакрадзенае. Па-дзенне нораваў было страшэнным. Дзяўчаты і жанчыны, што мелі “блізкіх сяброў” сярод немцаў, атрымлівалі падарункі і прадукты, якія прадавалі”.
На фоне маральнага па-дзення здзіўляюць наступныя факты. У 1916 г. пружанскі жаночы клуб правёў вечар гумару і літаратурны вечар, які наведалі нямецкія чыноўнікі і камендант Абель – былы берлінскі гандляр (яны нічога не зразумелі з прадстаўленага на сцэне). У 1917-1918 гг. аматарскі калектыў паказаў некалькі п’ес і праграм. Папаўнялася муніцыпальная бібліятэка. У 1917 г. адчынілі дзіцячы садок на 100 дзяцей чатырох-васьмі гадоў з 3-4-дзённым знаходжаннем і двухразовым харчаваннем.
І смерць хадзіла па пятах
Вялікай праблемай для горада ў час акупацыі заставаліся бежанцы. Вядома, што ў Пружанах жыло некалькі тысяч перасяленцаў з Брэста. Скапленне людзей, голад і антысанітарыя выклікалі ў Пружанах некалькі хваляў эпідэмій – спачатку дызентэрыі і халеры, а потым сыпнога тыфу. Для барацьбы з хваробамі немцы стварылі брыгаду ўрачоў і адвялі шэраг будынкаў на вул. Горка, дзе абсталявалі каранцінны лагер (існаваў да 1919 г.). Дзеля лакалізацыі эпідэміі ў горадзе праводзілі дэзінфекцыі: насельніцтва прымушалі мыцца ў лазнях са спецрастворамі. За гігіенай сачылі санітары, якія апрацоўвалі жытло і рэчы.
Але эпідэмія распаўсю-дзілася. Пазней у каранцін уключылі вул. Хватка. Паміралі і ваеннапалонныя, што пацвярждаюць пахаванні ў Пружанах. На надмагіллях указаны даты смерці з лістапада 1915 г. па сакавік 1918 г., калі баявыя дзеянні на нашай зямлі не вяліся. Буйныя пахаванні часоў вайны ёсть таксама ў в. Слабудка, г.п. Ружаны і інш.
Для сваіх патрэб немцы выкарыстоўвалі аб’екты, якія застался ад расійскай арміі. Так, у былым “Міхайлаўскім штабе”, які атрымаў назву “Пружанскі лагер” (Pruzana-Lager) змясціўся ваенны вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы асабовага складу “Армейскай групы Войрш”, які ўключаў 5 вучэбных пяхотных батальёнаў (2 нямецкія і 3 аўстрыйскія), афіцэрскую школу, кулямётныя курсы, інжынерна-сапёрную школу. У “Пружанскім лагеры” знаходзіліся: палігон для вучэбных стрэльбаў, аўстрыйскі ваенны інфекцыйны шпіталь, бетонны бункер. У сядзібе Чахец дзейнічала мінамётная школа.
У горадзе, “Пружанскім лагеры” і Лінове працавалі лесапілкі. Менавіта праз чыгуначную станцыю ажыццяўляўся вываз драўніны ў Германію і на фронт. Паводле ўспамінаў вязня “Пружанскага лагера” П. Марапульца, на станцыі было шмат “пабудоў, на якіх пад канвоем працавалі арыштаваныя і палонныя”. Акрамя прымусовай працы на лесапілках, немцы выкарыстоўвалі вольнанаёмнікаў з Пружан, Малеча, Бярозы і інш. Але найбольш лесаперапрацоўчых прадпрыемстваў было ў Белавежскай пушчы, якую акупацыйныя ўлады актыўна эксплуатавалі. На яе тэрыторыі дзейнічалі 4 лесапільныя заводы, 14 піларам, 3 вытворчасці па здабычы сухаперагоннага шкіпінару і дрэўнай смалы, 7 лагераў для ваеннапалонных і 1 працоўны лагер для грамадзянскага насельніцтва, 1 вагонабудаўнічая вытворчасць. У 1918 г. у “Пружанскім лагеры” існаваў лагер для ваеннапалонных і асоб, абвінавачаных у антыгерманскай і рэвалюцыйнай дзейнасці, дзе ўтрым-лівалася каля 400 зняволеных.
Пасля падпісання Брэсцкага міру тэрыторыя Заходняй Беларусі засталася ў зоне нямецкай акупацыі. Паводле пагаднення Пружаны лічыліся ўкраінскім горадам. Землі на поўнач ад былога павятовага цэнтра перайшлі Літве.
Г. Урынскі ў мемуарах “Пружанская рэспубліка” пісаў: “…У лістападзе 1918 г. у Пружаны прыйшла навіна аб рэвалюцыі ў Берліне. Для немцаў гэта было шокам, але супрацьстаяння паміж салдатамі і афіцэрамі, адмовы выконваць загады не было. У Пружанах быў створаны салдацкі камітэт, які аб’явіў сябе ўладай у горадзе, дзе заставаўся прызначаны раней камендант. У канцы снежня 1918 г. нямецкае кіраўніцтва аб’явіла аб эвакуацыі і запатрабавала ў гараджан выплаціць кампенсацыю за ўстаноўку электрастанцыі. Мясцовыя ўлады сабралі некаторую суму, частку сродкаў унёс машыніст станцыі, які працягнуў на ёй працаваць у якасці ўладальніка”.
Апельбаўм сцвярджаў: “…Да свята Пурым у 1919 г. (канец лютага – пачатак сакавіка) апошні цягнік з немцамі пакінуў станцыю Лінова. Перад ад’ездам немцы ўзарвалі склады з боепрыпасамі. Узрывы працягва-ліся некалькі дзён. У гэты час атрад вершнікаў прыбыў у Малеч з Пружан. Вершнікі былі апрануты ў нямецкую, аўстрыйскую і расійскую форму. Яны называлі сябе польскімі легіянерамі і паказвалі белых арлоў на фуражках – адзіны доказ вернасці Польшчы”.
Гэтым атрадам, магчыма, камандаваў Е. Дамброўскі. Рухаючыся ад Слоніма праз Ружаны, ён 31 студзеня 1919 г. увайшоў у Пружаны і аб’явіў горад польскім. Апельбаўм пісаў: “…У тую ж ноч з Кобрына на станцыю Лінова прыехала больш дзясятка ўкраінскіх салдат. Яны хацелі знішчыць у Пружанах яўрэяў і “здраднікаў”. Даведаўшыся, што ў гора-дзе палякі, украінцы павярнулі назад”.
Усе гэтыя падзеі, якія адбываліся ў канцы першай сусветнай вайны, на самой справе сталі пачаткам далейшых катастроф, якія завяршыліся ў 1921 г. уключэннем тэрыторыі Заходняй Беларусі ў склад Польшчы.
Такім чынам, Першая сусветная вайна, якая прынесла на Пружаншчыну разбурэнні, дэзарганізацыю гаспадарчага жыцця і дэмаграфічныя праблемы, стала своеасаблівай пачатковай кропкай для падзей, што прадвызначылі барацьбу нацыянальных інтарэсаў сярод маладых дзяржаў Усходняй Еўропы, хавала ў сабе пагрозу новай вайны.
Уладзімір Дадзіёмаў, Сяргей Рабчук.
Апрацоўка і пераклад на беларускую мову Наталлі Пракаповіч.
Фота з фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык” і архіву рэдакцыі.
На здымках: Пружаны, нямецкі ваенны паштовы аўтапарк (1916-1917); шпіталь Чырвонага Крыжа ў Пружанах 1918; Шарашова. Маслабойка, дзе разам працавалі мясцовыя жыхары і нямецкія салдаты; вул. Калонія 1917.