Мінулая пятніца стала знамянальнай для сельскіх працаўнікоў Пружаншчыны. Менавіта ў гэты дзень земляробы нашага раёна першымі ў вобласці і другімі ў рэспубліцы намалацілі 100 тысяч тон збожжа новага ўраджаю.
Валавы збор у 100 тысяч тон збожжа азначае, што на аднаго жыхара нашага раёна атрымана яго па 2 тоны. Каб перавесці такі аб’ём зерня па чыгунцы, спатрэбіцца каля 1600 вагонаў.
Вядома, што за гэтымі лічбамі стаіць карпатлівая і нялёгкая праца кіраўнікоў, механізатараў і агранамічных службаў гаспадарак. Сёлетні год быў не зусім удалым для земляробаў і ніва не такая шчодрая, як летась. І тым не менш, у ААТ «Жураўлінае» і «Ружаны-Агра» атрымана звыш 15 тысяч тон збожжа, у ААТ «Вялікасельскае Агра» і «Айчына» — звыш 10 тысяч тон.
Звыш 50 цэнтнераў зерня з аднаго гектара намалочваюць працаўнікі ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына». Неблагі ўраджай вырас на палетках ААТ «Жураўлінае», «Агра-Калядзічы», «Мурава», «Айчына».
Не можа не радаваць тая стабільнасць, якая дасягнута на збожжавай ніве ў апошнія гады. Гэта было б немагчыма без абнаўлення камбайнавых паркаў і сушыльных гаспадарак, укаранення новых тэхналогій. Цяпер ёсць магчымасць убраць увесь вырашчаны ўраджай збожжавых на працягу двух тыдняў і своечасова яго дапрацаваць.
Урачыстасці з нагоды намалоту 100 тысяч тон збожжа праходзілі на адным з палеткаў ААТ «Айчына». У шарэнгу выстраіліся камбайны і аўтамабілі. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах уручылі хлебныя караваі экіпажам камбайнаў, а таксама намесніку старшыні аблвыканкама В.Я.Сакоўскаму і старшыні райвыканкама М.М.Серкову. Яны з нагоды знамянальнай падзеі звярнуліся са словамі віншавання, падзякавалі ўдзельнікам жніва за іх нялёгкую працу. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу С.С.Лаўрыновіч уручыў лепшым экіпажам і вадзіцелям ААТ «Айчына» падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчавання аблвыканкама і галіновага абкама прафсаюза.
Свае песні падарыў ўдзельнікам урачыстасці народны калектыў «Вербніца» гарадскога Палаца культуры.
На здымках:
С.С.Лаўрыновіч уручае ўзнагароду вадзіцелю С.А.Цімошыку.
Маладзёжны экіпаж камбайна «КЗС-1218» у складзе Дзмітрыя Калешкі і Уладзіміра Пракаева.
Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах павязалі стужкі і ўручылі караваі намесніку старшыні аблвыканкама В.Я.Сакоўскаму і старшыні райвыканкама М.М.Серкову.
Наша даведка:
Упершыню 100-тысячны вынік быў дасягнуты на Пружаншчыне ў 1977 годзе. У 1987 годзе валавы збор збожжа ў нашых гаспадарках склаў 137 тысяч тон. А самы пакуль ураджайны год — мінулы, калі было сабрана 142 тысячы тон збожжа. Для параўнання: у 1970 годзе атрымана было 57 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 15,8 цэнтнера з гектара.
Паводле абласной зводкі
Па дадзеных аблсельгасхарчу, у вобласці па стану на 13 жніўня было ўбрана 95,6% плошчаў. Сярод раёнаў, якія ідуць наперадзе па колькасці ўбраных плошчаў, — Брэсцкі, Бярозаўскі, Жабінкаўскі і Маларыцкі.
Сярод перадавікоў абласнога спаборніцтва — нашы машыністы зернесушыльных комплексаў Павел Аляксандравіч Каненя з ААТ «Ружаны-Агра» і Аляксандр Генадзьевіч КРАЦ з ААТ «Айчына». Пакуль у іх — лепшыя вынікі ў вобласці.
П.А.Каненя таксама вызначыўся і на ўзроўні рэспублікі.