«Раёнка» паведамляла, што на скрыжаванні вуліц Інтэрнацыянальнай і Кастрычніцкай узводзіцца супермаркет, работы вядзе ТАА «Прыгарадбудінвест». А што гэта за фірма і які магазін там будзе?
Вольга Кавальчук, г.Пружаны. Адказвае намеснік па будаўніцтве дырэктара ТАА «Прыгарадбудінвест» А.Г.Тарасевіч:
— Наша таварыства знаходзіцца ў сталіцы і ўваходзіць у групу кампаній «НВВ». Мы займаемся будаўніцтвам пад заказ. За сваю дзейнасць у 2009 годзе атрымалі ўзнагароду ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дагэтуль у асноўным узводзілі жылыя шматкватэрныя дамы, але сёлета паспрабавалі сябе на будаўніцтве гандлёвых аб’ектаў.
На скрыжаванні вуліц Інтэрнацыянальнай і Кастрычніцкай у Пружанах узводзім гандлёва-грамадскі цэнтр, памяшканні ў якім будуць аддадзены ў арэнду гандлёваму аператару — вядомай у рэспубліцы гандлёвай кампаніі. Відавочна, што ў сувязі з высокай канкурэнцыяй ў гэтым мікрараёне кампанія будзе рабіць эксклюзіўныя прапановы для прыцягнення пакупнікоў. Акрамя таго, там плануецца размяшчэнне пякарні, гарачага і мяснога цэхаў.
Агульная плошча будынка паўтары тысячы квадратных метраў, дзве трэці з якой мае гандлёвае прызначэнне. Каркас збіраецца з сэндвіч-панэляў.
Знешнім выглядам збудаванне будзе нагадваць буйныя гандлёвыя цэнтры Брэста, але фасад будзе мець больш шкляных вітражоў. Думаю, будынак маляўніча ўпішацца ў новабудоўлі мікрараёна «Паўночны». Вакол запланаваны стаяначныя і парковачныя месцы, пешаходныя тратуары і зялёныя зоны.
Мяркуемы тэрмін будаўніцтва — дзесяць месяцаў.