Воскресенье, 13 октября 2024

Заслужить 100 лет у Бога. Ружанская долгожительница поделилась секретом

1 204

Хаця гаварыць пра ўзрост жанчыны не прынята, але ў гэтым выпадку можна і нават неабходна:   14 студзеня Домна Васільеўна Густыр адзначыла векавы юбілей.

Варта адзначыць, жыццёвы шлях, які прывёў гэтую жанчыну ўрэшце да сотага дня нараджэння, аказаўся нялёгкім.IMG_5172

— Нарадзілася я ў беднай сялянскай сям’і, — пачынае сваю біяграфію Домна Васільеўна. — Хаця ў дакументах і значыцца іншае месца, на самой справе я з’явілася на свет у Казані: падчас Першай сусветнай бацькі вымушаны былі шукаць сховішча на чужыне.

На малую радзіму, у Калазубы, сям’я вярнулася няпоўным саставам: з семярых дзяцей выжылі толькі чацвёра. Не паспелі маці з татам азірнуцца, як ужо і самая малодшанькая Домна вырасла і выляцела з бацькоўскага гняздзечка. Бавіўшы доўгія зімнія вечары ў коле моладзі, дзяўчына прыглянулася хлопцу з суседняй вёскі Астравок. Добры, працавіты Антон таксама спадабаўся ёй. Так і згулялі вяселле, а неўзабаве сям’я павялічылася — нарадзілася дачушка Соф’я.

Ціхае сямейнае шчасце парушыла вайна. Летам 1944-га, калі фашысцкія захопнікі адступалі, Антона Мікалаевіча прызвалі ў армію. Баец самааддана змагаўся за доўгачаканую перамогу, але так і не дажыў да яе: у пахаванцы, якую атрымала сям’я, значылася, што восьмага сакавіка 1945 года ён загінуў. Жаночае сэрца Домны Васільеўны больш не адкрылася для цёплых пачуццяў: яна палічыла, што парушыць абяцанне аб вернасці, дадзенае падчас шлюбу перад Богам, — грэх.

Удаве трэба было неяк ладзіць жыццё, падымаць на ногі дачку. Каб ісці працаваць у калгас, трэба было з кімсьці пакідаць дзіця. Таму жанчына вырашыла пераехаць у Ружаны, дзе пазней атрымала невялічкую кватэру ў сядзібным доме. Як старанную працаўніцу, Д.В.Густыр запомнілі на хлебапякарні.

З нейкай асаблівай настальгіяй былы хлебапёк успамінае пра гады сваёй работы:

— Спачатку пякарня знаходзілася на вуліцы Камсамольскай. Ох, і нялёгкая была работа! Цеста мясілі рукамі ў вялікіх драўляных дзежах, самі разгружалі машыны з мукой — мяшкі па 65 кілаграмаў былі… Пазней, калі стварылі вытворча-харчовы завод, не толькі хлеб пяклі, яшчэ бульбу перабіралі, цыбулю, моркву скрэблі.

 

…Як дажыць да ста гадоў? На гэтае пытанне Домна Васільеўна толькі пацепвае плячыма:

— Напэўна, трэба заслужыць у Бога. Для гэтага не варта падманваць, красці, крыўдзіць — словам, не адступацца ад Усявышняга. Канешне, спазнаўшы голад падчас вайны, запэўніваю: не варта дзеля нейкіх матэрыяльных выгод эканоміць на ежы. А яшчэ не трэба сядзець склаўшы рукі: рух — гэта жыццё.

Дарэчы, сваёй апошняй парады яна прытрымліваецца і ў стагадовым узросце: хаця жыве з дачкой, стараецца абыходзіцца без старонняй дапамогі. Дарэчы, чытае яна таксама самастойна і без акуляраў.

Вось такі сакрэт доўгажыхарства ў жыхаркі Ружан.

 

На здымку: Домна Васільеўна Густыр з дачкой Соф‘яй Антонаўнай.

Марына Вакульская, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *