У Пружанах з’явілася яшчэ адно прадпрыемства сучаснага еўрапейскага тыпу. Размясцілася яно ў памяшканні былой сталоўкі завода радыёдэталей, якое ў апошнія тры гады не выкарыстоўвалася. У мінулы аўторак адбыўся пуск лініі па вытворчасці кансерваў з агародніны ў ТАА «БелОвощМикс».Заснавальнік прадпрыемства заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі Сяргей Саідаў сам распрацаваў праект вытворчага памяшкання і арыгінальную тэхналогію кансервавання. Выраб кансерваў будзе весціся без заліўкі, таксама не будуць выкарыстоўвацца ні соль, ні цукар, ні кансерванты, ні генетычна мадыфікаваныя арганізмы.
Як расказаў Сяргей Мілікулевіч, ён вёў перамовы аб адкрыцці падобнага прадпрыемства і ў іншых гарадах вобласці. Але агульную мову з мясцовай адмі-ністрацыяй інвестары знайшлі толькі ў Пружанах: тут хутка вырашылася пытанне з выдзяленнем памяшкання і атрыманнем грашовай пазыкі на стварэнне новых рабочых месцаў. Не было асаблівых праблем і з набыццём будаўнічых матэрыялаў для рэканструкцыі.
Пакуль на прадпрыемстве пачалі выпускаць толькі кансервы з агародніны. Напрыклад, сталовыя буракі і набор для прыгатавання салаты «аліўе». Але ў перспектыве плануюць асвоіць і выпуск мясных кансерваў. Як сказаў старшыня райвыканкама А.І.Юркевіч, які прысутнічаў пры пуску лініі, усё неабходнае для пашырэння асартыменту выпускаемай прадукцыі можна знайсці ў раёне. А падобнае прадпрыемства будзе выгадным для эканомікі нашага раёна.
ТАА «БелОвощМикс» — экспартаарыентаванае прадпрыемства. Яго прадукцыя будзе адпраўляцца ў асноўным у Расію. У прыватнасці, ужо ёсць дамоўленасць на пастаўку кансерваў у Санкт-Пецярбург і Яраслаўль. Але пружанцы змогуць яе паспытаць таксама: кансервы гэтага вытворцы з’явяцца і ў мясцовых магазінах.
Пакуль на прадпрыемстве працуе 57 чалавек. Але ўжо ў канцы жніўня колькасць працуючых павінна павялічыцца прыкладна ў тры разы і прадпрыемства пяройдзе на кругласутачны рэжым работы.
На здымках: старшыня райвыканкама А.І.Юркевіч гутарыць з заснавальнікам прадпрыемства С.М.Саідавым; цэх «БелОвощМикса» стэрыльнасцю падобны на медустанову ці лабараторыю, але гэта — апрацоўка буракоў.