Брастаўчанін Сяргей і мінчанка Анастасія сваю пяцімесячную дачку Мілену называюць сапраўднай вясковай жыхаркай. Гэтыя, некалі выключна гарадскія жыхары, раптам сталі вясковымі, карэнным чынам памяняўшы свой лад жыцця.
Цяпер іх пастаянным месцам жыхарства з’яўляецца вёска Залессе. Тут нарадзілася іх Мілена. А трохгадовы Себасцьян, які паспеў пажыць у сталіцы, лёгка “прыжыўся” ў калектыве вясковай дзятвы ў Кляпацкім дзіцячым садку, які наведвае.
…У печцы патрэскваюць дровы. Сярод пакоя вісіць плеценая з лазы калыска. Цешыць вока ярка-жоўтым колерам экзатычная памэла ў кошыку з садавінай. А за размаляваным марознымі ўзорамі акном у шыкоўнай кармушцы правяць вяселле сініцы і вераб’і. Ад гэтага ў доме вядомага на Пружаншчыне знаўцы экатурызму і арніталогіі Сяргея Сідарука здаецца яшчэ ўтульней.
—Вы тут, бо закаханым рай і ў шалашы? – нясціпла пачынаю гутарку я.
— Тут больш крута, — усміхаецца Насця. – З улікам тэрыторыі — свабода проста неабмежаваная. Дзеці, не тое, што ў гарадской кватэры, і крычаць, і тупацець тут удосталь могуць. Захацелася ўстроіць канцэрт з барабанамі – калі ласка. А прырода навокал – сапраўдны райскі куточак. Залессем я замілоўвалася заўсёды, а вось перазімаваць тут адважылася ўпершыню. І цяпер зімы мы не баімся!
Мінчанка прызнаецца, што самым складаным было навучыцца распальваць у печы. А цяпер у печы яна нават суп варыць. Жанчына, якой у адрозненне ад многіх з нас, не давялося бываць у вёсцы нават у дзяцінстве, цяпер вывучае вясковы лад жыцця. А лепшымі сваімі дарадчыкамі лічыць бабулю Маню і бабулю Валю – адзіных, застаўшыхся тут карэнных жыхарак.
—Мы ўсё робім, як яны, — кажа маладая гаспадыня. – Летам першы раз у жыцці нават памідоры вырасцілі, ды яшчэ якія цудоўныя!
Вывучэнне прыроды, экатурыстычная дзейнасць, якой займаецца ў Залессі Сяргей Сідарук, і прымусіла пару пасяліцца на ўлонні прыроды. Сяргей лічыць, што працэс урбанізацыі паступова выцесніў жыхароў вёскі ў горад. І калі беларусы яшчэ не адчулі шкоду ад гэтага, еўрапейцы пачалі ўжо выпраўляць падобную памылку. Горад, на яго думку, — месца для работы, а сапраўднае жыццё менавіта ў вёсцы.
Хаця для таго, каб зарабляць, галаве сям’і ў горад таксама ехаць не даводзіцца. Былы работнік універсітэта жыве тым, што займаецца экатурызмам і праводзіць разнастайныя арніталагічныя мерапрыемствы. Так званыя “Савіныя фэсты”, якія ладзіць ён у Залессі, вядомы ўжо далёка за межамі нашай краіны. А ў мінулым годзе пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Беларусі выдаў турыстычны даведнік для суб’ектаў агра-экатурызму, які расказвае пра адметныя мясціны ўздоўж дарогі вакол Белавежскай пушчы.
Знайшла прымяненне сваім здольнасцям і Насця, якая ў Мінску займалася музычна-педагагічнай дзейнасцю са студэнцкай моладзю. Захапляючыся этнічнай музыкай, яна хутка выкарыстала такую каштоўную крыніцу фальклору, як залескія бабулькі. Запісала ў іх народныя песні, зрабіла сучасную апрацоўку і нават паспела выступіць да нараджэння Мілены. Яе выкананне ў складзе вядомай беларускай групы “Kriwi” ў Берліне нямецкая публіка сустрэла на “ўра!”.
А ў перапынках паміж прыемнай дзейнасцю, якая і з’яўляецца работай, былыя гарадскія жыхары выкарыстоўваюць кожную хвіліну, каб быць бліжэй да прыроды. Нядаўна ўсёй сям’ёй яны сталі на лыжы. Не адставаў ад дарослых нават трохгадовы Себасцьян, за якім уважліва назірала з рукзака за плячыма ў таты пяцімесячная сястрычка.
Галіна Каляда, фота аўтара.