У традыцыйных ваенна-патрыятычных спаборніцтвах «Арляня» сёлета прынялі ўдзел дзевяць каманд з вучняў 9-11 класаў: сваіх кандыдатаў на атрыманне звання самых спрытных, вясёлых і трапных накіравалі ўсе гарадскія школы, а таксама Навасёлкаўская, Мураўская, Слабадская, Параслянская і Кляпацкая СШ. Падтрымку ў правядзенні мерапрыемства аказвалі члены маладзёжнага атрада «Беркут».
Месцам правядзення традыцыйна стала пляцоўка раённага цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму і краязнаўства ў Рудніках. Як адзначылі ўдзельнікі гульні, гэта была выдатная магчымасць скінуць напружанне навучальнага года перад надыходзячымі экзаменамі. Аднак іх чакаў не толькі адпачынак на прыродзе, але і шматлікія выпрабаванні. Па-першае, неабходна было паказаць свае ўменні па арганізацыі турыстычнага быту — добраўпарадкаванні свайго лагера, прыгатаванні ежы і гэтак далей. Потым каманды дэманстравалі хатнія загатоўкі: расказвалі пра сябе, выконвалі патрыятычныя песні, паказвалі плакаты.
Падчас сілавых спаборніцтваў «арляняты» ўдзельнічалі ў страявой і фізічнай падрыхтоўцы, стральбе з пнеўматычных вінтовак, пажарнай эстафеце з баявым разгортваннем і паказвалі веды медыцынскага характару. Па кожным відзе падводзіліся прамежкавыя вынікі. Па сваіх месцах расставіла ўдзельнікаў канчатковае меркаванне журы: пераможцамі прызнаны школьнікі з Параслянскай СШ. Другое і трэцяе месца паміж сабой падзялілі каманды з Клепачоў і СШ №5.
Усе атрымалі каштоўныя падарункі і граматы ад арганізатараў «Арляня 2015» — аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, ДТСААФ і райкама БРСМ.
Алег СІДАРЭНКА, фота Сяргей ТАЛАШКЕВІЧА і Валерыя ГАРАХАВІЦКАГА (фота).