Пятница, 14 февраля 2025

Забытая гісторыя Слабудкі-3: Кашары

12 740

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Беларусь стала своеасаблівай “разменнай картай” паміж Савецкай Расіяй, прэтэндаваўшай на землі ранейшай імперыі, і адроджанай Польшчай, якая марыла аб аднаўленні межаў Рэчы Паспалітай. Тэрыторыя Пружаншчыны апынулася ў цэнтры гэтых падзей.

Дакладна не вядома, колькі часу і якія часці знаходзіліся ў ваенным гарадку на рубяжы 1910-1920-х гг. Яго маглі выкарыстоўваць у якасці базы для пастою як бальшавікі, так і палякі ў перыяд савецка-польскай вайны. Вядома, што са студзеня 1919 г. да канца ліпеня 1920 г. наш рэгіён быў заняты войскамі Польшчы, а 27 ліпеня – 19 верасня 1920 г. тут дзейнічала савецкая ўлада. Пасля вайны, паводле Рыжскай мірнай дамовы 1921 г., Пружаншчына адышла да Польшчы.1. жилой дом

На “крэсах усходніх” неабходна было арганізоўваць жыццё і ўмацоўваць пазіцыі новай улады. Для гэтага сталі будавацца і выкарыстоўвацца ранейшыя ваенныя базы. 15 чэрвеня 1921 г. на месцы “Міхайлаўскага штаба” быў раскватараваны 20-ы полк палявой артылерыі. Гэту дату трэба лічыць пачаткам “польскага перыяду” ў гісторыі ваеннага гарадка, які сталі называць “Пружанскі гарнізон”, “Казармы імя Рамуальда Траўгута” (5 лістапада 1930 г. у гарнізоне паставілі помнік герою паўстання 1863 г.), “Артылерыйскія казармы” (Koszary artylle-ryjskie) ці “Кашары”.

Спадчына, якая дасталася артылерыстам пасля войнаў і бязладдзя, была гнятлівай. Выгляд Кашараў яскрава апісаў М.Грэйм – кіраўнік брэсцкай будаўнічай фірмы, якая праводзіла рамонтныя работы ў гарнізоне ў 1923-1925 гг. і аднавіла 46 будынкаў: “Акрамя сценаў,  нічога не было. Падлога  і столь пайшлі на распал, не кажучы ўжо аб дзвярах і вокнах. Нават дахі былі параскраданы”.2. пастроаенне 25 уланскага полу

Цяжкі стан гарадка пацвярджае невядомы аўтар у часопісе 1928 г., дзе расказвалася аб жыцці 25-га палка ўланаў вялікапольскіх, пераведзеных у Кашары ў снежні 1924 г.: “25-ы полк уланаў быў пераведзены ў гарнізон Пружана, дзе павінен быў размясціцца ў старых расійскіх артылерыйскіх казармах. Радасць, якая ахапіла полк з нагоды доўгачаканага вяртання да цывілізаванага жыцця, знікла, калі мы ўбачылі гаротны стан казарменных будынкаў, аднак  без заломвання рук і пустых скаргаў усе ўзяліся за работу па прывядзенні ў парадак будынкаў і ўладкавання казармаў у цэлым”.

Аддаленасць гарнізона ад вялікіх гарадоў, складаныя бытавыя ўмовы сфарміравалі пэўную грамадскую думку і не спрыялі жаданню служыць у Кашарах. Тыя, каго накіроўвалі ў гарнізон, лічылі гэта высылкай “ чорт ведае куды”.

Тым не менш, у Кашарах з сярэдзіны 1920-х гг. размясціліся дзве баявыя адзінкі. Кожная з іх мела сваю адміністрацыйную тэрыторыю. Паўночную частку гарнізона займаў 20-ы полк палявой артылерыі, а паўднёвую – 25-ы ўланскі полк, асабовы састаў якога размяшчаўся ў трохпавярховай цаглянай казарме. Па першым часе ўланы, акрамя вайсковых, выконвалі і паліцэйскія функцыі (потым перададзены спецыяльным органам) па прадухіленні антыпольскіх выступленняў і партызаншчыны.3. Саюз вайсковай моладзі

Да канца 1920-х гг., дзякуючы намаганням ваенных і мясцовых жыхароў, выгляд Кашараў змяніўся. Гарнізон упрыгожылі бэз і кветнікі. На пустках былі пасаджаны гароды, з’явіліся палоскі аўса.  Тэрыторыя гарадка па знешнім  перыметры была абнесена двухмятровым драўляным плотам.

Ва ўланскай часці дзейнічалі  два казіно (зборы) – афіцэрскае і падафіцэрскае, ваенна-гандлёвы кааператыў, чытальні, салдацкія пакоі для адпачынку, спартыўныя пляцоўкі, паласа перашкод, тэнісны корт. У Кашарах хадзіла свая “валюта” – металічныя боны,  якія прымаліся ў крамах і казіно.

У гарнізоне працаваў медпункт з невялікім стацыянарам, пякарня, лазня з басейнам і пральня, электрастанцыя і кінатэатр. У 1928 г. у Кашарах адкрыліся паштовае і тэлефоннае аддзяленні (раней існавала толькі ваенная сувязь). Праз гарадок праходзіла вузкакалейка Пружаны – Аранчыцы, па якой рэгулярна хадзіў цягнік. Прыпынак знаходзіўся каля аднаго з жылых дамоў і меў выгляд  альтанкі.4. 20 артполк

Адначасова з гарнізонам развівалася невялікая вёска Слабудка (Кашарка), якая прымыкала да яго з паўночнага боку. Яна пачала адраджацца ў 1920-х гг., калі дахаты сталі вяртацца бежанцы і салдаты, – тыя, хто ацалеў у пажарышчы першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Людзі адбудоўвалі хаты, з’яўляліся новыя жыхары, нават адчынілася фотаатэлье. На карце 1930 г. у Слабудцы пазначана 20 двароў.

Многія жыхары працавалі ў гарнізоне, былі звязаны з вайскоўцамі дзелавымі, роднаснымі і сяброўскімі адносінамі. У дакументах 1930-х гг. сустракаюцца імёны слабудчан, якія вялі сельскую гаспадарку, займаліся рамёствамі і гандлем, – Філаненкі, Маслоўскія, Чатырбокі.

У ваколіцах гарнізона і Слабудкі размяшчаліся хутары і асады (зямля перасяленцаў з Польшчы), якія таксама былі цесна звязаны з Кашарамі. Многія мясцовыя жыхары праходзілі ў гарнізоне вайсковую службу. Прозвішчы некаторых вайскоўцаў данеслі да нас сцены старых будынкаў, на якіх яны былі выдрапаны ў свой час на польскай мове: Ян Сталярчук, Міхал Сахарук, Ал. Астроўскі, Вл. Альшэўскі, Антончык, Малышка, Ратыньскі, Бобель, Адамус, Корган, Савіцкі, Пухальскі, Данільчук, Матвейчук, Кот і інш.5. стахлевскій

Такім чынам, уладкаванне ваенных адбывалася адначасова са зменамі ў жыцці мясцовых жыхароў. Яно тычылася не толькі быту і гаспадаркі, але і іншых бакоў жыцця. Так, для дзяцей да сямі год была адчынена выхаваўчая ўстанова. Працавала школа з двухгадовым тэрмінам навучання, а потым з’явілася шасцігодка. Дзеці з Кашараў маглі вучыцца ў Пружанскай гімназіі імя А.Міцкевіча. Для іх быў арганізаваны падвоз. У гарнізоннай школе вучыліся не толькі дзеці ваенных, але і сялян. Доўгі час класы размяшчаліся ў адной з казармаў 20-га артпалка, а ў 1939 г. з’явіўся асобны школьны будынак.

Безумоўна, суседства з Кашарамі аказвала ўплыў на мясцовае асяроддзе. Акрамя таго, што слабудскія дзеці наведвалі гарнізонную школу, а іх бацькі працавалі ў ваенным гарадку, існавала культурна-асветніцкае і маральна-выхаваўчае ўздзеянне. Моладзь арганізоўвала аматарскія аркестры, тэатральныя і спеўныя калектывы (у тым ліку з беларускамоўным рэпертуарам). У 1935 г. у Слабудцы існавала аддзяленне Саюза вайсковай моладзі (“Kolo Mlodziezy Wojskowej”).6. костел в слобудке 1930-е. фото блазинскиого 1

Асобна трэба спыніцца на гісторыі 20-га артылерыйскага полка. На яго тэрыторыі таксама існавалі казіно і ваенна-гандлёвы кааператыў, бібліятэкі і спартпляцоўкі. Для вучэнняў былі абсталяваны капаніры, у якіх стаялі гарматы. Заняткі ў працівагазах праводзіліся ў будынку каля складаў 25-га палка і ваенных могілак. Два стрэльбішчы знаходзіліся  ў падлеску. На базе палка дзейнічала школа сувязі (“Szkola Lacznosci”).

Артылерысты на фоне ўланаў выглядалі не так бліскуча і рамантычна, але ў справе вывучкі ім не саступалі. У палку звярталі ўвагу на верхавую язду і фізічную падрыхтоўку, дзеля чаго быў уладкаваны іпадром. Пружанскія артылерысты часта ўдзельнічалі ў вучэннях і конкурсах. Так, на конных спаборніцтвах падафіцэраў  артылерыі 24-25 чэрвеня 1937 г. у Брэсце другое месца ў валоданні халоднай зброяй заняў падафіцэр 20-га артпалка Андрэй Малыха і атрымаў прыз – наручны гадзіннік. Ён жа стаў першым на скачках з перашкодамі, атрымаўшы крыштальны кубак.7. надпіс на польск. мове на сцяне.19 мая 2012г 083

У вучэбна-баявой інфраструктуры Кашараў вылучаўся вялікі палігон – роўнае поле плошчай 40 гектараў. На ім праходзілі манёўры і пастраенні абодвух палкоў. Палігон таксама выконваў ролю ўзлетна-пасадачнай паласы. Па ўспамінах відавочцаў, у адзін са святочных дзён на гэтым полі былі арганізаваны забаўляльныя палёты для мясцовых дзяцей.

На працягу ўсяго  “польскага перыяду” ў Кашарах вялося будаўніцтва.

У сярэдзіне 1930-х гг. у гарнізоне з’явіліся 2 новыя жылыя дамы для сем’яў ваенных, так званыя дамы ФКВ (FKW-“Fundusz Kwaterunku Wojskowego”), адзін з іх – з цэглы мясцовай вытворчасці. Пружанскія будматэрыялы таксама выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні стайняў 3-га эскадрона 25-га палка. Цікавай з’яўлялася казарма 25-га палка ўланаў (былая казарма 38-й артылерыйскай брыгады), пабудаваная з абпаленай цэглы. У “польскі перыяд” яна была накрыта бляхай, а падлога зроблена з  паркету.

У будынку з’явіліся туалеты і рукамыйнікі з пліткавым пакрыццём ітaльянскай фірмы “Dol”. На першым паверсе каля ўваходу знаходзіліся пошта і цырульня. Там жа – харчовы склад ваеннага кааператыву, майстэрні, дзе працавалі наёмныя рамеснікі, і гаспадарчы эскадрон. Два верхнія паверхі займалі 4 лінейныя эскадроны. Каля казармы была кузня.

Са свідравіны паблізу ад салдацкага клуба (“святліцы”) помпай з конскім прывадам ваду пераганялі ў рэзервуар на гарышчы казармы. Самацёкам вада паступала ў будынкі роты сувязі і кулямётнага эскадрона, “святліцу”, лазню, пральню, стайні і да дома ФКВ.8. Слобудка. Самодеятельный оркестр .1920-е годы.

Казармы 20-га палка артылерыі ўяўлялі сабой аднапавярховыя драўляныя будынкі на цагляным фундаменце са “зручнасцямі” на вуліцы.   Нягледзячы на поспехі ва ўладкаванні гарнізона, бытавыя ўмовы пакідалі жадаць лепшага. Жылыя памяшканні і казармы, за выключэннем двух дамоў ФКВ з камфортнымі ўмовамі, былі пабудовы канца ХІХ ст. Дамы мелі апорную канструкцыю з цэглы ў выглядзе слупоў, паміж якімі існавалі прыбудовы з бярвення, абшытыя дошкамі і пафарбаваныя ў бронзавы колер. Унутры памяшканні былі атынкаваныя. У кожным доме размяшчаліся па 4 трохпакаёвыя кватэры: 2 пакоі былі вялікімі, меліся пярэдняя, кухня, прымітыўны туалет і камора. Водаправода не існавала, вада падавалася з калодзежаў з дапамогай ручных помпаў. Жылыя пакоі ацяпляліся кафельнымі печкамі. Каб быць у цяпле зімой, гаспадары загадзя заяўлялі ў кватэрную службу і аплочвалі падвоз вугалю, які грузчыкі складвалі ў склепы пад дамамі. У цагляным доме было                     8 двухпакаёвых кватэр з кухнямі, дзе жылі нежанатыя афіцэры. Аднак жылля ў гарнізоне не хапала, таму мясцовыя жыхары часта здавалі пакоі.

Станоўчыя пераўтварэнні ў жыцці гарнізона былі б немагчымымі без людзей, з імем якіх звязана гісторыя Кашараў. Асаблівай увагі патрабуе асоба камандзіра 25-га палка ўланаў палкоўніка Вітольда Мараўскага, прызначанага на пасаду ў 1932 г. Дыпламат і разведчык, арыстакрат В.Мараўскі воляй абставін стаў камандзірам палка ў “глухім кутку крэсаў усходніх”. Чалавек, які прывык да іншага жыцця, ён змог стаць душою пружанскіх уланаў. Новы камандзір не злаваўся на лёс, а прымаў удзел ва ўсіх мерапрыемствах, да якіх меў дачыненне полк, падтрымліваў і заахвочваў добрыя вайсковыя традыцыі.

Моравский

Ніводнае культурнае мерапрыемства ў павятовым цэнтры не абыходзілася без удзелу ўланаў. Яны адгукаліся на дабрачынныя акцыі па падтрымцы адукацыі і культуры. Святы ў горадзе пачыналіся з урачыстага праходжання 25-га палка. “Нашы ўланы” – так жыхары Пружан называлі кавалерыстаў з Кашараў.

Аднак, нягледзячы на сяброўскія адносіны з большасцю афіцэраў, Мараўскі быў строгім камандзірам, чые загады выконваліся без пярэчанняў. Дзейнасць Мараўскага па ўмацаванні дысцып-ліны, згуртаванасці і баявой падрыхтоўцы прывяла да таго, што полк стаў лічыцца адной з лепшых кавалерыйскіх адзінак у Польшчы.

Вялікую ўвагу камандзір надаваў адукацыі падначаленых, асабліва веданню замежных моў.  З мэтай вывучэння нямецкай мовы пры казіно былі арганізаваны курсы, якія наведвалі не толькі афіцэры, але і іх жонкі. Трэба адзначыць, што Мараўскі для ўладкавання Кашараў выкарыстоўваў не толькі выдаткаваныя дзяржаўныя сродкі, але і дадаваў свае. Пры яго фінансавай падтрымцы ў гарнізоне з’явіўся крыты манеж, які прызнавалі ледзь не лепшым ва ўсёй дзяржаве.

Дзякуючы В.Мараўскаму і палкавому капелану маёру У.Малаўскаму ў Кашарах узвялі касцёл. Да гэтага каталіцкі храм існаваў у будынку праваслаўнай царквы, пераробленай ў 1920-я гг. пры капелане 20-га артпалка Бутрымовічы. Пасля з’яўлення касцёла ранейшы будынак вярнулі праваслаўным.ксёндз капеллан Малавский

Трэба адзначыць, што нацыянальны і рэлігійны склад кашарскіх палкоў быў неаднародным. Разам з палякамі службу неслі беларусы, украінцы, яўрэі. Напрыклад, беларусамі з’яўляліся  сын праваслаўнага святара з Пружан ад’ютант камандзіра 25-га палка паручнік У. Пілінкевіч, сяржант 20-га артпалка А.Малыха. Ва ўланскім палку, па розных звестках, служылі больш за 120 беларусаў.

Аднак гісторыя ўнесла свае карэктывы ў жыццё Кашараў і Слабудкі. З пачатку 1930-х гг. вялікі ўплыў на Еўропу стала аказваць фашысцкая Германія. Агрэсіўныя памкненні Гітлера непакоілі многіх еўрапейскіх палітыкаў, але аказаць яму дастойнае супраціўленне яны не змаглі. Падначаліўшы сабе частку Еўропы, захопніцкія планы нацыстаў толькі разрасталіся.

З мэтай арганізацыі абароны на выпадак вайны з Германіяй узброеныя сілы Польшчы з вясны 1939 г. сталі рыхтавацца асабліва актыўна. 23 сакавіка 1939 г. 25-ы ўланскі і 20-ы артылерыйскі палкі ў Кашарах былі прыведзены ў баявую гатоўнасць і рушылі ў заходнім накірунку. Назад яны не вярнуліся. 1 верасня 1939 г. з нападу на Польшчу пачалася другая сусветная вайна.

Пружанскія палкі ў бітвах з захопнікамі змагаліся мужна, аднак большая часка іх  воінаў загінула ці трапіла ў палон. У руках фашыстаў аказаўся палкоўнік В. Мараўскі. Спачатку ён знахо-дзіўся ў нямецкім шпіталі ў Кракаве, а потым быў адпраўлены ў канцлагер. Там ён стварыў падпольную антыфашысцкую арганізацыю, хутка выкрытую гітлераўцамі. Мараўскі з паплечнікамі быў пакараны смерцю. У верасні 1939 г. на ўкраінска-венгерскай мяжы ў баях з фашыстамі загінуў і апошні камандзір кашарскіх уланаў палкоўнік Багдан Стахлеўскі (ўзначальваў    25-ы полк з 1937 г.).

Большасць сем’яў афіцэраў і падафіцэраў да восені 1939 г. заставалася ў Кашарах. Аднак 17 верасня Чырвоная армія пачала паход на Захад, увайшоўшы на тэрыторыю Польшчы, што было рэалізацыяй сакрэтнага савецка-германскага дагавора аб раздзеле сфер уплыву ў Еўропе. Сем’і польскіх вайскоўцаў змаглі пакінуць гарнізон. Як успамінаюць мясцовыя жыхары, 17-18 верасня жонкі афіцэраў хадзілі па хатах і прадавалі вяскоўцам амаль за бясцэнак розныя рэчы, некаторым нават удалося прадаць свае дамы. Разам з імі з’ехалі палякі і беларусы, якія не хацелі жыць “пад Саветамі”. 19 верасня 1939 г. у Кашарах ужо стаялі часці Чырвонай арміі. З восені 1939 г. Заходняя Беларусь увайшла ў склад Савецкай Беларусі і СССР.

Гісторыю жыцця Кашараў у міжваенны перыяд удалося аднавіць, дзякуючы польскім ваенным часопісам, кнізе ветэрана ўланскага палка Я.Блазінскага “Z dejow kawalerii  II Rzechy Pospolitej. Los 25 Pulku ulanow Wielkоpolskih”, аповедам мясцовых жыхароў і матэрыялам з асабістых архіваў аўтараў, жыхароў Пружаншчыны і музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.

(Працяг рэдакцыя мяркуе друкаваць у другой палавіне снежня г.г. і ў студзені 2014 г.).

 

На здымках:

1.Былы жылы дом сем’яў ваенных. Сучаснае фота.

2. Пастраенне 25-га палка ўланаў вялікапольскіх у Кашарах. 1930-я гг.

3. Саюз вайсковай моладзі ў Слубудцы. 1935 г.

4. Ваеннаслужачыя 20-га артылерыйскага палка. 1930-я гг. 

5. Палкоўнік Багдан Стахлеўскі. 

6. Касцёл у Кашарах.

7. Польскамоўны надпіс на сцяне. Фота 2012 г.

8. Самадзейны аркестр у в.Слабудка. Канец 1920-х гг. 

9. Камандзір 25-га палка ўланаў палкоўнік Вітольд Мараўскі. 

10. Палкавы капелан Уладзіслаў Малаўскі. 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *