Верасень 1939г. поўнасцю змяніў жыццё на былых “крэсах усходніх”. Для многіх ён стаў ракавым, а для іншых прынёс спадзяванне на лепшую долю. “Першыя Саветы” – менавіта так пазней назвалі перыяд 1939-1941 гг. жыхары заходніх раёнаў Беларусі.
Новае жыццё прыйшло ў Кашары. 19 верасня 1939 г., праз два дні пасля пачатку “вызваленчага паходу” Чырвонай арміі на Захад, яе часці ўвайшлі ў ваенны гарадок. Але старажылы расказваюць, што за некалькі дзён да прыходу Саветаў у Слабудцы з’явіліся немцы (факт пацвярджаюць іншыя жыхары Пружаншчыны). Яны рухаліся са зброяй на бліскучых матацыклах і аўтамашынах, былі чыста апрануты, вялі сябе прыстойна. Многія спыняліся, прасілі вады, раздавалі суп і шакалад, у размовах гаварылі, што “мы хутка з’едзем, а за намі прыдуць рускія”.
Сапраўды, немцаў змянілі “рускія” (для мясцовых людзей словы “рускі” і “савецкі” былі сінонімамі). Ва ўспамінах вяскоўцаў Чырвоная армія пакінула след не толькі дзейнасцю, але і выглядам. Сведчанні аб ёй можна падзяліць на пазітыўныя (“чакалі вызваліцеляў”, “сустракалі хлебам-соллю”, “неслі кветкі і рабілі з іх брамы”, “надзявалі чырвоныя банты”) і негатыўныя (“рускіх ніхто не чакаў”, “новую ўладу баяліся”, “прыйшла галота”). Здзіўленне выклікаў знешні выгляд воінаў: “салдаты былі на малых конях, абарваныя, у бруднай форме”, “ад чырвонаармейцаў дрэнна пахла, яны былі ў абмотках, худыя і галодныя”, “са зброі былі вінтоўкі на вяроўках”. Афіцэры, наадварот, вылучаліся добрай вопраткай і дысцыплінай.
Слабудчане сцвярджаюць, што першымі ў гарадок увайшлі артылерысты. Ледзь жывыя коні цягнулі пашарпаныя гарматы і вазы “з нейкімі клункамі”. Многія вайскоўцы прыехалі з жонкамі і сяброўкамі. Сярод іх былі розныя людзі, у тым ліку тыя, што вялі сябе як “гаспадары жыцця”: самавольна займалі пакоі, адбіралі маёмасць, разбіралі будынкі для патрэб “савецкай улады”, пагражаючы раскулачваннем і “высылкай у Сібір”. Праўда, хутка самаўпраўства спынілася.
Але здзіўляліся не толькі вяскоўцы. Адкрыццём для чырвонаармейцаў, якія прыйшлі “вызваляць братоў-беларусаў ад паноў”, стала наяўнасць у людзей уласнай гаспадаркі, ежа на стале, добрае адзенне, падлога ў хатах. Незабыўнае ўражанне выклікала з’яўленне ў гарадку вясковай моладзі ў касцюмах і на веласіпедах. “Што гэта за паны тут у вас свабодна раз’язджаюць?” – пыталі салдаты. А мясцовыя дзяўчаты не хавалі ўсмешкі, калі ўбачылі, што іх збіраюцца частаваць у кафэ за сталом без абруса, паставіўшы на яго звычайныя шклянкі і жалезны чайнік. Розніца паміж “вызваліцелямі” і “вызваленымі” была відавочнай нават у дробязях.
Такім чынам, з 1939 г. у Кашарах сталі ўладкоўвацца савецкія часці. Вядома, што ў жніўні 1940 г. тут размясцілася 32-я танкавая брыгада, перакінутая з прыбалтыйскага накірунку. У сакавіку 1941 г. яе перафарміравалі ў 30-ю танкавую дывізію пад камандаваннем палкоўніка С.І.Багданава. Непасрэдна ў Кашарах у перадваенны час знаходзіліся: штаб дывізіі, два танкавыя палкі, мотастралковы і гаўбічны артылерыйскі палкі, асобны зенітны артылерыйскі дывізіён, батальёны – разведвальны, пантонны, сувязі, медыка-санітарны, аўтатранспартны, рамонтна-аднаўленчы. У склад дывізіі ўваходзіла рота рэгулявання і палявы аўтахлебазавод. Існавала школа радыстаў. З-за недахопу тэрыторыі частка асабовага саставу і тэхнікі знаходзіліся каля вёсак Лінова і Чахец. На ўзбраенні дывізіі меліся 174 танкі старой мадэлі Т-26 з тонкай бранёй і 45-міліметровымі гарматамі.
У ліпені 1940 г. пасля заканчэння вайны з Фінляндыяй у Слабудку перавялі 44-ы стралковы і 472-і лёгкі артылерыйскі палкі, а ў Аранчыцы — 3-і медыка-санітарны батальён 42-й стралковай дывізіі (штаб знахо-дзіўся ў Бярозе-Картузскай). У красавіку 1941 г. яны перадыслацыраваліся ў Брэсцкую крэпасць.
Менавіта ў 44-м палку служылі будучыя абаронцы цытадэлі над Бугам. Сярод іх – П.П.Кацельнікаў, чый вобраз стаў прыкладам для ўвасаблення на экране Сашы Аксёнава – галоўнага героя кінастужкі “Брэсцкая крэпасць”. У 1940 годзе некалькі хлопцаў, якія выхоўваліся ў дзіцячым доме каля Растова-на-Доне і гралі ў духавым аркестры, былі адабраны лейтэнантам В.Ушаковым у музычны ўзвод 44-га стралковага палка. Так Пеця Кацельнікаў разам з Валодзем Казьміным, Валодзем Ізмайлавым, Уласам Данцовым і Сцяпанам Аксёнавым сталі “сынамі палка”. Службу яны пачалі “ў ваенным гарадку Слабудка пад Пружанамі”. Юныя музыканты жылі ў казарме і вучыліся ў мясцовай школе.
Захаваліся ўспаміны П.Кацельнікава пра баі ў крэпасці і яе змагарах, у тым ліку пра камандзіра палка маёра П.Гаўрылава: “Памятаю самую першую сустрэчу з ім. Гэта было ў 1940 годзе ў Слабудцы пад Пружанамі, дзе знаходзіўся полк. Як толькі мяне і яшчэ некалькіх хлопцаў прынялі ў выхаванцы музычнага ўзвода, Гаўрылаў прыязджаў пацікавіцца, як нас размясцілі”. Дзецям пашылі форму з зялёнымі пятліцамі, рацыён узмацнілі хатнім малаком. Хлопчыкі наведвалі школу, займаліся музыкай, дзяжурылі сігнальшчыкамі, вывучалі зброю, маршыравалі.
Па звестках П.Кацельнікава, “вясной 1941 г. Слабудка пачала пусцець. Полк паціху пераязджаў у Брэст”. Але хлопцы-музыканты засталіся ў гарадку, каб закончыць вучэбны год. З імі заставаўся радавы Бялоў. У маі 1941 г. па вузкакалейцы яны дабраліся да Аранчыц, а потым па чыгунцы да Брэста ў асноўнае месца дыслакацыі палка ў крэпасці.
Акрамя ўзгаданых вайсковых адзінак, у Слабудцы знаходзіўся штат асобага аддзела Народнага камісарыяту ўнутраных спраў (НКУС), які займаўся выкрыццём “ворагаў народа”.
Трэба адзначыць, што савецкія часці атрымалі “ў спадчыну” развітую інфра-структуру, якая захавалася ад папярэдняга гарнізона. Аднак галоўнай праблемай заставалася вялікая колькасць войскаў на абмежаванай тэрыторыі. Не хапала жылля для афіцэраў, казармаў, сховішчаў. Таму, акрамя гарнізона, часці знаходзіліся ў яго ваколіцах. У раёне ранейшага палігона каля лесу былі ўладкаваны палявыя паркі для тэхнікі і спецыяльныя зямлянкі для асабовага саставу дывізіі. Многія афіцэры размясціліся на пастой у вёсках і на хутарах. Нязручнасці ў гарнізоне ўзнікалі з-за пастаяннага недахопу вады. Таму ў 1941 г. у Кашарах пачалі бурыць свідравіны пад кіраўніцтвам майстра з Бярозы І.Разанава.
Будаўніцтва пры “першых Саветах” не мела такога размаху, як у ранейшыя часы. Але змены адбыліся. У 1939 г. разабралі праваслаўную Мікалаеўскую царкву (з 1940-х гг. слабудчане ўзгадваюцца ў дакументах як прыхаджане сабора Аляксандра Неўскага ў Пружанах), касцёл прыстасавалі пад Дом культуры.
Нягледзячы на розніцу паміж выхаванымі ў марксісцка-ленінскай ідэалогіі грамадзянамі СССР і мясцовымі жыхарамі, якія толькі далучаліся да камуністычных каштоўнасцей, паміж імі завязвалася сяброўства, узнікалі сем’і. Моладзь са Слабудкі, Гараднян, Сланімцоў, Палоннага наведвалася на танцы і мерапрыемствы ў Доме культуры. Папулярнасцю карысталіся савецкія кінастужкі, якія дэманстравалі рэгулярна. За шашой насупраць гарадка з’явілася новая школа, дзе восенню 1939 г. пачаліся заняткі на ўкраінскай мове (потым – беларускай і рускай). У гарнізоне працавалі пошта і аддзяленне Дзяржбанка. Усё гэта стала прыкметамі саветызацыі Заходняй Беларусі, разам з калектывізацыяй, рэпрэсіямі, выкараненнем прыватнікаў.
Назва ваеннага гарадка таксама змянілася. Слова “Кашары” службоўцы перайначылі на “Кашарку”. Аднак на армейскіх тапаграфічных картах ужывалася назва “Казармы”. Трэба адзначыць, што ў большасці дакументаў месцам дыслакацыі 30-й танкавай дывізіі і 44-га стралковага палка ўказваліся Пружаны. Для многіх гэтыя населеныя пункты ў той час былі непа-дзельныя.
Неацэннай крыніцай па гісторыі ваеннага гарадка на месцы сучаснай Слабудкі з’яўляюцца сведчанні яе жыхароў і тых, хто служыў тут. Захаваліся ўспаміны стралка-радыста 60-га танкавага палка 30-й танкавай дывізіі С.З.Шпілявога, якія даюць агульнае ўяўленне аб гарнізоне ў перадваенны час: “Кашарка — так называўся ваенны гарадок, размешчаны недалёка ад Пружан. Летам гарадок патанаў у зеляніне. Пад купчастымі шатамі дрэваў стройнымі радамі стаялі салдацкія казармы, у баку былі бачны цагляныя дамы, у якіх жылі сем’і камсаставу. У салдацкіх казармах – звычайная армейская абстаноўка: жалезныя ложкі, запраўленыя шэрымі коўдрамі, паміж імі — тумбачкі з небагатым скарбам танкістаў, каля ўваходу — стол, пастаяннае месца днявальнага, недалёка піраміда з асабістай зброяй салдат і малодшых камандзіраў. На тэрыторыі гарадка — прыстойны Дом культуры, сталоўкі, крамы. Да Пружан пракладзена вузкакалейка, па якой хадзіў маленькі паравозік з некалькімі вагончыкамі. Расклад быў вядомы аднаму Богу і машыністу, які мог спыніць цягнік каля любога хутара, зайсці да знаёмай, выпіць паўзбана малака, вярнуцца і ехаць далей…
Жыццё танкістаў было напружаным. Увесь час – баявая і палітычная падрыхтоўка. Салдаты вывучалі матэрыяльную частку танкаў, радыёсправу, тапаграфію. Шмат часу ішло на практыкаванні: кіраванне танкам па дарогах і бездарожжы, стрэльбы з кулямётаў і гармат – з ходу і кароткіх прыпынкаў, па нерухомых і рухомых цэлях. У перадваенны час сталі часта аб’яўляць баявыя трывогі, скараціліся адпачынкі, затрымлівалася звальненне ў запас старэйшых узростаў, якія адслужылі патрэбны тэрмін. У лістах дадому байцы не так упэўнена пісалі аб хуткім вяртанні дамоў…”.
Сапраўды, многія вайскоўцы з Кашаркі так і не вярнуліся дамоў – яны загінулі ў першыя гадзіны і дні Вялікай Айчыннай вайны. Ужо 23 чэрвеня 1941 г. у Кашарку ўвайшлі нямецкія часці. Так закончыліся год і дзевяць месяцаў знаходжання “першых Саветаў”.
Уладзімір Дадзіёмаў, Сяргей Рабчук.
Апрацоўка і пераклад на беларускую мову Наталлі Пракаповіч.
(Працяг будзе).
На здымках:
1. Від на Слабудку і школу з боку Аранчыц, фота 1939-1940 гг.
2. Танкіст са Слабудкі Гамолаў Аляксандр, 1941 г.
3. Сустрэча з чырвоным камандзірам у Гараднянах, 1940-1941 гг.
4. Пеця Кацельнікаў, фота 1930-х гг.
5. Танкісты з Лінова, 1939-1941 гг.