Понедельник, 2 декабря 2024

Забытая гісторыя Слабудкі: Пасляваеннае дзесяцігоддзе

2 121

Пасля вызвалення ад немцаў у гарадку былі размешчаны ваенныя шпіталі. Першыя з’явіліся ў Слабудцы 1 жніўня 1944 г. Гэта былі  перасоўны палявы хірургічны (№5150) і эвакуацыйны (№3568). На працягу жніўня-верасня 1944 г. прыбылі яшчэ 8 шпіталяў (лёгка параненых і эвакуацыйныя).

Параненых было многа. Іх прывозілі з фронту, які рухаўся на захад, і дастаўлялі ў Слабудку з чыгуначнай станцыі Аранчыцы. Такім чынам, гарнізон ператварыўся ў вялікі медыцынскі гарадок. Медыкам не ўдавалася ратаваць усіх пакалечаных, была высокая смяротнасць, асабліва зімой 1944-1945 гг.1. 64-й танко-самоход полк 1950-е

Памерлых ад ран чырвонаармейцаў хавалі на ўсходняй ускраіне гарадка – на старых могілках і на невялікім ўзвышшы ў брацкіх магілах. Як успамінаюць старажылы, пахаванні адбываліся штодня. Хавалі адразу па некалькі чалавек, загортваючы ў казённыя прасціны. У сярэдзіне 1950-х гг. “шпітальныя” пахаванні былі ўпарадкаваны, праводзіліся некаторыя работы па эксгумацыі астанкаў савецкіх салдат, а потым была зроблена мемарыяльная брацкая магіла з пастаментам і выявай танка з дрэва.

Санітаркамі ў шпіталях працавалі жанчыны і дзяўчаты са Слабудкі, Гараднян, Палоннага, Альшан, Сланімцоў, Семянчы. Некаторыя працягвалі працу пасля пераводу медустаноў услед за перадавой і дайшлі да Берліна. Адным з першых 1 верасня 1944 г. за наступаючымі савецкімі войскамі рушыў перасоўны палявы хірургічны шпіталь, а ў сакавіку 1945 г. – пяць эвакуацыйных. Яшчэ два пакінулі гарадок 9 мая 1945 г. Эвакашпіталь № 1295 заставаўся ў “Кашарцы” да 25 верасня 1945 г.

Як успамінаўюць вяскоўцы, разам са шпіталямі некаторы час у Слабудцы знаходзіліся “штраф-нікі” – падраздзяленні з ваенных, асуджаных за розныя злачынствы. На шчасце, яны прабылі ў Слабудцы нядоўга, пакінуўшы нядобрую памяць:  займаліся марадзёрствам, пагражалі зброяй.5. малодшы камандны склад на палітзанятках. У цэнтры старшына М.Я.Боценко.1950г

Адначасова з вызваленнем раёна ад фашыстаў пачаўся набор мужчын прызыўнога ўзросту ў Чырвоную армію. Адправіліся на фронт жыхары гарнізонных ваколіц. Ваявалі годна. Хтосьці склаў галаву ў баях з ворагам, іншыя вярнуліся з баявымі ўзнагародамі і раненнямі.

Акрамя шпіталяў, у Слабудцы былі іншыя часці, якія працавалі на патрэбы фронту. Так, у 1945 г. з глыбокага тылу прыбыў 64-ы акруговы завод па рамонту рухавікоў, які быў больш вядомы сярод мясцовых людзей пад назвай “Рамбаза”. Завод знаходзіўся ў паўднёва-заходняй частцы гарадка, дзе ў час акупацыі былі нямецкія рамонтныя майстэрні.  На “Рамбазу” паступала пашкоджаная ў баях тэхніка. Пры заводзе дзейнічала ФЗВ (фабрычна-заводскае вучылішча). “Рамбаза” існавала ў гарнізоне да 1950-х гг., а потым была пераведзена. На яе месца прыбыў батальён сувязі з Прыбалтыйскай ваеннай акругі.3. развод караула 148 гв. стрелк. полка . Слобудка 1947

Пасля заканчэння вайны ў гарадку ізноў пасяліліся ваенныя. На рубяжы 1945-1946 гг. з Прыбалтыкі ў Пружаны перадыслацыравалі 29-ю танкавую дывізію. Яе палкі размясціліся ў “Кашарцы”. У гарнізоне было цесна. Як і ў папярэднія часы, частка  афіцэраў стала кватаравацца ў сялян.

Аднаўленне мірнага жыцця, наяўнасць вялікай колькасці ваеннай моладзі садзейнічалі адраджэнню Слабудкі. У гарадку завіравала жыццё, паміж мясцовымі жыхарамі (у першую чаргу, дзяўчатамі) і вайскоўцамі сталі завязвацца цёплыя адносіны, пачаліся вяселлі.

Аднак танкісты прабылі каля Пружан нядоўга. Справа ў тым, што ў 1945-1947 гг. пачаўся працэс перафарміравання і скарачэння войскаў. У пачатку 1947 г. 29-я танкавая дывізія была пераведзена ў Слуцк. А са Слуцка ў Брэст –  50-я гвардзейская стралковая дывізія 28-й арміі. Некалькі яе палкоў былі ўладкаваны ў “Кашарцы” – гэта 148-ы стралковы, 119-ы артылерыйскі, 58-ы асобны самаходна-артылерыйскі дывізіён, 69-ы танкава-самаходны полк (на ўзбраенні танкі Т-34 і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі), медыка-санітарны батальён. У асноўным гэта былі часці, якія ў 1944 г. вызвалялі Пружаншчыну. Службу ў гарадку праходзілі выхадцы з розных рэгіёнаў СССР, многія не ведалі рускую мову. Таму адначасова з вайсковай справай яны вучыліся грамаце. Трэба адзначыць, што ваенных выкарыстоўвалі як педагогаў і прапагандыстаў савецка-калгаснага ладу. Яны выступалі ў вёсках з лекцыямі, палітінфармацыямі, нумарамі мастацкай самадзейнасці, куплялі кнігі для хатаў-чытальняў (напрыклад, у Чахец).4. Танкісты у патефона. Слобудка. 50-е годы.

148-ы стралковы полк заняў трохпавярховую “Чырвоную казарму”, у якой пры Польшчы кватараваў уланскі полк. 119-ы артылерыйскі змясціўся ў казармах былога польскага артпалка ў паўночнай частцы гарнізона. Танкісты 69-га палка сталі на паўднёва-ўсходняй ускраіне – бліжэй да палігона. Медсанбат уладкаваўся ў заходняй частцы каля шашы Пружаны – Запруды. Акрамя таго, у Слабудцы з’явілася пажарная каманда, дзе працавалі мясцовыя жыхары. На тэрыторыі гарнізона таксама знаходзілася кватэрна-эксплуатацыйная часць (КЭЧ) і кіраўніцтва “Ваенгандлю”. Працавала паштовае аддзяленне з назвай “Кашарка”. У жылой зоне дзейнічаў невялікі цэх па вырабе і разліве “сельтэрскай” вады, якая паступала з артэзіянскай свідравіны. Працавалі пякарня, лазня, пральня і інш.

Нягледзячы на выгнанне фашыстаў і пачатак аднаўленчага перыяду, пасляваенныя гады нельга было назваць спакойнымі. Як успамінаюць мясцовыя жыхары, у навакольных лясах развялася вялікая колькасць звяроў, асабліва пакутавалі ад ваўкоў. Вяскоўцы вымушаны былі хадзіць на працу з факеламі – бывалі выпадкі нападзення на людзей, забойствы хатняй жывёлы.2. 1957-1959  год  Шанхай

Да таго ж у раёне знайшлі прытулак некалькі банд з крымінальных элементаў, былых гітлераўскіх памагатых, праціўнікаў савецкага ладу. Яны наведваліся ў вёскі, рабавалі, забівалі актывістаў і ваенных. Напрыклад, у 1947 г. бандыты расстралялі машыну фельд’егерскай паштовай сувязі. Загінуўшыя былі пахаваны на гарнізонных могілках. Крымінальная сітуацыя абвастралася, таму для барацьбы са злачынцамі сталі далучаць асабовы састаў гарнізона.

4 -7 студзеня 1949 г. спецыяльна адабраныя служачыя 148-га стралковага палка (каля 20 чалавек) і прадстаўнікі  Камітэта дзяржбяспекі з Пружан знішчылі адну з банд.

Удзельнік падзей М.Я.Бацэнка ўспамінае: “Па трывозе нас вывелі на шашу Пружаны – Аранчыцы і пагрузілі ў аўтамашыну. За Ліновам мы ўзялі правадніка (укаранёнага ў банду чэкіста) і рушылі ва ўрочышча Тураса. Праваднік паказаў два востравы, дзе хава-ліся бандыты, і мы ў поўнай цішыні сталі акружаць іх. Толькі тут нас папярэдзілі, што на балоце хаваецца банда. Выпусцілі сігнальную ракету – пачаўся бой. Карчы прашывалі аўтаматныя чэргі, чуўся тупат і трэск. Цяжка было зразумець, дзе свае, а дзе ворагі. Дасягнуўшы вострава, мы ўбачылі, што нікога няма, — бандыты ўцяклі ў лес. Сталі ісці ланцугом. Першай убачылі забітую жанчыну – яна аказалася жонкай кіраўніка банды. Лагер уяўляў сабой два вялікія буданы пасярод зараснікаў лазы, накрытыя тоўстым пластом сена. Унутры таксама было сена, зверху – пярыны, коўдры, кажухі. У адным будане знаходзілася 3 мяшкі мануфактуры, 30-літровая бочка з мёдам, другая – з салам, мука, адэкалон, бутлі самагону. Паміж буданамі было вогнішча. Мая рота засталася ахоўваць лагер, а астатнія кінуліся наўздагон уцекачам. Пасля таго, як прыбылі эксперты, знойдзеныя рэчы і цела забітай жанчыны паклалі ў машыну, мы спалілі буданы і адправіліся праследаваць злачынцаў. Двое сутак спатрэбілася, каб іх злавіць. Пазней мы даведаліся, што банда прыйшла пад Лінова з Маларыцкіх лясоў, дзе яе большая частка была знішчана. Тут да яе прымкнулі былыя паліцаі, дэзерціры і ўласаўцы”.

Мірнае жыццё ўладкоўвалася паступова. У былым казіно польскіх артылерыстаў адчыніўся дзіцячы садок, першай загадчычай якога стала жонка камандзіра 148-га стралковага палка. Аднавіў работу гарнізонны Дом культуры. У ім кожныя выхадныя ладзіліся танцы, канцэрты, кінасеансы. На стадыёне арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы. У ранейшым будынку за шашой аднавіла работу рускамоўная школа, якая стала называцца “Ваенна-Слабадская”. Як успамінаюць былыя вучні, у той час сярод настаўнікаў было наладжана дзяжурства. Раніцай яны сустракалі дзяцей, а пасля заняткаў адводзілі да КПП, перавёўшы праз дарогу Пружаны – Запруды.

У гэтым жа будынку знаходзілася вячэрняя школа для працоўнай моладзі.

“Нягледзячы на цяжкасці, нам, дзецям, жылося цікава і весела, — апавядае Н.Краўчук. – Ра-ніцай усё наваколле будзілі ба-дзёрыя гукі радыё ў гарнізоне. Накіроўваючыся праз  гарадок у школу, мы сустракалі салдат, якія строем з песнямі ішлі ў сталоўку, прыладжваліся да іх збоку, маршыравалі і таксама спявалі.

…У кожнай вайсковай часці быў свой клуб, таму у выхадныя, калі паказвалі кіно і ладзілі танцы, бегалі з аднаго ў другі, каб убачыць усё самае цікавае, але ў выніку атрымлівалася, што нічога толкам не бачылі.

…Кожны дзень у часцях была вучоба. Часта па некалькі вайскоўцаў з радыёстанцыяй (напэўна, сувязісты) хадзілі на заняткі ў лес. Зрэдку яны прыходзілі на наш хутар і з дазволу маці размяшчаліся ў хаце, раскладваючы на стале свае прыстасаванні і нешта адстукваючы амаль цэлы дзень. На іх дзеянні мы глядзелі з захапленнем. Якое ж гэта было шчасце, калі нам дазвалялася надзець навушнікі і паслухаць, як у іх нешта пішчыць!”.

Як і ў папярэднія часы, нявырашанай заставалася жыллёвая праблема. Сем’і ваенных жылі на кватэрах ці ў старых будынках дарэвалюцыйнага часу, у тым ліку ў былых стайнях без зручнасцяў. У большасці кватэр у 1950-1953 гг. быў праведзены рамонт сіламі будаўнічай брыгады, набранай з мясцовых жыхароў. Ураджэнка гэтых мясцін В.Ф.Курбатава, якая працавала ў брыгадзе, успамінае: “Тагачасная Слабудка зусім не была падобная да сучаснай. Зараз ад яе амаль нічога не засталося. Раней гарадок упрыгожвалі цагляныя будынкі, газоны і кветкі, уздоўж вуліц раслі дрэвы – таполі, ліпы, бярозы. Вакол быў парадак. Разам з бацькам, які цяслярыў, я працавала ў будаўнічай брыгадзе. Мы рабілі рамонты ў кватэрах камандзірскага саставу (дарэчы, не толькі ў Слабудцы, але і ў Слоніме). Ледзь не кожны дзень, ідучы на работу, я заходзіла на могілкі каля дарогі, дзе былі пахаваны вяскоўцы, у тым ліку мая цётка. Сёння, наведаўшы родныя мясціны, я не ўбачыла ніводнага помніка, ніводнай магілы, а па тэрыторыі былых могілак нібыта хто на танках паездзіў”.

Для вырашэння жыллёвай праблемы ў 1956 г. на выдзеленыя камандаваннем Беларускай ваеннай акругі сродкі на паўднёва-заходняй ускраіне гарадка на пустках уздоўж шашы былі пабудаваны 15 аднапавярховых тыпавых цагляных дамоў. Гэта частка гарнізона спачатку атрымала “народную” назву “Пербягубаўка” – ад прозвішча начальніка тылу 148-га палка падпалкоўніка Пербягубава, які ўзначальваў будоўлю. Праз некаторы час гэтае імя забылася і з лёгкай рукі нейкага жартаўніка яе пачалі называць “Шанхай”. На ўездзе ў гэты пасёлак каля шашы была ўсталявана скульптурная група “Два байцы”.6.1948-49гг.Учителя Слободской  школы

У канцы 1950-х гг. быў пабудаваны новы двухпавярховы жылы дом каля “элітнага” (трохпавярховага) дома “польскага часу”, у якім жыло камандаванне. У Слабудцы з’явілася новая аўтаномная электрастанцыя, дзе ўсталявалі магутны дызельны агрэгат. Ваеннымі пастаянна звярталася ўвага на знешні выгляд гарнізона: высаджваліся маладыя дрэўцы, падтрымліваліся парадак і чысціня ў  часцях і жылой зоне. Прывабны выгляд набыло невялікае возера за Домам культуры – “Маргар’ян”. Такую цікавую назву яно атрымала ад прозвішча салдата, які ледзь у ім не патануў. Гэта назва замацавалася за вадаёмам да сённяшняга часу, праўда, возера ўжо фактычна няма – яно забруджана.

У 1950-я гг. ваеннаслужачыя
гарнізона ў Слабудцы разам з іншымі часцямі Савецкай арміі былі ўдзельнікамі падзей, якія з’яўляліся праявамі палітыкі “халоднай вайны”. Так, у верасні  1954 г. 50-я гвардзейская дывізія, у тым ліку 69-ы танкавы полк, прынялі ўдзел у вучэннях на Тоцкім палігоне пад Арэнбургам, дзе вяліся выпрабаванні ядзернай зброі. У кастрычніку 1956 г. гарнізон паднялі па баявой трывозе і накіравалі ў бок Брэста. Гэта было звязана з “будапешцкай восенню” – антыкамуністычным паўстаннем у Венгрыі. У яго падаўленні павінна была ўдзельнічаць 50-я дывізія. Аднак венгерскія падзеі хутка завяршыліся, і войскі вярнуліся на месцы пастаяннай дыслакацыі.

Больш за дзесяць гадоў знаходзіліся ў Слабудцы часці 50-й гвардзейскай дывізіі. У 1960 г. пяхота, танкісты і артылерыя перабазіраваліся з ваеннага гарадка пад Пружанамі ў іншыя месцы.

(Працяг будзе).

На здымках:

1. Ваеннаслужачыя 64-га танкава-самаходнага палка ў Слабудцы, 1950-я гг.

2. Малодшы камандны састаў 148-га стралковага палка на па-літзанятках. У цэнтры – старшына М.Я.Бацэнка. Слабудка, 1950 г.

3. Развод каравула 148-га гвардзейскага стралковага палка ў Слабудцы, фота 1947 г.

4. Танкісты ў вольны час. Слабудка, 1950-я гг.

5. У “Шанхаі” каля скульптуры “Два байцы”, фота 1957-1959 гг.

6. Настаўнікі Ваенна-Слабадской школы, 1948-1949 навучальны год.

Апрацоўка і пераклад на беларускую мову Наталлі Пракаповіч.

Аўтары будуць удзячны за любую дапамогу ў збіранні матэрыялаў па гісторыі Слабудкі. Кантактныя тэл. 2-18-96, 8-033-371-13-42. 

Уладзімір Дадзіёмаў, Сяргей Рабчук

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *