З надзеяй на вырашэнне ўласных праблем звяртаюцца пружанцы да раённай улады. За мінулы год у райвыканкаме было зарэгістравана 727 такіх зваротаў, яшчэ 544 паступіла ў сельвыканкамы.
Пра тое, якія пытанні найбольш хвалююць жыхароў горада і раёна, якім чынам яны вырашаюцца, расказвае начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Т.Ю.Гаманчук.
— Толькі за чацвёрты квартал 2015 года, — расказвае Таццяна Юр‘еўна, — у райвыканкам паступіла 164 звароты. Найбольш з іх датычылі пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, вырашэння жыллёвых праблем, працаўладкавання. На жаль, не меншае зваротаў і з нагоды спрэчак з суседзямі. Таксама сярод актуальных – прыватызацыя кватэр дзяржфонду і набыццё жылля ва ўласнасць у сельгаспрадпрыемствах.
— Колькі са згаданых Вамі зваротаў было задаволена?
— Прыкладна шостая частка — 27. Многія з іх датычылі высокага кошту жылля пры прыватызацыі. У ходзе разгляду ацэначны кошт на некаторыя кватэры ўдалося паменшыць, і вельмі адчувальна. Напрыклад, з трохсот мільёнаў рублёў да ста дваццаці.
Па просьбе гараджан былі ўстаноўлены павеці над аўтобуснымі прыпынкамі каля СШ №5 і СШ №1. Таксама па слушных заўвагах жыхароў мы прымусілі некаторыя арганізацыі навесці парадак пасля завяршэння будаўнічых і рамонтных работ. Улічыўшы зварот грамадзяніна, на Дошку гонару раёна былі занесены фотаздымкі ганаровых гараджан Р.Ц.Кротава, М.В.Хацімскага, С.П.Пацярухі.
— Таццяна Юр’еўна, скажыце, калі ласка, а ці разглядаліся калектыўныя звароты?
— Адзін такі зварот быў з нагоды выплаты зарплаты. На момант, калі рыхтаваўся адказ, зарплату таварыства з абмежаванай адказнасцю, пра якое вялася размова, ужо выплаціла. З калектыўнай просьбай з нагоды будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады звярталіся жыхары в.Белавусаўшчына. На сённяшні дзень станцыя працуе. Некаторыя калектыўныя звароты, якія тычацца рамонту дарог і шматкватэрных дамоў, знаходзяцца на кантролі.
— Пра што пішуць людзі ў электронных зваротах?
— Як правіла, просяць аб прадастаўленні разнастайнай інфармацыі. У прыватнасці, шэраг грамадзян Украіны цікавіўся нашымі аграгарадкамі і магчымасцю пераезду туды для працаўладкавання і пражывання.
— Ці можаце акрэсліць найбольш хвалюючыя тэмы, якія ўзнімаюць грамадзяне на асабістых прыёмах?
— Яны датычаць працаўладкавання. З такімі пытаннямі наведвальнікі звяртаюцца ўсё часцей. Аднак вырашыць іх няпроста. Па-першае, абмежавана колькасць вакансій, па-другое, не так проста ўладкаваць на работу чалавека без спецыяльнай адукацыі альбо наогул з пачатковай адукацыяй. Аказваецца, нямала і такіх…
Як і раней, актуальнай застаецца праблема вырашэння суседскіх сварак.
Аднак як у першым, так і ў другім выпадках такія праблемы людзі могуць вырашыць без райвыканкама. Мы, напрыклад, не можам паабяцаць работу чалавеку без інфармацыі цэнтра занятасці. Але ж калі ёсць у наяўнасці вакансіі, сацыяльныя службы забяспечаць работай і без райвыканкама.
Тое ж можна сказаць і з нагоды суседскіх разборак. Калі канчатковую кропку ў іх разбіральніцтве можа паставіць толькі суд, звяртацца варта менавіта туды.
— І апошняе: ці былі ананімныя звароты і які лёс іх разгляду?
— Усяго за год было 12 такіх зваротаў, пяць з якіх паступіла ў апошнім квартале. Згодна з дзеючым заканадаўствам, калі ў ананімных зваротах не ўтрымліваецца паведамленняў аб злачынствах ці супрацьпраўных дзеяннях, яны наогул не разглядаюцца. Такое паведамленне было толькі ў адным з іх, таму гэты зварот быў накіраваны ў РАУС. Дарэчы, прыведзеныя ў ім звесткі пацвердзіліся.
Карыстаючыся выпадкам, хачу нагадаць, што прамыя тэлефонныя лініі з кіраўніцтвам раёна працягваюць працаваць па суботах з 9 да 12 гадзін. Свае пытанні можна задаваць па нумары 9-03-14. Прыём грамадзян і юрыдычных асоб ажыццяўляецца ў райвыканкаме па серадах з 8 да 13 гадзін.
Гутарыла Галіна Каляда.