Дружная сям’я Нічыпаровічаў у каторы раз 28 снежня збярэцца разам. Сёлета ў іх асаблівая нагода: шчырая працаўніца, грамадская актывістка і, безумоўна, любімая матуля, бабуля і прабабуля — усё ў адной асобе — Раіса Іванаўна святкуе юбілей. Акрамя таго, напярэдадні дзень нараджэння адзначылі яе дачка Неаніла і маленькая праўнучка Глафіра…
Біяграфія Раісы Іванаўны пачынаецца гэтак жа, як і ў многіх яе аднагодкаў. Дзяцінства выпала на гады ваеннага ліхалецця, юнацтва — на пасляваенную разруху.
У вялікай сям’і Пархутаў, якая жыла ў Лыскаве, гадавалася шасцёра дзяцей. Пасля таго, як у паўтарагадовым узросце памёр першынец, самай старэйшай аказалася Рая. Такая «пальма першынства» абавязвала многаму: дзяўчынка не проста прыглядала за малодшымі братамі і сёстрамі, але і нярэдка дзяліла з дарослымі нялёгкія сельскія клопаты. А ў гэтай сям’і спраў было хоць адбаўляй: каб жыць больш-менш бязбедна, бацькі не толькі трымалі гаспадарку, але і арандавалі зямлю ў Лыскаве, Масявічах…
Бясконца жанчына можа расказваць пра гады нямецкай акупацыі.
— Маці і дзядзька былі сувязнымі партызанскага атрада, — успамінае субяседніца. — Быццам учора было, памятаю, як у Лыскаве ладзілі яўрэйскае гета. Хаця з блізкіх родзічаў у нас ніхто не быў на фронце, вайна прынесла нямала гора і нашай сям’і: за сувязь з партызанамі паплаціўся жыццём дзядзька — яго расстралялі ў Слабадскім лесе. Пасля вайны, ужо ў 1953-м падарвалася на знойдзенай у яры нямецкай гранаце дзевяцігадовая сястрычка.
Нягледзячы на шматлікія цяжкасці і нягоды, дзяўчынка цягнулася да ведаў. Яна расказвае пра гэта так:
— Я хадзіла ў школу і падчас акупацыі. Чамусьці запомнілася, як рабілі самаробныя сшыткі: паперы ў нас не было, але немец прыносіў нам лісты, а ўжо дома тата з дзядзькам сшывалі мне іх і лінеілі. Акрамя абучэння розным навукам, усёй школай нас вадзілі на споведзь у царкву.
Пасля вызвалення родных мясцін Р.І.Нічыпаровіч закончыласямігодку. І адразу ж, у 1950 годзе на час летніх канікулаў была накіравана важатай у піянерскі лагер. Так пачалася яе працоўная біяграфія. Затым былі пасады старшай піянерважатай у школах тагачаснага Ружанскага раёна: Манцякі, Ружаны, Кавалі, Вільянава, Манчыкі… Пакуль не прыехала пагасцяваць да дзядзькі ў Пружаны: тут яе працаўладкавалі на райпрамкабінат (сучасны РКБА).
А неўзабаве Раіса Іванаўна выйшла замуж, ды так і засталася ў райцэнтры. За пяцьдзясят гадоў пражывання ў Пружанах Р.І.Нічыпаровіч праявіла сябе ў рознай дзейнасці. У першую чаргу варта згадаць, што большая частка працоўнага жыцця гэтай жанчыны звязана з Пружанскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў, дзе яна працавала старшым інспектарам па кадрах. Так што яна прымала непасрэдны ўдзел у стварэнні гісторыі камбіната.
— Наша прадпрыемства калісьці «грымела» на ўсю краіну: уявіце толькі сабе, камбінат аб’ядноўваў ажно сем заводаў — у Пружанах, Ружанах, Клятным, Роўбіцку, у Кабаках Бярозаўскага раёна і яшчэ два ў Камянецкім раёне. І ўсе трэба было забяспечыць рабочымі рукамі. Вось і шукала работнікаў па ваенных часцях, навучальных установах, нават на Украіну ездзіла людзей «вербаваць», — усміхаецца пенсіянерка.
Лепшыя калектывы вызначалі падчас міжбрыгадных спаборніцтваў, а Раісу Іванаўну таксама чакалі розныя ўзнагароды: «за паспяховае завяршэнне сезону фармоўкі цэглы», «за выпуск прадукцыі з адходаў», «за актыўны ўдзел у аглядзе-конкурсе якасці выпускаемай прадукцыі», «за забеспячэнне цагельных заводаў рабочай сілай», тройчы яе ганаравалі як пераможцу сацыялістычнага спаборніцтва…
— І нават за «выкананне асабліва важнага задання». Праўда, якога — ужо забыла, — зазначае жанчына, перабіраючы стос грамат. — Сёння сама дзіву даюся: і калі толькі ўсё паспявала?!
А спраў у Раісы Іванаўны сапраўды хапала. Акрамя выхавання дачок і хатніх клопатаў (а ў Нічыпаровічаў быў не толькі агарод, але і хатняя гаспадарка), жанчына закончыла вячэрнюю школу, вяла актыўную грамадскую дзейнасць: заявіла пра сябе ў мастацкай самадзейнасці, узначальвала прафсаюзны камітэт і камісію па барацьбе з п’янствам, з’яўлялася сакратаром партарганізацыі, грамадскім памочнікам пракурора… Нават будучы на заслужаным адпачынку, яшчэ некалькі гадоў была народным засядальнікам у раённым судзе. Цяпер з-за шматлікіх хвароб, якія на яе наваліліся, займаецца толькі вязаннем ды кветкамі.
Быццам адно імгненне, праляцелі гады. І вось Раіса Іванаўна на парозе свайго 80-годдзя. Якія вынікі яна зрабіла са шматлікіх урокаў, што падносіла ёй жыццё?
— Успамінаю сваё дзяцінства і яшчэ раз пераконваюся: галоўнае, каб не было вайны. Невыпадкова асобнае месца ў маім спісе чалавечых каштоўнасцей займае дабрыня: чалавеку, які робіць дабро, абавязкова аддзячаць тым жа, — лічыць юбілярка.
Сваю жыццёвую мудрасць яна абавязкова хоча перадаць нашчадкам — дочкам, унукам, праўнукам, якімі яе шчодра надзяліў лёс. І юбілей, які яна адзначыць 28 снежня, — не проста падстава лішні раз прызнацца ў любові дарагому сэрцу юбіляру і выказаць безліч пажадання і цёплых слоў, але і выслухаць урокі мудрасці сталага чалавека.
Марына Вакульская. Фота аўтара.