Суббота, 12 октября 2024

Женщина, которая творит. Медсестра все свое свободное время посвящает рукоделию

1 486

Яшчэ дзяўчынкай Ганна Бублік цікавілася рукадзеллем і праяўляла творчыя здольнасці: асвоіла вязанне пруткамі і кручком, умела валодала пэндзлікам і алоўкам (прызнаецца, што свае малюнкі нават дасылала на нейкую дзіцячую тэлеперадачу). Але, атрымаўшы школьны атэстат, выбрала сабе шлях, абсалютна не звязаны з творчасцю: закончыла Брэсцкае медыцынскае вучылішча.IMG_6314

Так Ганна Якаўлеўна прыйшла ў абласную псіхіятрычную бальніцу «Магілёўцы», дзе працуе вось ужо без малога чатыры дзясяткі гадоў. Тут медсястра атрымала магчымасць прымяніць не толькі медыцынскія веды, але і рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Справа ў тым, што на базе ўстановы шмат гадоў працуе аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі. Акрамя медыкаментознага лячэння, пацыенты аддзялення атрымліваюць сеансы рэлаксатэрапіі, праходзяць псіхалагічныя трэ-нінгі, а таксама займаюцца рукадзеллем.

— Аказваецца, талентаў у людзей плойма — толькі не кожны свае ведае, — дзеліцца жыццёвымі назіраннямі жанчына.

Працуючы над канцэнтрацыяй увагі, уседлівасцю пацыентаў, Ганна Якаўлеўна і сама можа займацца любімымі творчымі справамі і асвойваць новыя. Напрыклад, майстрыха ўмее вышываць не толькі мулінэ, але і стужкамі. Некалькі гадоў таму на абласным аглядзе-конкурсе творчасці медработнікаў вышытыя стужкамі карціны і дэкарыраваныя бутэлькі медсястры Магілявецкай бальніцы былі адзначаны дыпломамі: на той момант гэтыя віды рукадзелля толькі ўваходзілі ў моду.

А некалькі гадоў таму жанчына захапілася паперапляценнем. Толькі за першы год яна зрабіла каля сямі дзясяткаў розных вырабаў.

— Параўноўваючы першыя сплеценыя рэчы з тымі, што раблю сёння, — прагрэс відавочны, — дэманструе жанчына шматлікія вазачкі, кошыкі, цукерачніцы, падстаўкі, нават капялюш. — Тэхніку асвойвала з дапамогай інтэрнэту: чытала літаратуру, шукала аўтарскія сайты, глядзела відэаўрокі і старалася паўтарыць убачанае.

Ганна Якаўлеўна так «адтачыла» сваё майстэрства, што некаторыя гатовыя вырабы не адразу адрозніш ад сплеценых з лазы. Дарэчы, менавіта жаданне навучыцца лазапляценню і стала прычынай новага захаплення.

— Хаця вырабы з лазы больш даўгавечныя, — гаворыць жанчына, — затое паперапляценне — менш працаёмісты занятак. У першым выпадку патрэбны спецыяльны інструмент, існуе цэлая тэхналогія нарыхтоўкі і апрацоўкі матэрыялу, а папера — бяспечны матэрыял.

Некаторыя работы майстрыха ўпрыгожвае дэкупажам — сучасным відам дэкарыравання. Прывабныя і карысныя ў гаспадарцы рэчы дорыць родным, сябрам, калегам.

Хочацца адзначыць, што ўся сям’я Ганны Бублік творчая: муж — выкладчык музычнай школы, стварыў ансамбль «Note Bene», які ў свой час «грымеў» не толькі на Пружаншчыне, дачка — выпускніца Бабруйскага мастацкага каледжа, Гродзенскага ўніверсітэта імя Я.Купалы, мае спецыяльнасць мастака-афарміцеля. Сама Ганна Якаўлеўна лічыць удачай, што мае магчымасць спалучаць медыцынскую дзейнасць з творчай самарэалізацыяй.

Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *