Змяненні і дапаўненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, якія ўступілі ў сілу з 24 ліпеня, аблегчылі працэдуру рэгістрацыі і, наадварот, скасавання шлюбу. З гэтай нагоды мы запрасілі да размовы начальніка аддзела ЗАГС райвыканкама А.М.Хамюк.
— Алена Мікалаеўна, зарэгістраваць шлюб цяпер стала прасцей. У чым гэта заключаецца?
— Найперш, у тэрмінах рэгістрацыі. Цяпер зарэгістраваць шлюб можна праз тры дні пасля звароту ў ад-дзел ЗАГС. У выключных выпадках, напрыклад, абумоўленых цяжарнасцю, зарэгістраваць шлюб можна і раней.
— Цяпер маладым не абавязкова распісвацца па месцы жыхарства?
— Так. Рэгістрацыя шлюбу праводзіцца любым органам, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, па выбары жаніха і нявесты.
— А калі маладыя пажадаюць распісацца дома?
— Такое магчыма таксама. У сувязі з новымі змяненнямі ў Кодэксе, рэгістрацыя шлюбу дапускаецца па месцы правядзення ўрачыстасці.
— Аднак цяпер прасцей будзе не толькі ўступіць у шлюб, але і скасаваць яго…
— Калі да нядаўняга часу разводамі займаліся выключна суды, цяпер скасаваць шлюб можна і ў ЗАГСе. Праўда, пры трох важных акалічнасцях: узаемнай згодзе на гэта мужа і жонкі, адсутнасці агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчак па маёмасці.
— Больш таннымі сталі і некаторыя адміністрацыйныя працэдуры…
— Так, за атрыманне любога паўторнага пасведчання цяпер трэба заплаціць 0,5 базавай велічыні (зусім нядаўна такая паслуга складала адну базавую велічыню).
Хачу акцэнтаваць увагу на тым, што павялічыліся тэр-міны дзеяння ўсіх выдаваемых намі даведак – да аднаго года. Цяпер, напрыклад, адзінокім маці для атрымання дапамогі на дзяцей не трэба двойчы ў год прыходзіць да нас па адпаведную даведку. Яна будзе сапраўднай на працягу года.
ГутарылаГаліна Каляда.