Апошнім часам сярод школьнікаў стала «модным» шантажыраваць настаўнікаў пагрозамі: маўляў, калі паставіце дрэнную адзнаку, бацькі мяне будуць біць, таму я зараз выскачу з акна або збягу ў лес. Няпроста разабрацца: ён толькі палохае ці сапраўды здольны на непрадказальны ўчынак. А калі што здарыцца, будзе вінаваты настаўнік…
Галіна, г.Пружаны. Хвалюючае пытанне каменціруе начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Д.Г.Няхаеў:
— Сапраўды, з падобнымі сітуацыямі нам даводзіцца сутыкацца.
У адной вясковай школе дзяўчына часта пагражала настаўнікам, што ўчыніць самазабойства, калі атрымае дрэнную адзнаку. Некаторыя выконвалі яе патрабаванні, а адзін з педагогаў патэлефанаваў у інспекцыю па справах непаўналетніх. Участковы інспектар ІСН сустрэўся з «шантажысткай», пабываў у яе сям’і. Дзяўчыну мы паставілі на ўлік і правялі гутарку наконт таго, што такія дзеянні могуць кваліфікавацца і як правапарушэнне з адпаведным пакараннем.
Можа быць і сітуацыя, калі бацькі ўвогуле не ведаюць пра паводзіны свайго дзіцяці, бо настаўнікі не паведамляюць пра яго дрэнныя ўчынкі. Яна можа таксама вырашыцца з дапамогай інспектараў.