Понедельник, 2 декабря 2024

До 11-го колена смог проследить свою родословную уроженец д.Слобудка Владимир Аркадьев

3 171

Уладзімір Ігаравіч Аркадзьеў нарадзіўся ў Слабудцы ў 1967 годзе ў сям’і ваеннаслужачага з Казані Ігара Уладзіміравіча і жыхаркі вёскі Дабучын Алы Ільінічны (у дзявоцтве Чарнуха). Жонка Таццяна Антонаўна (у дзявоцтве Селістроўская) — з мінскай сям’і рабочых. Уладзімір і Таццяна – бацькі чатырох дзяцей. Менавіта дзякуючы малодшым – сённяшнім васьмікласнікам Андрэю і Вользе, – вялікая сям’я ўсур’ёз занялася гісторыяй свайго радаводу.

Тры гады назад Андрэй і Вольга ў школе атрымалі простае заданне — намаляваць сваё генеалагічнае дрэва. Зразумела, што без дапамогі бацькоў тут не абысціся. Ігар Уладзіміравіч прызнаецца, што яго і раней цікавіла пытанне: хто мы і адкуль? Але неяк не ставала часу, на пярэднім плане былі іншыя інтарэсы.

На першым этапе Аркадзьевы проста апыталі старэйшых членаў сям’і і склалі радавод, які высока ацанілі не толькі ў школе, але і на разнастайных конкурсах, дзе работа атрымлівала дыпломы. Але Уладзіміра і Таццяну (жонка поўнасцю падтрымала захапленне мужа) было ўжо не спыніць. Аркадзьевы не абмежаваліся пошукамі ў Мінску і Слабудцы: яны наведалі Бярозу, Пружаны і ваколіцы, нават рашыліся на падарожжа ў Казань.

— З чаго трэба пачаць, каб скласці радавод? — дзеліцца вопытам Уладзімір Ігаравіч. — Зразумела, з размоў са старэйшымі прадстаўнікамі сям’і. Як высветлілася, бабулі і дзядулі не толькі многа памятаюць, але і маюць матэрыяльныя пацвярджэнні тых ці іншых падзей: дакументы, фотаздымкі, лісты календара.

Скарбніца інфармацыі – могілкі. Аркадзьевы прызнаюцца, што аб’ездзілі ўсе могілкі, дзе маглі быць пахаваны іх родныя, і літаральна перапісвалі ўсіх аднафамільцаў. Дарэчы, на гэты конт у Уладзіміра Ігаравіча сваё меркаванне:

— Калі ў вёсцы жывуць людзі з аднолькавым прозвішчам,  яны абавязкова родныя! Магчыма, людзі гэтага не ведаюць, але яны ніяк не проста цёзкі па прозвішчы. Мы ў гэтым неаднаразова пераконваліся.

У хуткім часе ўласных ведаў стала не хапаць, сям’і пачалі дапамагаць прафесіяналы. Значную дапамогу ў пошуках аказалі супрацоўнікі музея-сядзібы «Пружанскі палацык». Пачалася работа ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У працэсе пошукаў Аркадзьевы высветлілі сваю прыналежнасць да беларускіх шляхецкіх родаў.  Сёння яны з’яўляюцца ўдзельнікамі Мінскага таварыства нашчадкаў шляхты і дваранства.

За тры гады Аркадзьевы склалі генеалагічныя дрэвы наступных родаў (многія з іх маюць дачыненне да Пружаншчыны): Амельяновічаў, Чарнухаў, Гуменаў, Дэцаў, Бухавецкіх, Бурэніных, Барынавых, Аркадзьевых, Паўлюцяў і Селістроўскіх.

Аркадзьевы прасачылі сувязь родаў Амельяновічаў, Паўлюцяў і Селістроўскіх са шляхецкімі гербамі. Зараз іх намаганні накіраваны на пошук пацвярджэнняў гэтай тэорыі.

Прыклад сям’і Уладзіміра і Таццяны і іх дзяцей прамое пацвярджэнне слоў: хто шукае, той і знаходзіць.

На прэзентацыю выставы Аркадзьевы запрасілі сваіх родных, сяброў, суседзяў, аднакласнікаў. Прыйшлі і неабыякавыя да гісторыі краю пружанцы, якія не маюць дачынення да сям’і. Многія пазнавалі на фотаздымках сябе і сваіх родных. Падчас прагляду аматарскай дакументальнай стужкі не ўсім удавалася стрымліваць слёзы. Тым не менш, цікава на мерапрыемстве было не толькі родным. Найперш таму, што вопыт у стварэнні радаводу Уладзіміра Аркадзьева, чалавека без спецыяльнай адукацыі,  – унікальны. Яго прыклад павінен натхніць, а парады дапамагчы ў пошукаў сваіх каранёў іншым.

Атмасферу даўніны падчас прэзентацыі стваралі не толькі сцены палацыка, але і класічная музыка ў выкананні струннага ансамбля “ARCHI”, выступленне князёўнаў з тэатра моды “Папараць-кветка”.

З Мінска спецыяльна на выставу прыехала паэтка Таісія Трафімава, менавіта яе верш гучыць са стужкі, знятай дзяцьмі Аркадзьевых. Таісія Іванаўна чытала ўласныя творы і падкрэсліла, што ёй пашчасціла сябраваць з такой незвычайнай сям’ёй.

Што тычыцца самой выставы, якая ў асноўным складаецца з копій архіўных дакументаў, для краязнаўцаў будуць цікавымі фотаздымкі пачатку ХХ стагоддзя. Асабліва лісткі календара ад пачатку мінулага стагоддзя, дзе  клапатлівай рукой продкаў упісаны дні народзінаў і смерцяў родзічаў. У дамашніх архівах былі знойдзены яўрэйскія рэлігійныя кнігі канца ХІХ стагоддзя, з імі таксама можна азнаёміцца на выставе. Сярод сямейных рэліквій, якія атрымалася адшукаць, гітара  фірмы “Цымерман” пачатку мінулага стагоддзя і швейная машынка 1882 года.

Вянцом выставы, безумоўна, з’яўляецца галінастае генеалагічнае дрэва. Нагадваю, Аркадзьевы змаглі прасачыць свае карані да 11 калена!

Кацярына Пашкевіч, Аляксандр Мелеш (фота).

На здымках: Уладзімір Аркадзьеў і дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч; выступае тэатр моды «Папараць-кветка»; генеалагічнае дрэва роду Чарнухаў; вершы чытае паэтка Таісія Трафімава.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *