ПАДНЯЦЬ на абмеркаванне праблемы пар, якія знаходзяцца ў разводзе, а дакладней, утрымання іх дзяцей, падштурхнуў званок нашай чытачкі Вольгі. Жанчына лічыць несправядлівым заканадаўства, якое сёння рэгламентуе парадак выплаты аліментаў.
Абедзве дачкі Вольгі вучацца ў ВНУ на платнай аснове. Пры дасягненні імі 18-гадовага ўзросту яна перастала атрымліваць аліменты ад былога мужа. Бацька дзяўчат дапамагаць ім вучыцца не хоча. Ён перакананы: калі, паводле заканадаўства, для яго закончылася гэтая «кабала», значыць, ён больш нічога нікому не абавязаны. Усе гэта так, але як жа наконт маральных абавязкаў?
Што думаюць наконт гэтага тыя, хто таксама сутыкаўся з праблемай?
Ірына:
— Прыкра, калі бацька ў такіх выпадках адмаўляецца дапамагчы вывучыцца, стаць на ногі сыну ці дачцы. У мяне, праўда, звязаныя з гэтым цяжкасці, — пройдзены этап.
Спасылаючыя на тое, што, хаця дзецям і споўнілася па 18 гадоў, але яны — студэнты, я пісала заяву на месца работы былога мужа з просьбай працягваць пералічваць аліменты. Аднак мне адмовілі, паколькі гэта не прадугледжана заканадаўствам, а бацька не палічыў патрэбным далей дапамагаць дзецям. У выніку вышэйшую адукацыю сынам прыйшлося атрымліваць на завочным аддзяленні. На маю думку, нічога страшнага ў гэтым няма, проста дзеці ўбачылі, які ў іх бацька.
Думаю, як ні мяняй заканадаўства, усё роўна знойдуцца пакрыўджаныя ці незадаволеныя: праблема не ў законе, а ў ступені адказнасці бацькоў за ўласных дзяцей.
Жанчынам, якія самастойна ставяць дзяцей на ногі, наогул, трэба медаль даваць, а яны іншы раз саромеюцца прызнацца, што былыя мужы ў выхаванні не дапамагаюць.
Наталля:
— Да 18 гадоў бацька павінен плаціць аліменты — значыць, да 18. Пакуль мой сын — школьнік, ад былога мужа я атрымліваю на яго каля 300 тысяч рублёў аліментаў (а многія атрымліваюць і таго менш). На атрыманне сярэдняй спецыяльнай ці вышэйшай адукацыі, ды яшчэ і на платнай аснове, гэтых грошай не хопіць: усё роўна на вучобу патрабуюцца куды большыя затраты.
Адзінае выйсце, на мой погляд, проста заставацца ў нармальных адносінах з былым мужам, загадзя рыхтавацца да далейшага навучання дзіцяці, абмяркоўваць гэтае пытанне з бацькам, высветліць, ці можна разлічваць на яго дапамогу.
Калі ж былы муж п’яніца і лайдак, лепш з ім наогул не мець спраў: выплаціць ён аліменты, а затым можа прад’явіць дзіцяці іск аб утрыманні сябе.
Алег Сяргеевіч:
— Чамусьці ўсе заканадаўчыя акты накіраваны на асобу, якая плаціць аліменты. І няма ніводнага, які кантраляваў бы, як распараджаецца грашыма іх непасрэдны атрымальнік, ці сапраўды на дзіця трацяцца грошы. Ёсць жа розныя сітуацыі. Далёка не заўсёды разведзены бацька марыць ухіліцца ад утрымання дзіцяці. Але чамусьці грамадская думка заўсёды на баку маці, і дзіця пры разводзе суд у большасці выпадкаў пакідае з ёй.
Замест павышэння ўзроставай планкі выплаты аліментаў я прапанаваў бы разгледзець, як варыянт, адкрыццё рахунку на дзіця. Няхай бы частка сумы, якую выплачвае бацька, выкарыстоўвалася для штодзённых патрэб, а астатняй папаўняўся рахунак. Так да паўналецця назбіраліся б грошы, якімі дзіця і змагло скарыстацца падчас далейшай вучобы.
Я, напрыклад, за год выплачваю аліментаў на суму каля 1200 долараў ЗША. Калі хаця б палову гэтых грошай класці на рахунак, то мая дачка па дасягненні 18-гадовага ўзросту мела б прыкладна 10 тысяч долараў ЗША.
Надзея Міхайлаўна СТАНКЕВІЧ, в.а. загадчыцы юрыдычнай кансультацыі:
— З падобнай жыццёвай праблемай я сутыкнулася некалькі гадоў таму. Маці двух непаўналетніх дзяцей скар-дзілася, што яе былы муж ездзіць на заробкі ў Расію, рэальныя працоўныя даходы ўтойвае, а ў выніку яна атрымлівае ад яго на дзяцей мізэрныя сумы. Са злосці жанчына кінула фразу: маўляў, тыя, у каго мужы паміраюць, у больш выгадным становішчы аказваюцца, хоць пенсію ад дзяржавы па страце кармільца нармальную атрымліваюць.
Як гэта ні жорстка было сказана, але сапраўды так атрымліваецца. Звярніце ўвагу, існуючае заканадаўства прадугледжвае абавязак бацькоў па выплаце аліментаў на ўтрыманне дзяцей да дасягнення імі 18-гадовага ўзросту. А вось пенсія па страце кармільца пры ўмове, што дзіця вучыцца, выплачваецца да 23-х гадоў. Відавочна, што па дасягненні паўналецця такія дзеці аказваюцца ў няроўных умовах.
Іншы раз да нас звяртаюцца разведзеныя жанчыны, якія хочуць прад’явіць іск аб спагнанні з бацькі на дзіця, якому ўжо ёсць 18 гадоў, грошы на дадатковыя расходы, выкліканыя выключнымі абставінамі. На жаль, судовая практыка не адносіць навучанне да выключных выпадкаў. Такімі могуць прызнаць цяжкую хваробу, напрыклад, ці калецтва дзіцяці.
Думаю, што дадзеная калізія можа быць вырашана толькі шляхам унясення змяненняў у заканадаўства.
Падрыхтавала Марына ВАКУЛЬСКАЯ.