Пры выбары месца працы ўвага звяртаецца на прапануемую аплату, наяўнасць жылля, лепш, канешне, са зручнасцямі.
Гэтыя і іншыя перавагі для Вольгі Аляксандраўны Шанюк маюць другаснае значэнне. Дзяўчына кажа, што з задавальненнем будзе працаваць у любым месцы, толькі б работа была разнастайнай і цікавай. Прафесійны выбар зрабіла па прыкладу маці, якая працуе ў Магілявецкай бальніцы. Пасля заканчэння медыцынскага ўніверсітэта трапіла на родную Пружаншчыну.
— Спачатку сказалі, што працаваць буду ў Хараве, але потым накіравалі ў Клепачы,— расказвае загадчыца Кляпацкай амбулаторыі В.А.Шанюк.
У аграгарадок малады спецыяліст прыехала з мужам, хаця той пакуль сумняваецца, што працаваць тут яму будзе цікава, і ездзіць на работу ў райцэнтр.
Як расказвае Вольга Аляксандраўна, калі вучылася ва ўніверсітэце, то чула ад аднагрупніц аб іх марах працаўладкавацца ў вялікую бальніцу ў буйным горадзе, а яшчэ лепш — у прыватную клініку ці медыцынскі цэнтр з добрымі заробкамі і сучасным аснашчэннем. Але для сябе зрабіла іншую выснову: работа павінна падштурхоўваць да новых адкрыццяў, да павышэння ўласнай кваліфікацыі. А значыць, быць разнастайнай і не пераўтварацца ў руціну.
Так і атрымалася ў вясковага доктара: вялікая абслугоўваемая тэрыторыя, штодзень па ўрачэбную дапамогу ў амбулаторыю звяртаюцца дзясяткі пацыентаў, кожны — са сваёй праблемай. Значная нагрузка? Але Вользе Шанюк вельмі па душы тое, што яе дапамога запатрабавана. А яшчэ прыцягвае тое, што вясковыя жыхары больш простыя.
— Асабліва людзі ва ўзросце. Яны ніколі не спрачаюцца з урачом: якое ён назначыў лячэнне, так і трэба рабіць. Ад сябровак, якія працуюць у гарадах, даводзіцца чуць аб сучасных праблемах медыцыны, калі ледзь не кожны пацыент ставіць сабе дыягназы самастойна, а потым пачынае «вучыць» доктара.
Пашанцавала маладой загадчыцы і з калектывам установы, які аказаў навічку ўсю неабходную падтрымку падчас знаёмства з мясцовымі рэаліямі. Маладой сям’і выдзелена службовая кватэра.
Клепачы вельмі спадабаліся дзяўчыне, перспектывы ў гэтым аграгарадку, на думку загадчыцы амбулаторыі, вялікія. Аб чым сведчаць дзіцячыя галасы ў блізкіх ад медыцынскай установы школе і садку. Хаця В.А.Шанюк не выключае такога развіцця падзей, што можа калі-небудзь пакінуць гэтае месца работы, спакусіўшыся на іншыя прапановы. Але адразу папярэджвае, што пагодзіцца толькі тады, калі прапанаваная работа будзе значна цікавей, чым у мясцовай амбулаторыі.
— Лічу, што зрабіла правільны жыццёвы выбар. Таму раю тым, хто выбірае сабе прафесійны шлях, задумвацца не толькі аб зарплаце: не прыносяць грошы радасці, калі абавязкі становяцца цяжарам. Шукайце тое месца, дзе будзе цікава, гэта дасць значны штуршок для кваліфікацыйнага росту. А за ім і грошы пойдуць.
Алег Сідарэнка, фота Сяргея Талашкевіча.