Понедельник, 2 декабря 2024

Доктор Артур Аббазов: «В Беларуси я пустил свои корни»

2 618

Сям’я Аббазавых: бацькі, сын і дачка, — выехалі з Ташкента ў пачатку дзевяностых. У той час татарам ва Узбекістане было цяжка і з нацыянальнага пункту гледжання, і з эканамічнага. “Хочаш жыць дастойна – едзь ў Расію ці Беларусь”, — казалі многія выхадцы з былых саюзных рэспублік. Старэйшыя Аббазавы, якія марылі, каб іх сын стаў урачом, выбралі Беларусь.

У той час толькі адкрыўся Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт. Спыніліся ў Ветцы. І былі вельмі здзіўлены, калі замест “маласямейкі”, на якую толькі і маглі прэтэндаваць, пакінуўшы сваё жыллё ў Ташкенце, мясцовая ўлада выдзеліла ім асобны прасторны дом.

Час ішоў. Як і марылі бацькі, сын Артур скончыў медуніверсітэт, і па спецыяльнасці хірург прыступіў да работы спачатку ў Ельску, а затым у Крупках, дзе атрымаў спецыялізацыю ўролага. Аднак працаваць хацелася на Брэстчыне. “Тут цяплей, — тлумачыць сваё імкненне Артур Марсавіч, — а значыць, ёсць умовы для развіцця яшчэ і свайго захаплення – вінаградарства”. Неўзабаве на яго просьбу з абласнога аддзела аховы здароўя прыйшоў станоўчы адказ. Месца працы прапаноўвалі ў Пружанскай раённай бальніцы.
— Пасля тэлефоннай размовы з галоўным урачом бальніцы І.М.Пачынчыкам,  — успамінае Артур Аббазаў, — я ўжо не сумняваўся, што пераеду ў Пружаны.

“Збірайся і прыязджай з сям’ёй, — запрасіў тады Іван Мікалаевіч, — будзе табе і работа, і жыллё.”
Слова галоўны ўрач стрымаў. Выдзелілі маладой сям’і добраўпарадкаваную службовую кватэру, забяспечылі работай. Па спецыяльнасці правізар знайшлася работа і для жонкі Алены. Малога сына Аббазавых адразу забяспечылі месцам у дзіцячым садку.

— Пажылі, паглядзелі, знайшлі добрых знаёмых і сяброў і зразумелі: лепшага месца няма, — расказвае Артур Марсавіч. – Па-чалавечы аднесліся і ў райвыканкаме, дзе адразу сказалі: “Калі застаецеся, будуйцеся!”. І прапанавалі ўчасткі пад забудову на выбар. Гарантаваў фінансавую падтрымку і банк.

Дзякуючы будаўнічай арганізацыі ПМК-21 і асабліва В.С.Лук’янчуку і А.А.Хілько, якія яшчэ і кансультавалі маладога забудоўшчыка, ужо праз два гады Аббазавы не толькі пабудавалі, усяліліся ва ўласны дом. З нараджэннем дачкі ім дабавілі суму льготнага крэдытавання пад сто працэнтаў забудовы.

Мара маладога доктара – мець уласны дом і свой вінаграднік здзейснілася ў Пружанах. Лічыць, што менавіта ў такім невялікім гарадку, як  наш, створаны ўсе неабходныя ўмовы для шчаслівага сямейнага жыцця. Аббазавы  з вялікай пашанай ставяцца да татарскіх нацыянальных традыцый, з такой жа павагай адносяцца да беларускіх. Пяцігадовы Рэнат вывучае беларускі алфавіт і ведае многія беларускія словы, за брацікам цягнецца і маленькая Дыляра. “Сам я беларускую мову асвоіў  яшчэ ва ўніверсітэце, — усміхаецца Артур Марсавіч, — а ўдасканальваю веды з дапамогай жонкі-беларускі”.

Цяпер Артур Аббазаў марыць перавезці ў новы дом і сваіх бацькоў. Для іх ужо адведзены асобны пакой.

— Тут я пусціў свае карані, — кажа ён. — Тут мне жыць і працаваць. Таму імкнуся заўсёды дапамагаць людзям гэтак жа, як дагэтуль дапамагалі мне.
Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *