Аддзяленне спецыялізаванага дазнання — адно з самых маладых у Пружанскім РАУС. Складаюць яго таксама маладыя, але добра ведаючыя службу афіцэры: па выніках мінулага года менавіта гэтае аддзяленне стала лепшым у вобласці. Супрацоўнікі паказалі сябе сапраўднымі прафесіяналамі, на працягу года імі даследавана і накіравана ў суд 191 справа.
На сённяшні дзень у складзе калектыву пяць дазнавацеляў, узначальвае якіх М.В.Басак. Максім Васільевіч прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы. На свайго кіраўніка раўняюцца і маладыя супрацоўнікі. Напрыклад, Сяргей Уладзіміравіч Віцько прызнаны лепшым дазнавацелем вобласці і яго партрэт знаходзіцца на Дошцы гонару ўпраўлення ўнутраных спраў.
Дазнанне займаецца многімі справамі. Як адзначыў начальнік аддзялення М.В.Басак, ні адзін год не абыходзіцца без браканьерстваў. Вось і летась выкрыта крымінальная справа ў дачыненні да жыхароў раёна, якія непадалёку ад в.Асошнікі застрэлілі аленя высакароднага. Нядоўга парадаваліся здабычы. Хутка па месцы жыхарства яны былі затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Прагнасць нажывы была пакарана.
Нярэдкасць для нашага раёна і знікненне людзей. Па такіх справах расследаванні вядуцца асабліва карпатліва. Бывае, што пошукі зацягваюцца на некалькі гадоў, але амаль заўсёды чалавека знаходзяць.
— Аднойчы праз пяць гадоў пасля знікнення была знойдзена жанчына, якая пакінула сваю сям’ю,— расказвае Максім Васільевіч.— Яе дзеці ўжо пачалі атрымліваць матэрыяльную падтрымку ад дзяржавы, але зараз гэтая жанчына павінна ўтрымліваць іх за свае грошы. Справамі, калі бацькі не жадаюць даглядаць сваіх дзяцей, таксама займаецца наша падраздзяленне: 46 чалавек прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўчыненне такіх правапарушэнняў. Упершыню ў мінулым годзе намі былі ўзбуджаны і расследаваны справы ў адносінах пяці маладых людзей, якія ўхіляюцца ад воінскага прызыву.
Добра, што гэту работу выконваюць такія адданыя сваёй справе супрацоўнікі аддзялення спецыялізаванага дазнання Пружанскага РАУС. І вельмі хацелася б, каб іх праца не праходзіла марна, каб наш горад быў не толькі прыгожым, а ціхім і мірным, каб менш было выклікаў па тэлефоне 102. фота Аляксандра Мелеша
Яна ГУРСКАЯ, фота Аляксандра Мелеша.