Суббота, 18 января 2025

«Дожинки-2014» прошли в Ружанах, следующие планируются в Шерешево

3 838

У мінулую суботу ў папрыгажэлых Ружанах прайшло раённае свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2014». У такой форме яно праводзілася ўпершыню, таму, напэўна, надоўга запомніцца яго ўдзельнікам і гасцям.IMG_9268

Атмасфера свята адчувалася  яшчэ задоўга да пад’езду да Ружан. Уздоўж шашы Пружаны-Ружаны былі ўстаноўлены вырабленыя з рулонаў саломы сапраўдныя творы мастацтва. Саламяныя «трактар», «млын», «заяц», «вусень», «паравозік» прыцягвалі ўвагу праезджых, і яны ахвотна фатаграфаваліся  каля саламяных кампазіцый.IMG_9240

Пачалося свята з урачыстага шэсця дэлегацый гаспадарак ад гарадской плошчы Ружан да музея «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў». На чале калоны — раённы каравай, які, дарэчы, спяклі на Пружанскім хлебазаводзе. Хлебапёкі і кандытары пастараліся: каравай важыў каля 80 кілаграмаў!

Асноўныя падзеі свята адбываліся на тэрыторыі палацавага комплексу. На сцэну ўзняўся старшыня аблвыканкама К.А. Сумар, які выступіў з прамовай і павіншаваў хлебаробаў Пружаншчыны з працоўнай перамогай.

У прыватнасці, губернатар адзначыў, што Пружанскі раён мае свае даўнія і моцныя працоўныя традыцыі: за апошнія сем гадоў раён шэсць разоў атрымліваў звыш 100 тысяч тон збожжа. Два гады таму  быў трэцім у вобласці па выніках жніва, а летась заняў першае месца.IMG_8591

А ўвогуле, як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, Пружаншчына дае звыш 10% валавой вытворчасці сельскай гаспадаркі вобласці, 17% вытворчасці бульбы, 61% — ільновалакна. Раён ўпэўнена ўтрымлівае першае месца па вытворчасці малака не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.

— Самае каштоўнае, — сказаў Канстанцін Андрэевіч, — гэта зямля і людзі, якія тут жывуць. — Будзе збожжа — будзе малако і мяса.

Ад пружанскіх земляробаў старшыні аблвыканкама быў уручаны каравай, выпечаны з мукі новага ўраджаю.IMG_8616

На сцэну ўзняўся старшыня райвыканкама М.М.Серкоў, якому ўручылі сімвалічны сноп збажыны. Як адзначыў у сваёй прамове Міхаіл Мікалаевіч, для сельскіх працаўнікоў раёна, сёлетні намалот збожжа ў 146 тысяч тон — гэта не мяжа, а толькі пачатак той карпатлівай работы, якая чакае наперадзе. Ён падзякаваў усім тым, хто працаваў кожны дзень, без выхадных, на агульны раённы каравай.IMG_9205

Потым пачалася цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў жніва. Першым на сцэну ўзняўся дырэктар ААТ «Ружаны-Агра» В.В.Харута. Сёлета земляробы гэтай гаспадаркі атрымалі звыш 30 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 47 цэнтнераў з гектара. Менавіта гэты працоўны калектыў і стаў пераможцам раённага спаборніцтва. Такі поспех кіраўнік бачыць перш за ўсё ў захаванні тэхналогій і самаадданай працы людзей. У ліку прызёраў спаборніцтва — ААТ «Агра-Калядзічы» і ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына». Пераможцамі прызнаны і атрымалі грашовыя прэміі галоўныя аграномы гэтых гаспадарак  Л.У.Чарняк і  А.В.Шыпуль, а таксама галоўны інжынер ААТ «Ружаны-Агра» С.А Роўгач.IMG_8705

Адзін за адным узнімаюцца на сцэну для атрымання ўзнагарод экіпажы камбайнаў, вадзіцелі аўтамабіляў, машыністы зернесушыльных комплексаў. Заслужана былі адзначаны сямейныя і маладзёжныя экіпажы, маладыя вадзіцелі, а таксама вадзіцелі, якія дастаўлялі зерне на ААТ «Аранчыцкае збожжапрыёмнае прадпрыемства».

Далей галоўнае свята сельскіх працаўнікоў раёна працягвалася ўзнагароджваннем маладых сем’яў, якія бралі ўдзел у конкурсе «Лепшы вясковы падворак». Пераможцам яго стала сям’я Міхаіла і Марыны Ганчароў з аграгарадка Кляпацкі. У ліку прызёраў таксама сем’і Віталія і Вольгі Яцук з аграгарадка Калазубскі, Вадзіма і Кацярыны Дацэвічаў з вёскі Смаляны. А ўвогуле, усе маладыя сем’і, якія бралі сёлета ўдзел у конкурсе, адзначаны памятнымі падарункамі.IMG_8943

Арганізатары свята і кампетэнтнае журы падвялі вынікі конкурсу на лепшае святочнае афармленне калоны і лепшы каравай. У першай намінацыі перамагло ААТ «Ліноўскае». Другое і трэцяе месцы дасталіся адпаведна ААТ «Ружаны-Агра» і ААТ «Агра-Калядзічы».

Лепшы святочны каравай атрымаўся ў ААТ «Айчына». Прызёрамі тут сталі таксама ААТ «Пружанскае» і ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына».

На свяце не было месца для суму. Усе жадаючыя маглі пакаштаваць раённы каравай. Працавалі гандлёвыя рады і выстава народнай творчасці. Для самых маленькіх удзельнікаў былі прадугледжаны дзіцячыя атракцыёны.IMG_8986

Насычанай атрымалася і канцэртная праграма. Перад прысутнымі выступілі творчыя калектывы раёна, а таксама госці са Свіслачы і Бярозы. Гарачымі апладысментамі віталі ўдзячныя гледачы канцэрт заслужанага ансамбля народнай музыкі «Свята». Да позняга вечара працягвалася народнае гулянне ля сцен старажытнага палаца Сапегаў. Закончылася ўсё эстрадным кактэйлем-дыскатэкай «Танцуем і спяваем».IMG_9051

Свята сельскіх працаўнікоў раёна завяршылася, яно ўдалося на славу. Цяпер з нецярпеннем будзем чакаць наступнага. У будучым годзе яно таксама адбудзецца ў адным з аграгарадкоў.

Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *