Четверг, 10 октября 2024

Добровольные дружинники в Пружанах: за год выявлено 91 правонарушение

2 731

Лічыцца, што атрады добраахвотнай дружыны ў дапамогу праваахоўным органам пачалі стварацца па ініцыятыве бальшавікоў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але на самой справе першыя падобныя фарміраванні былі арганізаваны яшчэ ў 1913 годзе, а вось з прыходам савецкай улады іх скасавалі. І толькі па ініцыятыве працоўных калектываў добраахвотныя народныя дружыны зноў адрадзіліся.

Пасля абвяшчэння незалежнасці былых савецкіх рэспублік толькі ў Беларусі захаваліся ДНД. Можна доўга спрачацца наконт неабходнасці іх існавання, але цяпер падобныя суполкі зноў актыўна адраджаюцца па ўсёй Расіі: колькасць добраахвотных дружыннікаў ужо налічвае амаль паўмільёна чалавек.dnd

Што тычыцца нашага горада, то касцяк атрадаў дружыннікаў складаюць прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый.

Як расказаў начальнік аддзела прафілактыкі РАУС П.У.Сандрыгайла, у нас назіраецца тэндэнцыя змяншэння колькасці добраахвотных дружын.

— Зразумела, што выкананне абавязкаў дружынніка патрабуе часу і сіл, з-за чаго кожная арганізацыя распрацавала сваю сістэму заахвочвання — грашовымі выплатамі або дадатковым адпачынкам,— паведамляе Павел Уладзіміравіч.— Аднак некаторыя ўстановы, на жаль, адмянілі гэта палажэнне ў калектыўных дагаворах.

Побач з гэтым ён прыводзіць і такія лічбы: сёлета з дапамогай членаў ДНД было выяўлена 91 правапарушэнне. Гэта без уліку папярэджаных.

Аднак любая статыстыка не можа апісаць сітуацыю падрабязна. І, каб «у палявых умовах» высветліць неабходнасць такога грамадскага памочніка праваахоўным органам, я вырашыў трапіць на дзяжурства разам з дружыннікамі.

Безумоўна, многага ўбачыць мне не давялося: па-першае, цяперашняе надвор‘е не спрыяе «сходкам» аматараў пакуралесіць на гарадскіх вуліцах або ў парку, па-другое, трэба аддзяжурыць мінімум паўгода, каб пазнаёміцца з усімі традыцыямі баўлення вольнага часу пэўнай катэгорыяй гараджан. Таму не дзіўна, што  ў калектыўным дагаворы райгазу, з атрадам ДНД якога мне давялося правесці начны рэйд, прадугледжана матэрыяльнае ўзнагароджанне толькі пасля шасці выхадаў, але з кожным наступным яго памеры павялічваюцца.

— Набраць колькасць выхадаў нескладана, бо зараз на кожны месяц прыходзіцца па 3-4 дзяжурствы з-за таго, што з некаторых арганізацый перасталі выходзіць дружыннікі,— расказвае Сяргей Сяргеевіч Барысюк, камандзір ДНД прадпрыемства. У дзень дзяжурства, акрамя яго, на вуліцу выйшлі С.С.Клюкач, В.В.Грышкевіч і В.М.Прыпутневіч.

Наша дзяжурства пачалося ў восем гадзін вечара. Пасля кароткага інструктажу разам з дружыннікамі ў рэйд заступілі і двое міліцыянераў: вадзіцель дзяжурнай службы А.В.Сарока і ўчастковы С.В.Пацейка.

— Звычайна мы дзелімся на дзве групы, у кожнай — міліцыянер і два дружыннікі, каб ахапіць як мага больш тэрыторыі, але ў выхадныя і святочныя дні аб’ядноўваемся, каб  адбіваць ахвоту ў хуліганаў уступаць у канфлікт,— тлумачыць Сяргей Валянцінавіч.

Як правіла, папярэдняга графіку няма і маршрут заўсёды выбіраюць супрацоўнікі міліцыі. Яны кіруюцца крымінальнымі зводкамі.

Хапае ўсякага, асабліва ў цёплы перыяд года, калі на лаўках збіраецца нямала аматараў выпіць, у тым ліку і непаўналетніх. Бывае, што едуць з горада на дыскатэкі ў вёскі і буяняць там. Напрыклад, у мінулыя выхадныя давялося накіроўваць спецтранспарт па хуліганаў у Шарашова.

На гэты раз разам з намі на дзяжурстве ў рамках сацыяльнай праграмы «Быт» былі сацыяльны педагог  СШ №3 А.Б.Засім і спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага  цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва С.А.Прэдка. Па іх ініцыятыве мы наведалі некалькі сем’яў, што падпадаюць пад катэгорыю сацыяльна небяспечных для выхоўваемых дзяцей. Напрыклад, па вуліцы Каліноўскага пражывае сям‘я з трыма малалетнімі дзецьмі. Падчас нашага візіту і бацька, і маці  былі ў нецвярозым стане.

Дзяжурства добраахвотнай дружыны доўжыцца працяглы час. Атрад ДНД абыходзіць многія вуліцы, а таксама ўсе ўстановы грамадскага харчавання. Толькі на адзін гарадскі парк і стадыён мы патрацілі не менш гадзіны. З кожнай групай моладзі дружыннікі праводзілі тлумачальныя гутаркі, нагадвалі, каб не засмечвалі тэрыторыю і не псавалі лаўкі.

— Не ўсе такія заўвагі ўспрымаюць адэкватна, здараюцца і  канфлікты, разбірацца з якімі павінны міліцыянеры. Мы можам толькі аказаць дапамогу ў выяўленні парушэння і ў затрыманні найбольш скандальных асоб,— зазначае С.С.Барысюк.

— А калі дружыннік атрымае траўму?— пытаюся ў камандзіра.

— На гэты выпадак прадугледжана страхоўка: наша арганізацыя аплочвае яе.

Дзяжурства скончылася спакойна. Такое бывае нярэдка, хаця часам у дружыннікаў пілікалі мабільнікі: жонкі высвятлялі, ці ўсё ў парадку з мужамі. Аднак і такі спакой можна тлумачыць па-рознаму. Магчыма, знаходжанне на вуліцах добраахвотных памочнікаў адбівае жаданне хуліганіць. Значыць, гараджане могуць спакойна гуляць па вечарах, ведаючы, што вуліцы пад пільным кантролем.

Але ёсць яшчэ адзін пазітыўны момант. Як расказвае П.У.Сандрыгайла, добраахвотныя дзяжурствы прывучаюць і саміх членаў ДНД да законапаслухмянасці: за апошнія пяць гадоў не зарэгістравана ніводнага правапарушэння з боку тых, хто патрулюе вуліцы разам з міліцыянерамі. Вось і мяркуйце самі, ці патрэбны такія аб’яднанні нашаму грамадству.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *