Пра тое, што аплата за спажыты газ вырасце, актыўна гаварылася яшчэ з пачатку года. Наколькі, з якога перыяду і каго гэта датычыць, нам расказаў дырэктар раённага вытворчага ўпраўлення “Пружанырайгаз” А.С.Крац.
— Аляксандр Станіслававіч, вядома, што з 1 лютага 2013 года пачалі дзейнічаць дыферэнцыраваныя тарыфы на паслугі газазабеспячэння. Што гэта такое і на якія катэгорыі насельніцтва яны распаўсюджваюцца?
— Дыферэнцыраваныя тарыфы на паслугі газазабеспячэння – гэта трохступеньчатая сістэма тарыфаў у залежнасці ад аб’ёмаў спажывання. Мэтай увядзення такіх тарыфаў з’яўляецца стымуляванне насельніцтва эканоміць газ. Аднак датычыць гэта будзе пераважна ўладальнікаў прыватных дамоў. Бо дыферэнцыраваныя тарыфы распаўсюджваюцца толькі на абанентаў, якія маюць газавае ацяпляльнае абсталяванне – катлы. І не важна, дзе гэтыя катлы ўстаноўлены – у прыватным ці шматкватэрным доме з пакватэрным ацяпленнем.
— Няўжо няма льготнікаў?
— Дыферэнцыраваныя тарыфы не распаўсюджваюцца на шматдзетныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, няпоўныя сем’і, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід, а таксама сем’і, выхаваннем дзяцей у якіх займаюцца бацькі – інваліды І і ІІ груп, і сем’і, у якіх адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам І групы, а другі ажыццяўляе яго догляд і атрымлівае дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам.
— Раскажыце, калі ласка, у чым заключаюцца асаблівасці дыферэнцыраваных тарыфаў.
— Асноўнай асаблівасцю з’яўляецца тое, што цяпер пры вызначэнні цаны будзе ўлічвацца колькасць газу, якую скарыстаў абанент з пачатку года. Згодна з пастановай Савета Міністраў №52 ад 23.01.2013, устаноўленая заканадаўствам сацыяльна арыентаваная цана на газ будзе прымяняцца толькі да той пары, пакуль абанент не выкарыстае з пачатку года 3000 кубаметраў газу. Далей ідзе падаражанне: да 5500 кубаметраў – на 30%, звыш 5500 м3 – па цане, якая забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных выдаткаў. Такім чынам, для тых спажыўцоў, якія выкарыстаюць на працягу года не больш 3000 м3 газу, цана на яго павялічвацца не будзе.
— Аляксандр Станіслававіч, дыферэнцыраваныя тарыфы ўведзены ў лютым, а як будзе ўлічвацца газ, спажыты ў студзені бягучага года?
— І сапраўды, хоць тарыфы павысіліся з 1 лютага, улік газу пачнецца з 1 студзеня. Аднак для абанентаў, якія маюць газавыя ацяпляльныя прыборы, але не маюць прыбораў уліку выкарыстанага газу, цана з 01.07.2013 г. бу-дзе роўнай цане, якая забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных выдаткаў. А гэта – 2095,1 руб. за кубаметр незалежна ад аб’ёмаў спажывання.
— Ці шмат абанентаў спажываюць прыродны газ у аб’ёмах, якія перавышаюць 3000 м3 у год?
— Аналіз спажывання прыроднага газу па раёне ў 2012 годзе паказвае, што з 3815 абанентаў, якія маюць катлы, 2881 — (75,4%) спажылі да 3000 м3 газу, 902 (23,6%) — да 5500 м3 і 28 абанентаў (меней 1%) выкарысталі звыш 5500 м3 газу.
— Раскажыце, калі ласка, пра цэны на газ, якія дзейнічаюць у 2013 годзе.
— З 1 студзеня бягучага года на прыродны газ дзей-нічаюць цэны, вызначаныя адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Так, кошт 1 м3 газу для абанентаў, у якіх устаноўлены газавыя катлы і ёсць прыборы ўліку расходу газу, у ацяпляльны перыяд складае 358,8 рубля, у летні – 933,6 рубля.
Пры адсутнасці прыбораў уліку цана на газ у абанентаў з катламі залежыць ад агульнай плошчы і складае ў ацяпляльны перыяд 2044 руб., а ў летні – 766,5 руб. за квадратны метр агульнай плошчы.
Цана газу для абанентаў, у якіх ёсць прыборы ўліку і няма газавых ацяпляльных прыбораў, складае 933,6 руб. за 1 м3 на працягу ўсяго года.
А для абанентаў, у якіх няма прыбораў уліку і газавых ацяпляльных прыбораў, цана на газ залежыць ад колькасці пражываючых і складае ў месяц на аднаго пражываючага: 7468,8 рубля – пры наяўнасці газавай пліты і цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння ці індывідуальнага воданагравальніка (за выключэннем газавага); 21472,8 рубля – пры наяўнасці газавай пліты і газавага воданагравальніка (пры адсутнасці цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння); 12136,8 рубля — пры наяўнасці газавай пліты і адсутнасці цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння і газавага воданагравальніка.
Цана, якая забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных выдаткаў, складае 2095,1 руб. за кубаметр газу.
— Аляксандр Станіслававіч, што б Вы параілі жыхарам – спажыўцам газу, каб у іх не ўзнікала праблем з аплатай?
— У першую чаргу, своечасова, да 25 чысла кожнага месяца, разлічвацца за газ. Тым абанентам, у каго яшчэ не ўстаноўлены газавыя лічыльнікі, я б раіў іх устанавіць з мэтай эканоміі грошай. І самае галоўнае: каб карыстанне газам прыносіла толькі радасць, варта беражліва яго расходаваць.
Калі ў людзей з’явяцца пытанні з нагоды аплаты за газ, я рады буду адказаць на іх у панядзелак, 11 лютага, з 10 да 12 гадзін па тэлефоне 9-12-47.
Гутарыла Галіна Каляда.