Пяць гадоў таму ў раёне быў створаны цэнтр аператыўнага кіравання, які звязаў усе экстраныя службы з адным трывожным нумарам «112». Як расказвае дыспетчар ЦАК В.М.Канавалік, раней атрыманая на «101» інфармацыя аб здарэнні таксама перадавалася па інстанцыях, але зараз гэта адбываецца больш аператыўна, дазваляючы эканоміць каштоўны час на рэагаванне.
— Дзяжурны райаддзела міліцыі. На вуліцы Свабоды састарэлая жанчына не можа выйсці з кватэры з-за сапсаванага дзвярнога замка.
— Накіроўваю падраздзяленне на аказанне дапамогі, яны прыбудуць праз некалькі мінут…
— Знаходзімся на месцы, чалавек дэблакіраваны, медыцынская дапамога не патрабуецца.
— Адбой трывогі, вяртайцеся на базу.
Падобных выклікаў за змену, якая доўжыцца 24 гадзіны, дыспетчару даводзіцца рэгістраваць паўсотні нават у самыя спакойныя дні. Аказаць падтрымку пацярпелым у аварыі, адшукаць чалавека, выратаваць на пажары, дапамагчы пакінуць дом, нават выратаваць лебедзя, які замярзае на аўтобусным прыпынку. У газетнай рубрыцы «Трывожны тэлефон» чытач можа даведацца толькі пра самыя гучныя здарэнні, а дыспетчар рэгіструе ўсе, высылаючы групы выратавання. Яго дапамога застаецца нібы «за кадрам», але дзякуючы яму аператыўна прыязджае дапамога, эканомяцца мінуты для захавання маёмасці, здароўя і нават жыцця.
— Дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання слухае.
— На вуліцы Вашкевіча няма гарачай вады.
— Там ідзе ліквідацыя аварыйнай сітуацыі, да вечара гарачае водазабеспячэнне адновіцца.
Нават такую інфармацыю ведае дыспетчар цэнтра, супакойваючы людзей, дапамагаючы пазбягаць панікі. Безумоўна, цяжка захаваць «халодную галаву», калі гарыць твая маёмасць, і яшчэ цяжэй, калі ў ахопленым агнём доме знаходзяцца людзі. Дыспетчар павінен падказаць правільныя дзеянні, супакоіць да прыезду пажарных.
— Цяжэй за ўсё гаварыць з людзьмі, якія паведамляюць аб пажары, — расказвае Віталь Міхайлавіч.— Галоўнае — атрымаць усю неабходную інфармацыю, каб прыняць правільнае рашэнне аб накіраванні адпаведнай колькасці падраздзяленняў.
І самае крыўднае, калі становіцца вядома, што трывожны выклік быў… жартам. Такое было ў практыцы дыспетчара В.М.Канаваліка, калі патэлефанаваў хлопчык і паведаміў, што яго дом гарыць. Ён плакаў так артыстычна, што дыспетчар паверыў яму і адразу накіраваў падраздзяленне выратавальнікаў. Прычым для аказання дапамогі былі адпраўлены машыны з бліжэйшых вясковых пастоў. Яны доўга ездзілі, шукаючы дом, бо малы назваў няправільны адрас. І толькі па нумары тэлефона ўдалося вылічыць яго. Хлопчык прызнаўся, што пажартаваў.
Карыстаючыся момантам, В.М.Канавалік звяртаецца да ўсіх жыхароў раёна з просьбай пакінуць такія жарты:
— Не буду расказваць аб тым, што наша дапамога, магчыма, у час, калі машыны выехалі па жартоўным выкліку, патрэбна была б у іншым месцы. Але там давядзецца чакаць, калі транспарт вернецца на базу для дазапраўкі, хаця кожная секунда абыходзіцца дарагой цаной.
На здымку: (злева направа) дыспетчары цэнтра аператыўнага кіравання М.М.Ладычук, В.М.Канавалік, А.А.Волкаў, В.А.Ліцкевіч.
Алег Сідарэнка, фота аўтара.