З эканамічнымі праблемамі сутыкнуліся прадпрыемствы шэрагу галін нашай краіны. Не мінуў бокам крызіс і УП «Ружанская мэблевая фабрыка». Каб даведацца, як выглядае сітуацыя сёння, мы пабывалі на прадпрыемстве.
Варта прызнаць, што ў мінулым годзе назіралася рэзкае зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці, а разам з тым і ўсе вынікаючыя адсюль непрыемныя наступствы, — расказвае дырэктар мэблевай фабрыкі Валерый Сідоранка. — Але праблемныя пытанні стараліся вырашаць аператыўна і разумна, дзякуючы чаму, напэўна, і выходзім дастойна з сітуацыі.
Пераламіць сітуацыю сапраўды ўдалося: толькі за два месяцы бягучага года аб’ём вытворчасці склаў 108% да ўзроўню ўсяго мінулага года. Праўда, праблемы з экспартам усё яшчэ існуюць: за мяжу пакуль адпраўляецца мэблі 30% да леташняга ўзроўню. Але ружанскія мэбельшчыкі мяркуюць, што вырашыць задачу з нарошчваннем экспарту сёлета будзе пад сілу. І для гэтага спадзявання ёсць усе падставы: у лютым Валерый Мікалаевіч пабываў з рабочым візітам у Алма-Аце, дзе прайшла сустрэча з партнёрамі з Кіргізіі, Таджыкістана і Казахстана. Паводле вынікаў гэтых перагавораў экспарт ружанскай мэблі ў гэтыя краіны паступова павінен нарасціць аб’ём. Акрамя таго, вывучаюцца і новыя рынкі збыту. У красавіку дырэктар прадпрыемства пабываў на мэблевай выставе ў Баку. Ужо ёсць нават напрацоўкі па выхаду на заходнееўрапейскі рынак: перагаворы аб супрацоўніцтве вядуцца з Германіяй.
Нават калектыў удалося захаваць: колькасць работнікаў за апошні год скарацілася не больш як на 20 чалавек. Сярэднямесячная зарплата па прадпрыемстве цяпер складае больш 4,2 мільёна рублёў.
Нягледзячы на ўзнікаючыя вытворчыя цяжкасці, на Ружанскай мэблевай фабрыцы актыўна займаюцца пашырэннем асартыменту выпускаемай прадукцыі, каб задаволіць патрэбы партнёраў. Ва ўмовах эканамічнай нестабільнасці ўлічваюцца і фінансавыя магчымасці патэнцыяльных пакупнікоў. Валерый Мікалаевіч тлумачыць:
— Сёння прадпрыемства стараецца працаваць на шырокае кола спажыўцоў, таму робіць мэблю больш бюджэтных варыянтаў. Так, нядаўна з канвеера выйшаў набор для спальні «Ліза», кошт якога складае крыху больш пяці мільёнаў рублёў. Да катэгорыі так званых народных мадэляў можна аднесці яшчэ тры новыя і два мадыфікаваныя спальныя гарнітуры. Усяго шэсць новых спальняў можам прапанаваць. Заяўкі на недарагія навінкі ўжо паступаюць.
Па просьбе партнёраў сёння тут гатовы абнаўляць і іншыя прадметы мэблі. Напрыклад, па гэтай прычыне быў мадыфікаваны буфет «Алеся»: цяпер ён аздоблены серабрыстай пацінай. Разам з узмацненнем жорсткасці патрабаванняў да мэблевых вытворцаў на еўразійскай прасторы павысілі планку якасці мэблі і ў ружанскіх цэхах.
А вось што тычыцца ўнутранага рынку, асноўная надзея ўскладаецца на фірменны гандаль. У фірменных крамах мэбля прадаецца практычна па сабекошце.
Варта адзначыць, што за апошнія гады геаграфія магазінаў УП «Ружанская мэблевая фабрыка» пашырылася. Акрамя Мінска і Ружанаў, цяпер мэблю пад лагатыпам «РМ» прадаюць у фірменных магазінах у Пружанах і Лунінцы, разглядаюцца магчымасці па адкрыцці магазінаў у Мазыры і яшчэ аднаго — у сталіцы. Ружанскія вытворцы мэблі ідуць у нагу з часам: нядаўна ў фабрыкі з’явілася анлайн вітрына, якая ў перспектыве будзе працаваць як інтэрнэт-магазін.
— Пакуль жа мы ўдасканальваем сістэму дастаўкі: сёння наша мэбля можа быць дастаўлена са склада ў Мінску практычна ў любы горад Беларусі,— расказвае В.М.Сідоранка. — А пружанцаў, жыхароў раёна і гасцей горада запрашаем наведаць нашу краму «Алеся» ў Пружанах, якая знаходзіцца ў будынку былога «Водаканала». Там можна набыць спальныя гарнітуры ад 4 мільёнаў рублёў.
Чаму ж так здарылася, што адна з яшчэ нядаўна перадавых мэблевых вытворчасцей Беларусі, пайшла на спад? На гэтае пытанне ў дырэктара Валерыя Сідоранкі ёсць яшчэ адно тлумачэнне.
— Мы заўсёды працавалі ў адной звязцы са сваім заснавальнікам — ААТ «Івацэвічдрэў»: з цэхаў таварыства атрымлівалі гатовыя дэталі для мэблі. Натуральна, закрыццё цэха мэблевых дэталей на рэканструкцыю не магло не адбіцца на дзейнасці нашага прадпрыемства. На сённяшні дзень вытворчасць у Івацэвічах адноўлена, усё наладжваецца і ў нас.
Нельга не згадаць пра шарашоўскі цэх. Кіраў-ніцтва ў Ружанах па-ранейшаму звязвае з ім планы па вытворчасці мяккай мэблі. Сёння львіная доля аб’ёму вытворчасці прыходзіцца на крэслы тэатральныя — тыя, што ў свой час упрыгожылі інтэр’ер Нацыянальнага тэатра оперы і балета ў Мінску.
— Не буду хітрыць, заказаў на іх менш звычайнага, але яны ёсць. Ва ўсякім разе зварочваць вытворчасць у Шарашова ніхто не збіраецца, — развейвае кіраўнік чуткі наконт ліквідацыі цэха. — Канешне, у Шарашове вытворчая база не самая сучасная, а таму прадукцыі складана канкурыраваць. Дзякуючы мадэрнізацыі ўчастка, цяпер мы наладзілі там вытворчасць спальняў і тым самым пашырылі кааперацыю паміж цэхамі нашага прадпрыемства.
Між іншым, у Шарашоўскім цэху асвоены новы від аддзелкі мяккай мэблі — карэтная сцяжка, даволі стыльная і арыгінальная, зарэкамендаваўшая сябе як спосаб дэкарыравання яшчэ ў 18 стагоддзі. Менавіта карэтнай сцяжкай сёння ў Шарашове ўпрыгожваюць падгалоўе ложкаў новых спальняў «Дзіяна».
Партнёры ставяць высокую адзнаку ўсім новым ідэям ружанскіх мэбельшчыкаў. А гэтае дае падставу з аптымізмам глядзець у заўтрашні дзень.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).