Апошнім часам у сродках масавай інфармацыі актыўна абмяркоўваюцца пытанні якасці падрыхтоўкі вадзіцеляў і бяспекі дарожнага руху. І такая ўвага невыпадковая, бо працэнт дарожна-транспартных здарэнняў, якія былі ўчынены вадзіцелямі са стажам да аднаго года, штогод павялічваецца. У тым ліку і па нашым раёне. Перш за ўсё, гэта сведчыць аб нізкай якасці падрыхтоўкі ў аўташколах.
Гэта адзначыў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што на сучасным этапе наспела неабходнасць некалькі змяніць падыходы да падрыхтоўкі вадзіцеляў.
У чым жа прычына такой сітуацыі? З такім пытаннем мы звярнуліся да старшыні раённай структуры ДТСААФ С.А.Сянкевіча. Наша арганізацыя на працягу ўжо некалькіх дзесяцігоддзяў праводзіць навучанне маладых вадзіцеляў,— расказвае Сяргей Аляксандравіч.
— На сённяшні момант у нас праходзяць падрыхтоўку для атрымання вадзіцельскага пасведчання 98 чалавек. Мы праводзім навучанне катэгорыям В, С і D, таксама перанавучанне з адной катэгорыі на іншую. Як я ўжо адзначыў, мы навучаем вадзіцеляў некалькі дзясяткаў гадоў, а трывожная дынаміка з аварыйнасцю назіраецца толькі ў апошнія гады. На маю думку, прычына гэтаму — камерцыялізацыя працэсу. Для некаторых аўташкол стала звыклым арганізоўваць працэс падрыхтоўкі з павышанай хуткасцю, з выключэннем з працэсу навучання некаторых элементаў ваджэння. Тут мэта адна: рыхтаваць як можна больш і хутчэй, каб узяць пабольш грошай.
— Якім чынам можна выправіць такую негатыўную тэндэнцыю?
— Неабходна арганізацыям, якія займаюцца падрыхтоўкай вадзіцеляў, пастаянна мадэрнізавацца, удасканальваць як навучальны працэс, для чаго падбіраць адпаведныя кадры, так і матэрыяльную базу. ДТСААФ у гэтым плане не стаіць на месцы. У нас склаўся выдатны выкладчыцкі калектыў, у якім многія маюць даволі ўнушальны стаж работы ў аўташколе. Таксама ўдасканальваем працэс падрыхтоўкі: напрыклад, хутка пачнем рыхтаваць вадзіцеляў катэгорыі Е, што пакуль для нашага раёна ў навінку. Засталося вырашыць некалькі тэхнічных пытанняў і ў пачатку лета плануем набіраць першых слухачоў.
Пільную ўвагу ўдзяляем мадэрнізацыі машыннага парку. Нядаўна набылі «ЗІЛ-131», да якога хутка атрымаем прычэп. Таксама ёсць шэсць легкавікоў, самаму старэйшаму з якіх восем гадоў, у тым ліку і дзве іншамаркі. Створаны сучасны камп’ютарны клас, у якім мадэлююцца розныя сітуацыі на дарогах з адлюстраваннем на агульным экране. Развіваецца і стэндавая праграма, каб слухачы маглі адчуць, як трэба сябе паводзіць яшчэ да рэальнага выезду на дарогу.
— Між тым, на маю думку, патрэбна ўзмацніць і кантроль за дзейнасцю аўташкол.
— Гэта сапраўды неабходна. Трэба праводзіць жорсткую сертыфікацыю ўсёй матэрыяльнай базы аўташкол, удакладніць і прывесці ў адзіны парадак усю навучальную праграму, правесці атэстацыю выкладчыкаў. Таксама трэба распрацаваць крытэрыі адказнасці адміністрацыі аўташколы за няздадзеныя іспыты.
Напрыклад, для нас гэты паказчык лічыцца асноўным: згодна з апошняй статыстыкай, тэорыю выдатна здаюць звыш 90% слухачоў, ваджэнне — у сярэднім 65%. Трэба прызнаць, што прыходзяць да нас перавучвацца тыя, хто праходзіў навучанне ў іншых аўташколах.
— Сяргей Аляксандравіч, як даўно ўжо сцвярджаюць псіхолагі і педагогі, навучанне трэба арганізоўваць яшчэ з маленства. Ці можа ДТСААФ рыхтаваць будучых вадзіцеляў яшчэ са школьнай парты?
— Мы зараз стварылі выдатную базу для арганізацыі такога выхаваўчага працэсу. Для гэтага ёсць тры выдатныя картынгі, з дапамогай якіх дзеці маглі б навучацца асноўным элементам ваджэння і закладваць аснову ведання Правілаў дарожнага руху. Дарэчы, адна машына па сваіх габарытах дазваляе набіраць у групу дзяцей з васьмі гадоў.
Аднак пакуль ёсць дзве перашкоды для таго, каб аднавіць работу такога гуртка. У нас ёсць у райцэнтры невялікі аўтадром, але ён не адпавядае тэхнічным патрабаванням картынгаў. У маі плануем прывесці яго ў належны выгляд: дабудуем невялікае кальцо, каб можна было адпрацоўваць некаторыя элементы ваджэння. Таксама падчас гутаркі з начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С.М.Шчыпанавым атрымалі падтрымку ў правядзенні заездаў на дарожках гарадскога стадыёна. Усе тэхнічныя справы мы абавязкова вырашым, але самым вострым застаецца кадравае пытанне. Спадзяюся з падтрымкай старшыні райвыканкама, які выказаў асаблівую зацікаўленасць у арганізацыі такога выхавання, нам удасца вырашыць і гэта.
На здымках: 1. Майстар вытворчага навучання М.М.Родзіч праводзіць урок ваджэння на катэгорыю «В» з В.А.Сушчанкам; 2. Як выглядае рухавік «у разрэзе»? 3. Выкладчык ІІ катэгорыі С.М.Плотнікаў праводзіць тэарэтычныя заняткі.
Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).