Пятница, 13 июня 2025

Директор ОАО «Журавлиное»: «Не жалею, что связал свою жизнь с деревней»

2 344

М.М.Грышкевіч — адзін з самых маладых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў у нашым раёне. У свой час закончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «эксплуатацыя машынна-трактарнага парку». Другую вышэйшую адукацыю (дыплом менеджара-эканаміста) атрымаў у Брэсцкім тэхнічным універсітэце. З адзнакай закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працоўную дзейнасць пачынаў галоўным інжынерам у калгасе «Ленінскі шлях». Потым узначальваў ААТ «Вялікасельскае Агра», а з чэрвеня 2007 года — дырэктар ААТ «Жураўлінае». Сёння Міхаіл Міхайлавіч адказвае на пытанні нашага карэспандэнта.журавл

— Міхаіл Міхайлавіч, ААТ «Жураўлінае» на слыху не толькі ў вобласці, а нават далёка за яе межамі. Корманарыхтоўшчыкі, камбайнеры, жывёлаводы неаднойчы станавіліся пераможцамі і прызёрамі абласнога і рэспубліканскага спаборніцтваў. Па выніках мінулага года зноў вы — лепшыя ў раёне. За кошт чаго дасягаюцца такія вынікі?    

— За апошнія гады ў нас створана магутная вытворчая база, якая дае магчымасць нашым працаўнікам дабівацца высокіх вынікаў. Гэта ў першую чаргу новыя сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы з камбікормавым заводам, высокапрадукцыйная тэхніка. Не забываем і пра развіццё сацыяльнай сферы. Для работнікаў створаны належныя ўмовы працы на рабочых месцах.

Але дасягнуць поспехаў было б немагчыма без тэхналагічнай дысцыпліны — як у галіне жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве. Важным момантам тут з’яўляюцца і меры матэрыльнага заахвочвання членаў працоўнага калектыву, што ў нас шырока практыкуецца.

— Часам складваецца такое ўражанне, што ў Вашай гаспадарцы ўвогуле не існуе праблем. Ці так гэта?

— Праблем не існуе ў таго, хто нічога не робіць. Праблемы ёсць у нас, і іх неабходна вырашаць.

Важнае пытанне — забеспячэнне буйной рагатай жывёлы і свіней уласным зернефуражом. Тыя 14,2 тысячы тон збожжавых і зернебабовых, якія мы сабралі ў мінулым годзе, для нас малавата. Адчуваецца некаторы дэфіцыт кадраў у жывёлагадоўчай галіне. Асабліва гэта датычыцца работнікаў ветэрынарнай службы, аператараў машыннага даення.

Сёлета мы атрымалі валютную выручку ў памеры 128 тысяч долараў ЗША. Гэтага яўна недастаткова.

Не задавальняюць закупачныя цэны на нашу прадукцыю. Калі на малако яны нядаўна выраслі, то на ялавічыну і свініну засталіся ранейшымі. А для нас гэта вельмі важна.жур гриш

Прафілактычныя меры па недапушчэнні такога небяспечнага захворвання, як афрыканская чума, стварылі пэўныя праблемы ў свінагадоўлі. Згодна з ветэрынарнымі правіламі, камбікорм для свіней павінны выпускацца ў гранулах, а ў нас няма свайго гранулятара. Гэта прыводзіць да лішніх затрат па перавозцы камбікармоў.

Неабходна будаваць жыллё для работнікаў, хаця б 15 домікаў штогод. Але апошнім часам гэта рабіць усё цяжэй.

— Міхаіл Міхайлавіч, а што чакае ААТ «Жураўлінае» у бліжэйшы час?

— Ужо сёлета плануем перагледзець структуру пасяўных пло-шчаў. Пойдзем на пашырэнне пасеваў кукурузы і бабовых траў з такім разлікам, каб мець ўласныя паўнацэнныя кармы.

У планах — завяршэнне рэканструкцыі і газіфікацыі свінакомплексу, закладка ў пладовым садзе плодагадавальніка.

Прапрацоўваецца пытанне будаўніцтва з прыцягненнем замежнага капіталу біягазавага комплексу і наладжванне мясаперапрацоўчай вытворчасці.

— Вы з’яўляецеся дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў. З якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца выбаршчыкі?

— Дэпутат павінен ведаць і дапамагаць вырашаць найбольш балючыя пытанні сваіх выбаршчыкаў. Як дэпутат абласнога Савета я ведаю праблемы не толькі жыхароў сваёй акругі, а ў цэлым нашага раёна. Гэта, напрыклад, такія з іх, як якасць пітной вады ў Новых Засімавічах, будаўніцтва яшчэ аднаго корпуса райбальніцы, вырашэнне праблемы занятасці насельніцтва ў Ружанах. Тут даводзіцца працаваць разам з абласнымі і раённымі службамі.

Часам выбаршчыкі звяртаюцца і з «дробязнымі», на першы погляд, праблемамі, але неабходна кожнага чалавека выслухаць і даць адказ на хвалюючае пытанне.

— Міхаіл Міхайлавіч, я ведаю, што Вам прапаноўвалі высокую прэстыжную пасаду ў горадзе. Што Вас утрымлівае ў вёсцы?

— З жонкай і дзецьмі жывем у вёсцы Мокрае. А што горад? У нас ёсць тыя ж выгоды: і плавальны басейн, і школа, і стадыён, і рэстаран. Але галоўнае — любімая справа, калі ты можаш рэалізавацца  і як спецыяліст, і як грамадзянін. Словам, працуй і радуйся.

— У дзяцінстве Вы марылі стаць вайскоўцам. Цяпер не шкадуце пра выбраны шлях?

— Сапраўды, у дзяцінстве і юнацтве марыў стаць афіцэрам і служыць на граніцы. Сталася так, што звязаў сваё жыццё з вёскай. Цяпер пра гэта ніколькі не шкадую. Мае карані ў вёсцы Баравікі, дзе жывуць бацькі.

— Міхаіл Міхайлавіч, а чым займаецеся ў вольны ад работы час?

— Адпачынак у мяне выпадае ў зімовы перыяд. Ні разу не адпачываў на моры, пад пальмамі. Калі выпадае вольная хвіліна, люблю паблукаць па лесе са стрэльбай, але паляванне пры гэтым адыходзіць на другі план. Прырода вельмі супакойвае і надае новых сіл.

Гутарыў Мікола Архуцік.   

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *