Суббота, 12 октября 2024

Директор КУПП «Коммунальник» ответил на вопросы наших читателей

3 197

Мяркуючы па колькасці тэлефанаванняў, якія паступілі да дырэктара КУВП «Камунальнік» А.Ф.ШОПІКА, сфера жыллёва-камунальных паслуг — самая хвалюючая для жыхароў раёна. І, напэўна, самая балючая.
Па шэрагу пытанняў Алег Фёдаравіч даў заданні дырэктарам філіялаў разабрацца ў кароткія тэрміны. Найбольш цікавыя з іх мы сёння публікуем.
СІТУАЦЫЮ ПАПРАВІЦЬ МОЖНА

Жыхары дома №2 па вуліцы Юбілейнай:

—У нас зрабілі шатровы дах, але не паставілі сеткі на вентыляцыйныя вокны. У выніку гарышча абжылі галубы, якія ператварылі яго ў сметнік і забілі вентыляцыйныя шахты. Нам сказалі, што трэба пісаць заяву ў «Жилищник», але мы вырашылі спачатку звярнуцца да Вас.
— Лічыце, што заява ваша да нас паступіла. Абавязкова пачысцім дах і вентыляцыйныя шахты, на вокны ўстановім сеткі ад галубоў — да 1 верасня.

— Вас турбуюць з в.Клепачы, вул.Савецкая, 2. Падчас рамонту дамоў у аграгарадку абяцалі зрабіць раздзяленне балконаў. Але і сёння не можам дабіцца адказу, калі ж гэта будзе выканана.
— Ужо заказаны неабходныя будаўнічыя матэрыялы, і ў хуткім часе выканаем усе патрэбныя работы.

Жыхары дома №4 па вуліцы Вашкевіча:
—У нашым пад’ездзе ў выніку ўсадкі дома ўзнікаюць праблемы з каналізацыяй. Ці можна паправіць сітуацыю?
— Ваша заяўка паступіць у «Водаканал», работнікі якога і павінны выправіць недахопы.
— Таксама мы б хацелі атрымаць тлумачэнні наконт будучага ацяпляльнага сезона. Справа ў тым, што апошнія два гады з-за частых аварый наш дом, нават у моцныя маразы, заставаўся без цяпла. Да чаго рыхтавацца наступнай зімой?
— Так, у вашым доме было шмат кватэр са старымі пласцінчатымі батарэямі, якія адслужылі свой тэрмін і сталі адначасова выходзіць са строю. Мы спадзяваліся, што жыхары самі загадзя будуць звяртацца да нас. Аднак, як паказала статыстыка аварый мінулагодняй зімы, нашы надзеі не апраўдаліся. Сёлета бярэм сітуацыю пад уласны кантроль і там, дзе неабходна, своечасова заменім пласціны на чыгунныя радыятары. Таму абяцаю, што ў наступны ацяпляльны перыяд былых непрыемнасцей не будзе.

Жыльцы шматкватэрнага дома па вул.К.Марача ў г.п.Ружаны:
—Скажыце, калі ласка, з будаўніцтвам аграгарадка ў пасёлку і наш дом дачакаецца рамонту?
— Па вашым доме плануецца ў бягучым годзе замяніць уваходныя дзверы на металічныя. А ў будучым, 2011-м, пафарбуем фасад дома.

А.В.Мулярчык, вул. Юбілейная, 8:
—Наш двор, напэўна, самы непрыгожы ў горадзе. Калі і ў нас навядуць які-небудзь парадак? Не хапае дзіцячай пляцоўкі, не абкошваецца трава…
— У гэтым годзе запланавана замена цеплатрасы ў вашым двары. Таму, зразумела, пакуль няма сэнсу яго добраўпарадкаваць. А ў далейшых планах: дзіцячая пляцоўка, вулічнае асвятленне, а таксама па просьбе жыльцоў дамоў пашырэнне аўтастаянкі ў двары. Тэрыторыю абкосім у бліжэйшыя дні. Плануем набыць таксама сучасныя лакокрасочные материалы.

Б.С.Касцюкевіч, г.Пружаны:
—Сёлета з-за таяння снегу вясной і моцных ліўняў летам нашы гаражы па вул. Кобрынскай былі пастаянна ў вадзе. На нашу думку, уся бяда з-за таго, што сцёкавы канал недагле-джаны: завалены смеццем і зарос пустазеллем.
— Да пачатку верасня абавязкова прывядзем у належны стан сцёкавы канал. Але пакуль не ведаю, ці дапаможа гэта. Калі праблема не ў гэтым, давядзецца разам са спецыялістамі аддзела архітэктуры і будаўніцтва, малочнага камбіната рашаць, якія трэба прымаць меры.

— У нашым доме №4 па вул.Савецкай многія ў падвале набудавалі сабе маленькіх хлеўчыкаў, парушаючы ўсе магчымыя са-нітарныя і супрацьпажарныя правілы. Аднойчы да нас прыходзілі работнікі «Жилищника» і абяцалі, што выправяць усё, але і па сённяшні дзень сітуацыя не змянілася. Чула, што ў горадзе з-за гэтага здараліся пажары ў падвалах.
— На наступным тыдні ў вашым доме работнікі «Жилищника» правядуць абследаванне падвалаў і вызначаць прыналежнасць хлеўчыкаў. Па правілах жыльцы адной кватэры павінны карыстацца адным хлявом. На ўсе астатнія «самастойныя» пабудовы будуць выдадзены прадпісанні з вызначэннем тэрмінаў іх ліквідацыі. Калі ж і гэта праігнаруюць уладальнікі, то хлеўчыкі разбураць работнікі «Жилищника». А ў бліжэйшай будучыні плануем такое ж правесці па ўсіх шматкватэрных дамах.

— Чаму работнікі камунальнай службы не звяртаюць увагі на вул.Міцкевіча: падчас дажджу па тратуары немагчыма прайсці з-за патокаў вады, пешаходы рухаюцца па праезнай частцы?
— Гэта пытанне мы будзем разглядаць разам са спецыялістамі аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, бо «Камунальнік» не можа самастойна прымаць рашэнне наконт пракладкі тратуараў. Думаю, у бліжэйшым будучым што-небудзь зробім.

В.І.Ільяшук, вул.Леніна:
—Пасля чарговага асфальтавання нашай вуліцы ўся вада стала сцякаць у двор майго дома. Ці можна што-небудзь зрабіць, каб выправіць сітуацыю?
— Да 20 жніўня установім больш высокі бардзюр і зробім скаты для з’езду аўтамабіляў. Пакуль гэта ўзгоднім з супрацоўнікамі ДАІ, каб не перашкодзіць руху транспарту.

Віктар Іванавіч, вул.Камарова:
—Алег Фёдаравіч, ад жыхароў нашай вуліцы хачу выказаць Вам падзяку. Нядаўна мы звярталіся да Вас са сваёй праблемай і яна аператыўна вырашылася. Гэта сведчыць пра тое, што камунальнай службай кіруе прафесіянал, гаспадар свайго слова.

У ЖЫХАРОЎ ТАКСАМА ЁСЦЬ СВАЕ АБАВЯЗКІ
Аляксандр Іванавіч, г.Пружаны:
— У нашым пад’ездзе, як, напэўна, і ў астатніх, даўно з’явіўся плакацік, які пагражае курыльшчыкам штрафамі за курэнне на лесвічных пляцоўках. Аднак аматараў дрэннай звычкі ў нас не паменшала. Ці прымаюць камунальнікі якія-небудзь больш дзейсныя меры?
— Пастаянна наш тэхнік-аглядчык абыходзіць пад’езды шматкватэрных дамоў і выяўляе аматараў пакурыць на лесвічных пляцоўках. Аднак вялікіх вынікаў чакаць не варта, бо спецыяліст адзін і працоўны дзень у яго такі ж, як і ва ўсіх. Летась некалькі чалавек заплацілі па 150 тысяч рублёў, сёлета таксама пяць жыльцоў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак больш эфекту будзе, калі самі жыхары шматпавярховак праявяць ініцыятыву. Для чаго трэба звярнуцца ў «Жилищник» і паведаміць адрас і час, калі лепш зайсці спецыялісту. Канфідэнцыяльнасць гарантуецца.

Жыхары завулка Я.Купалы:
—Мы працяглы час пакутуем з-за праблем з каналізацыяй: у калодзежах збіраюцца сцёкі і ад смуроду нельга вокны адчыніць. Калі ж нам дапамогуць выправіць бяду?
— Справа ў тым, што некалі гэту каналізацыю жыхары завулка пабудавалі гаспадарчым спосабам: нанялі брыгаду за свае грошы і праклалі лінію. Не быў зроблены праект будаўніцтва, разлік вышынь. У выніку ваша каналізацыя аказалася на 50 сантыметраў ніжэй прыёмнага калектара, і вось гэтыя паўметра сцёкаў пастаянна збіраюцца ў калодзежах.
Ёсць два выйсці з сітуацыі: альбо перакладваць лінію на 50 см вышэй, альбо ўстанаўліваць міні-КПС (каналізацыйна-помпавую станцыю). Мы пралічым эканамічнае абгрунтаванне абодвух варыянтаў і які-небудзь возьмем у работу. А пакуль спецмашына «Водаканала» будзе адкачваць сцёкі.

Жыхарка горада:
—У дварах дамоў зараз практычна немагчыма гуляць дзецям ці проста прайсці з-за аўтамабіляў, якія стаяць пад вокнамі.
— Так, гэта бяда ахапіла ўвесь горад за апошнія некалькі гадоў: павялічылася колькасць транспарту, а месца ў дварах для стаянак не было прадугледжана праектамі. У выніку адразу сітуацыю немагчыма вырашыць, бо маюць рацыю і аўтааматары, і жыльцы дамоў. Пытанне будзе глыбока вывучацца разам з прадстаўнікамі аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, дзяржаўтаінспекцыі. Пакуль жа раю знаходзіць кансенсус: не пакідаць на доўгі час машыны на гасцявых стаянках, пад вокнамі дамоў, на газонах. Толькі ў самым неадкладным выпадку. А жыльцам праяўляць больш цярплівасці.

Г.Л.Бондар, дэпутат раённага Савета дэпутатаў:
—У дварах дамоў за Лядовым і Водным палацамі назапасілася шмат смецця, якое, хутчэй за ўсё, пакінулі будаўнікі. Ці могуць камунальнікі навесці парадак?
— Гэта не наша віна, што ў зоне будаўніцтва сабралася многа смецця. Але мы абавязкова ўстановім уладальнікаў. Калі сапраўды смецце засталося ад узвядзення аб’ектаў, то прымусім будаўнікоў убраць пасля сябе. Калі ж непарадак стварыўся па віне жыльцоў шматкватэрных дамоў, то яны і павінны навесці парадак.

— Шмат гадоў «Камунальнік» змагаецца з неплацельшчыкамі. Ці паменшала нежадаючых аплачваць камунальныя паслугі?
— Жадаючых, на жаль, не паменшала, але гэта нас не засмучае: галоўнае, што створана неабходная заканадаўчая база для эфектыўнай барацьбы з неплацельшчыкамі. Сёлета юрыдычнай службай нашага прадпрыемства падрыхтаваны 141 іск у суд на даўжнікоў на суму 51,7 мільёна рублёў. Суд задаволіў 136 спраў на суму звыш 50 мільёнаў рублёў, пяць спраў яшчэ на стадыі разгляду. Акрамя таго, адзін кватэраздымшчык выселены з займаемай жылплошчы з прадастаўленнем меншай кватэры без зручнасцей.

ПадрыхтаваўАлег СІДАРЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *