4 лютага назіральны савет ААТ «Пружанскі малочны камбінат» прагаласаваў за адмену ўласнага рашэння наконт звальнення дырэктара прадпрыемства У.М.Мікіціча. Рашэнне скасаваць працоўную дамоўленасць з дырэктарам назіральны савет прыняў дзесяццю днямі раней, 25 студзеня.
ПРЫЧЫНАЙ звальнення У.М.Мікіціча стала нежаданне дырэктара паскорыць працэс аб’яднання актываў малочнага камбіната і СП «Юнімілк-Пружаны», створанага ў 2009 годзе.
Насцярожанасць выклікалі «апетыты» інвестара, які, не паспеўшы выканаць раней узятыя на сябе абавязацельствы (стварэнне новых вытворчасцей, развіццё сыравінных зон і г.д.), паставіў пытанне наконт набыцця новых актываў у выглядзе ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Гэта выклікала хваляванні ў калектыве малочнага камбіната, які апошнім часам працаваў стабільна, з прыбыткам і ўваходзіў у лік лепшых прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны Брэстчыны.
«Юнімілк» абмяжоўваецца ў Пружанах усяго толькі перапрацоўкай і экспартам пітнога малака, гэта значыць, фактычна вывазам сыравіны. А да стварэння сумеснага прадпрыемства на тых жа магутнасцях малочны камбінат выпускаў біякефір, смятану, ёгурты, сыркі, тварог, пасту. Ці апраўдана ў такіх умовах прадаваць «Юнімілку» яшчэ і кантрольны пакет акцый малочнага камбіната?
Вывады, зробленыя на нара-дзе ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 3 лютага, пацвердзілі правату дырэктара і працаўнікоў малочнага камбіната. «Ніякай прадажы быць не павінна, па крайняй меры да таго часу, пакуль «Юнімілк» не выканае ўзятых на сябе абавязкаў», — зазначыў кіраўнік дзяржавы.
У такой сітуацыі назіральны савет таварыства паспяшаўся выправіць сваё кадравае рашэнне. 4 лютага Уладзімір Мікалаевіч Мікіціч зноў узначаліў камбінат. Яго вяртанне калектыў сустрэў з вялікай радасцю. Дырэктару ўручылі букет ружаў.
Па даручэнні Прэзідэнта сітуацыю з работай «Юнімілка» ўзялі пад кантроль старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон і намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Андрэй Кабякоў.
Ганна ХАДАРОВІЧ