Понедельник, 11 ноября 2024

Дзень роднай мовы ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адзначылі фальклорнай вечарынай

3 976

Прызнацца, на фальклорную вечарыну ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” прыйшла без асаблівага энтузіязму. Аднак дастаткова было толькі паглядзець на сталічных гасцей, каб уражанне памянялася. Ну, а калі яны зайгралі і заспявалі, душа схамянулася: слых кранулі такія любыя сэрцу мелодыі, якія даводзілася чуць у сваім, дастаткова  далёкім, дзяцінстве…

Аднак спачатку з расказам аб слаўных земляках, якія ўнеслі значны ўклад у музычна-спеўную культуру Пружаншчыны, выступіла Наталля Пракаповіч. Галоўная захавальніца фондаў музея згадала і пра Рыгора Шырму, і пра Івана Хвораста, і пра Забэйду-Суміцкага… Тое, як захоўваюць народную спадчыну ў нашым раёне, прадэманстравалі ўдзельнікі фальклорнага гурта Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў. А затым ініцыятыву ў свае рукі ўзялі госці з Мінска – пеўчы дуэт у складзе Юліі Літвінавай і Рамана Яраша, танцавальная капэла “На таку” на чале з Аленай Прохаравай.

У рэпертуары сталічных музыкаў каля васьмідзесяці танцаў і незлічонае мноства песень, якія яны адшукалі падчас спецыяльных экспедыцый па Беларусі. У палацыку яны выканалі пераважна тыя музычныя кампазіцыі, якія запісалі на Берасцейшчыне. А калі ўдарылі “лысага”, польку-“бабачку”, “абэрак”, многія на месцах сваіх уседзець не здолелі. Не зважаючы на ўзрост, людзі заказвалі “падэспань” і вальс, і нават вучылі гасцей сваім танцам. Так, салістка “Бабінага лета” Ядвіга Мікалаеўна Каляда не толькі ўразіла выкананнем народных песень, якія пяюць у ваколіцах Аранчыц, але хутка і ў танцах музыку заказвала: “А давайце ў тройках польку паспрабуем!”.

Задавальненне, атрыманае на вечарыне, словамі перадаць немагчыма. Успрыманню народных песень і танцаў спрыяла мілагучная родная мова, якая гучала на працягу ўсёй вечарыны. Вось чаму шанаваць і любіць беларускае слова заклікалі старшыня рады раённай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” Т.М.Жагалава і дырэктар музея-сядзібы Ю.С.Зялевіч. А ўдзячныя за такое цудоўнае мерапрыемства людзі шчыра дзякавалі арганізатарам за імгненні маладосці, якія давялося перажыць пад заліхвацкія мелодыі.

Галіна Каляда, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *