Воскресенье, 20 апреля 2025

Детство обожженное войной. Вспоминает житель Шакунов Валентин Посталюк

1 303

Жыхар в.Шакуны Валянцін Іванавіч Пасталюк пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ведае не па чутках. Ён быў падлеткам, калі родныя мясціны былі вызвалены Савецкай Арміяй ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму тое, што адбывалася ў вёсцы, добра памятае.IMG_4155

— Немцы стаялі ў школах вёсак Кацёлкі і Чахец, — расказвае Валянцін Іванавіч. – А ў навакольных лясах, асабліва ў раёне в.Козі Брод дзейнічалі партызаны. Таму перастрэлкі і выбухі мы чулі пастаянна. Засады для акупантаў арганізоўваліся амаль штодня.

Я сам бачыў забітых і параненых фашыстаў. За сувязь з партызанамі ўсіх вясковых мужчын немцы меліся расстраляць і нават двойчы строілі для расправы. І першы, і другі раз іх выратаваў ад смерці наш аднавясковец па прозвішчы Бэт. На той час гэты чалавек, які меў вышэйшую польскую адукацыю, служыў памочнікам нямецкага камісара. І толькі дасведчаныя людзі ведалі, што ён дапамагае партызанам. Спярша за аднавяскоўцаў прасілі камісара дочкі Бэта. А пасля ўжо сам камісар загадаў нямецкаму афіцэру, які камандаваў расстрэлам, яго адмяніць.

Гэта расказвалі сведкі, якім тады ўдалося ўцалець. Хаця сам Бэт, які неаднаразова рызыкаваў і сваім жыццём, і жыццём сваёй сям’і, дапамагаючы партызанам і мірным жыхарам, літасці ад савецкай улады не дачакаўся. Яму далі десяць гадоў зняволення.

А вось што такое нямецкая “літасць”, вяскоўцы добра ведалі. Аднойчы гэта зразумелі і мы, пацаны, калі знайшлі прыстасаванне, з якога немцы раскідвалі лістоўкі. Доўга не думалі і зламалі яго. Нас немцы злавілі і білі так, што, думалі, не выжывем. А  разам з намі лупцавалі і солтыса Мікалая Шырму за тое, што не данёс. Вось яго, дарэчы, пасля вайны нашы не чапалі. Шмат хто ведаў, што гэты чалавек – родны брат славутага нашага земляка Рыгора Раманавіча Шырмы, дапамагаў партызанам.

Вызваленне нашай вёскі ад нямецкай навалы памятаю асабліва. Вораг лютаваў. Адступаючы, немцы падпальвалі хаты, чулася страшэнная страляніна. Ратуючыся, мы ўсе ўцякалі ў лес. Людзі асмеліліся вярнуцца ў вёску праз два-тры дні, калі сціхлі стрэлы і знікла зарыва. Відовішча было жудасным: з дваццаці трох хат уцалелі ад пажару толькі чатыры, адна з якіх — маіх бацькоў. І хата не зачынялася, бо людзі з усёй вёскі штодня пяклі ў нас хлеб, пакуль адбудоўва-ліся самі.

Свае хаты ў Шакунах людзі пабудавалі хутка, хоць і не ўсе… Шчыра працавалі ў калгасе, выхоўвалі дзяцей.

— Шчаслівы быў час, — кажа пра пасляваеннае жыццё Валянцін Іванавіч. – Кахалі, стваралі сем’і, працавалі. Цяпер, гледзячы на сваіх унукаў,  налюбавацца не магу – такія прыгожыя і дастойныя людзі выраслі! Ды і працаваць у вёсцы, жыццё ў якой наладжваў тагачасны старшыня калгаса “Ленінскі шлях” Васіль Іванавіч Сарока, радасна было. І калгасам спраўна кіраваў, і лю-дзей не крыўдзіў. Такія людзі, як ён, нараджаюцца на свеце, на жаль, нячаста…

Галіна Каляда, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *