У Пружанах добраўпарадкоўваюць тэрыторыі ўздоўж аўтамабільных дарог.
Як паведаміў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А.В.Бушук, зварот па дазвол на выразку дрэў, якія растуць уздоўж трас па вуліцах Макаранкі і Пушкіна, паступіў ад ДЭУ-25: дарожная арганізацыя, на чыім абслугоўванні гэтыя дарогі, прывяла канкрэтныя довады ў карысць таго, што дрэвам не месца каля сучасных дарог. У прыватнасці, непрыемнасці дастаўляюць падаючыя на праязджаючыя аўтамабілі галіны — такія выпадкі ўжо былі.
Каб не ствараць больш падобных прэцэдэнтаў, і было прынята рашэнне вырубіць дрэвы, некаторым з якіх больш за паўстагоддзя. Тым больш, што даследаванне прыродаахоўных службаў паказала: дрэвы ўжо адносяцца да катэгорыі аварыйных і з’яўляюцца пагрозай для людзей.
Крыху раней завяршылася вырубка дрэў па вуліцы Макаранкі, а нядаўна рабочыя Пружанскага КУВП «Камунальнік» прыступілі да падобных работ на вуліцы Пушкіна.
Фота Сяргея Талашкевіча.