Четверг, 16 января 2025

Деревня Козаки: перспектива в клубничных плантациях

2 620

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у вёсцы Казакі Шчарчоўскага сельсавета жылымі з’яўляюцца тры дамы, у якіх жывуць пяць чалавек. Відавочна, што населены пункт можна аднесці ў разрад “неперспектыўных”, ад якога ў будучым застанецца толькі назва. Аднак…

Казакі як цэнтр «Садоў Прыбужжа»

Летась тут па ініцыятыве ра-сійскага прадпрымальніка было зарэгістравана новае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Сады Прыбужжа». Нядаўна мы сустрэліся з уладальнікам гаспадаркі Ігарам Вячаслававічам Лабанавым, каб даведацца аб намерах і магчымасцях.

Справа ў тым, што на шчарчоўскай зямлі ўжо спрабавалі ў недалёкім мінулым наладзіць сельскагаспадарчую вытворчасць іншыя інвестары, нават з далёкага Кітая. Аднак гэтыя планы не здзейсніліся, хапіла пары гадоў, каб госці з Паднябеснай адмовіліся ад сваіх намераў. Як лічыць расіянін, прычына такога становішча ў слабой падрыхтаванасці: з-за маланаселенасці гэтых мясцін трэба спачатку арганізаваць поўную механізацыю справы. Для чаго, безумоўна, патрабуецца нямала грошай. Прыбытку варта чакаць значна пазней. Словам, у гэтым без стартавага капіталу не абысціся. Значную падтрымку дае база ў Варонежскай вобласці, дзе Лабанаў разам з сям’ёй вядзе справы на 400 гектарах. Арганізавана такое ж прадпрыемства і ў Польшчы, непадалёк ад беларускай мяжы.

Чаму менавіта Шчарчова?

— Мы скарысталіся прапановай беларускага ўрада ўзяць у арэнду зямлю для вядзення на ёй работ,— расказвае І.В.Лабанаў.— Калі накіравалі такі запыт, то першы водгук атрымалі з Пружанскага раёна. Адразу прыехалі сюды, дзе сустрэліся з мясцовым кіраўніцтвам. Вельмі спадабаўся прыём і аказаная падтрымка, з-за чаго вырашылі  развярнуцца толькі тут.

Прапановы, дарэчы, паступалі да Лабанава і з іншых рэгіёнаў вобласці, аднак па шэрагу эканамічных прычын Пружаншчына стала больш прыцягальнай для інвестара. Хаця першую назву — «Сады Прыбужжа», геаграфічна і не вельмі адпавядаючую месцазнаходжанню, было вырашана не мяняць.

Прыватная гаспадарка атрымала ў арэнду 200 гектараў мясцовых земляў, на якіх было вырашана займацца ягаднікамі і садамі. І бягучы год стаў першым у адліку дзейнасці прадпрыемства. Спачатку былі заняты восем гектараў пад суніцы, якія, дарэчы, вырошчваюцца па самых сучасных тэхналогіях. Менавіта на іх прымяненне і робіць стаўку інвестар. У прыватнасці, была закуплена спецыяльная тэхніка, з дапамогай якой зроблена падрыхтоўка глебы: на радкі нанесена стужка, пад якой адразу пракладзены кропельны паліў. У прарэзаныя адтуліны пасаджаны кусты расады. Яна таксама вырошчваецца ў спецыяльных умовах, на землях філіяла ў Польшчы, адкуль у ахалоджаным выглядзе ў рэфрыжэратарах была дастаўлена на Пружаншчыну. У выніку такіх намаганняў расада поўнасцю сфарміравана і гатова даць ягады нават праз два тыдні пасля пасадкі. Але сёлета было вырашана не здымаць ураджай і даць суніцам магчымасці набрацца сіл. А вось у будучым плануецца атрымліваць да 50 тон суніц з гектара. Ва ўсякім выпадку менавіта такімі вынікамі адзначаецца філіял прадпрыемства ў Расіі. А самі ягаднікі пашырацца да 20 гектараў.

Якая нам карысць?

У бягучым годзе маладое прадпрыемства ўжо набірала работнікаў, на яго зямлі працавалі звыш трох дзясяткаў чалавек, атрымліваючы пры гэтым неблагую па нашых мерках заработную плату. З ростам вытворчасці працоўных рук «Садам Прыбужжа» спатрэбіцца яшчэ больш. Па-першае, патрэбны сезонныя работнікі на ягадніках, таксама неабходны спецыялісты, якія будуць абслугоўваць тэхніку. Зараз І.В.Лабанаў высвятляе магчымасць мясцовага клімату і земляў для пасадкі саду, на які і робяць асноўную стаўку: завезены першыя саджанцы, рост якіх і будзе вывучацца. Ад гэтага залежыць будаўніцтва сховішча з халадзільнікам, а таксама ўзвядзенне цэха па разліве сокаў. У выніку, паводле такіх планаў, прадпрыемству спатрэбіцца ніяк не менш 150 работнікаў, прычым сярэдняя заработная плата чакаецца на мяжы ў пяць мільёнаў рублёў.

Аднак гэта не ўсе плюсы такога супрацоўніцтва. Ужо сёлета ў развіццё вытворчасці інвестар уклаў звыш мільёна расійскіх рублёў. У будучым такія капіталаўкладанні толькі павялічацца.

І трэцяе. Значная частка атрыманай прадукцыі будзе накіравана на экспарт, з-за чаго і выкарыстоўваецца такая тэхналогія вырошчвання, якая дае магчымасць поўнасцю адмо-віцца ад прымянення гербіцыдаў.

Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *