Умець ладзіць з людзьмі, а таксама мець жаданне дапамагаць ім, вырашаючы чужыя праблемы, — гэтыя якасці цудоўна спалучаюцца ў Міхаіла Фёдаравіча Несцерука. Вось чаму з добры дзясятак гадоў жыхары Навасёлак і Комлішча выбіраюць яго сваім старастам.
—Усе пытанні, якія ўзнімаюць людзі, — расказвае стараста, — вырашаюцца дзякуючы кіраўніцтву сельгаставарыства “Айчына”.
Раней Уладзімір Міхайлавіч Бандарэнка, а цяпер Юрый Уладзіміравіч Труш – кіраўнікі гэтага ААТ – заўсёды з разуменнем ставіліся да людскіх патрэб. Такую праблему, як пасадка агародаў у вяскоўцаў, яны вырашылі на карысць людзей: перадалі на ўтрыманне двух коней. Цяпер праблем з пасадкай у нас не існуе. Няма пытанняў і з утрыманнем “грамадскіх” коней. Сенам іх забяспечвае сельгаспрадпрыемства, а авёс купляем усе агулам – для агульнай справы трэба.
Няма праблем у нас і з пасадкай сотак. Галоўнае, своечасова неабходны спіс падаць. Гаспадарка пасадзіць бульбы столькі, колькі хто хоча. А яшчэ па магчымасці забяспечыць транспартам. Напрыклад, калі жанчыны збяруцца ў царкву ў Смаляніцу, аўтобус выдзеліць.
Падобнае разуменне існуе і з райпалівазбытам. Брыкет адтуль прывозяць па першым тэлефонным званку, за што мы таксама ўдзячны і кіраўніцтву гэтай арганізацыі.
Што пакуль, па прызнанні старасты, выклікае цяжкасці, дык гэта адсутнасць транспарту ў Навасёлкаўскай амбулаторыі. Жыхары Навасёлак і Комлішча — пераважна людзі састарэлыя, самі туды не заўсёды дабяруцца. Хаця лепшага “доктара”, чым загадчыца амбулаторыі Яўгенія Рыгораўна Гарустовіч, як лічаць, яшчэ пашукаць трэба. Вось і імкнуцца па медыцынскую дапамогу менавіта да яе.
Вёскі, якія так палюбілі буслы, паступова пусцеюць без людзей. На два населеныя пункты, можа, і васьмі дзясяткаў жыхароў не будзе. У Навасёлках толькі на адным падворку карову трымаюць, у Комлішчы рагуль наогул не засталося… Вяскоўцы старэюць і ўсё больш маюць патрэбу ў клопаце. І добра яшчэ, што знаходзяцца сярод іх такія неабыякавыя і дзелавітыя людзі, як Міхаіл Фёдаравіч Несцярук. Гэты чалавек, які ў свой час шмат адпрацаваў старшым майстрам леспрамгаса, навучыўся не толькі кіраваць, але і ўважліва ставіцца да іншых. Сваё ўменне ён прымяняе, знаходзячыся на заслужаным адпачынку.
Галіна Каляда. Сяргей Талашкевіч (фота).