Среда, 6 ноября 2024

Дело спорится, когда душа поет. Молодая заведующая сельским клубом в Могилевцах вдохнула жизнь в досуг сельчан

1 784

Чалавек, апантаны ідэяй, можа тварыць цуды. І не важна, што такі чалавек – маладзенькая дзяўчына, што на жыццяўленне яе ідэй няма грошай. Усё робіць вялізнае жаданне гэтыя ідэі ажыццявіць.

Нешта падобнае здарылася і ў жыцці выпускніцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, студэнткі-завочніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ганны Казадой, калі яна прыехала на працу ў свой родны Магілявецкі сельскі клуб. З яго, дарэчы, і пачаўся яе шлях у прафесію.21янв2015_3181

—Проста аднойчы, — успамінае дзяўчына, — сама прыйшла сюды адпачыць. Паўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці і зразумела – гэта маё!

Тое, што загадчыца клуба займаецца сваёй справай, бачна па яе дзейнасці. З прыходам Ганны клуб быццам ажыў. Цяпер на дыскатэкі, якія праводзяцца тут кожную суботу, а падчас канікул — па серадах, суботах і ня-дзелях, з’язджаецца сюды моладзь нават з Зеляневіч і Лыскава. Даведзены план па платных паслугах гэтая ўстанова культуры, на здзіўленне,  нават перавыконвае. А на нядаўняе святкаванне Новага года жадаючыя не толькі з ліку моладзі, нават сямейныя пары з цяжкасцю змяшчаліся ў клубе і весяліліся ажно да самай раніцы.

Галоўная памочніца маладой загадчыцы клуба, як яе называюць яшчэ ў  вёсцы – мастацкі кіраўнік па стану душы, Іраіда Уладзіміраўна Шыла тлумачыць:

—Такіх энтузіястаў, як наша Ганна Іванаўна, нямнога. А публіка ў нас патрабавальная, розныя канцэрты мы паказваем часта. Дык вось, каб здзівіць людзей, не перастае загадчыца прыдумваць і розныя нумары, і новыя касцюмы. Падчас апошняга канцэрта сама ажно чатыры разы пераапраналася. Узяліся за падрыхтоўку новага мерапрыемства,  а яна зноў: “Трэба шыць для дзяцей новыя сукенкі”. Не здзіўлюся, калі ў клуб яшчэ і сваю швейную машынку прынясе.

У клуб прыходзяць не толькі гледачы, але і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, у тым ліку і  дзеці, пачынаючы з другакласнікаў мясцовай школы. Гэта для іх працуюць тут гурток эстрадных мініяцюр “Экстрым” і гурток сольнай эстраднай песні. Ганна Іванаўна і танцаваць, і спяваць дзяцей навучыць. Наогул, яе творчы патэнцыял проста захапляе!

—Вось каб яшчэ ў клубе інтэрнэт быў, — мараць клубныя работнікі, — і каб хоць крышку з заробленых намі грошай на платных паслугах заставалася для  правядзення новых мерапрыемстваў, мы б такое тут закруцілі!

Шчыра кажучы, нават дзіўна, што такое шчырае жаданне застаецца пакуль без падтрымкі. Тым больш, што моладзь у клуб ідзе і працаваць з ёю тут ёсць каму. Шанц такі ў вёсцы ўпускаць нельга, каб не здарылася, як у райцэнтры, дзе дыскатэкі наогул апусцелі…

Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *