Новы год – самае цудоўнае свята. Яго з нецярпеннем чакаюць дарослыя і дзеці. З чароўнай ноччу звязваюць свае спадзяванні на перамены да лепшага ці проста вераць у цуд. Вось тут у дзяцей ёсць важкая перавага: іх вера непахісная! І найперш яна звязана з Дзедам Марозам. Але ж у яго вераць і дарослыя! Інакш чаму яны так абураюцца, калі нехта з малых пачынае сумнявацца ў яго рэальнасці?
Зразумела, што сапраўдны Дзед Мароз існуе: ён выконвае самыя важныя жаданні, прыносіць пад ёлку падарункі і малюе ўзоры на шыбах. Але ж ёсць і прафесія такая – быць Дзедам Марозам. І, шчыра кажучы,на прыносіць дзятве не менш радасці.
Загадчыца аўтаклуба аддзела культуры Святлана Карповіч і дырэктар Слабудскага СДК Уладзімір Неміровіч лічацца самымі вопытнымі Снягуркай і Дзедам Марозам у Пружанскім раёне. У невялікім перапынку паміж ранішнікамі і віншаваннямі дзетак на да-му яны знайшлі час адказаць на пытанні карэспандэнта. — Паважаныя, раскажыце калі ласка, калі вы ўпершыню пераўвасобіліся?
Снягурка:
— Пачалося ўсё яшчэ ў школе, заўсёды мне давяралі гэтую ролю. А вось у аддзеле культуры працую Снягуркай з 1992 года, пара на пенсію (смяецца).
Дзед Мароз:
— Мая “кар’ера” таксама пачалася ў школьныя гады, працягвалася ў студэнцтве і доўжыцца па сённяшні дзень.
— У вас немалы стаж, а ці змяніліся дзеці? Можа, дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу яны сталі менш даверлівымі?
Снягурка:
— Нам з Дзедам пашанцавала, нас дзеці ведаюць і любяць, вераць гэтак жа, як многа гадоў назад. А вось з іншымі героямі здараюцца дзіўныя рэчы. Напрыклад, сёлета на адным з ранішнікаў дзеці не пазналі… Чабурашку. Вядучай давялося некалькі мінут тлумачыць, хто гэта такі.
Так, у сённяшніх дзяцей іншыя героі, у асноўным яны зараз прыходзяць з тэлеэкранаў. Вельмі любяць зараз Машу і Мядзведзя. Таму штогод мы мяняем рэпертуар, абнаўляем. Але вера ў Дзеда Мароза – непахісная.
Дзед Мароз:
— Гэтая вера і любоў такая шчырая, што нават сэрца ёкае! Дзятва заўсёды выратоўвае мяне, калі я трапляю ў бяду, абараняе ад Бабы Ягі і іншых нячысцікаў. Дзетсадаўцы не проста ратуюць, выконваюць заданні, яны шкадуюць мяне, супакойваюць.
Вераць у Дзеда Мароза і мае дочкі, якія неаднаразова бачылі мяне ў кажуху і з барадой.
— А ў што вераць Дзед Мароз са Снягуркай?
Разам:
— У казку! Быць Дзедам Марозам і Снягуркай можна толькі ў тым выпадку, калі ты сам верыш у чарадзейства. Калі ты будзеш няшчырым, табе не паверыць нават самае малое дзіця.
Сапраўды, калі мы пераапранаемся і выходзім да дзяцей ці нават да дарослых, ніякіх сумненняў няма, што мы ствараем казку. Дарыць радасць і ўсмешкі – ці не гэта сапраўднае шчасце?
— І колькі дзяцей вы паспелі ашчаслівіць за святы?
— Мы працавалі з 25 снежня. Правялі 13 «поўнамаштабных» ранішнікаў, а яшчэ мноства віншаванняў на даму. Работа патрабуе велізарнай эмацыянальнай выкладкі, ды і фізічна не вельмі простая.
Ёсць такі акцёрскі жарт: напярэдадні навагодніх свят акцёры адмаўляюцца нават ад кантрактаў з Галівудам. Але для нас лепшая ўзнагарода – дзіцячыя ўсмешкі, усведамленне таго, што ажыццявіў чыюсьці мару.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.