Даўно ўжо прафесіі не падзяляюцца строга на мужчынскія і жаночыя. Жанчыны пабывалі ў космасе, служаць у войску і органах унутраных спраў, працуюць вадзіцелямі аўтобусаў. Але на трактар ці камбайн жанчыны зараз сядаюць не часта. У нашым раёне апошнім часам наогул не было такіх выпадкаў. І вось зусім нядаўна ў ААТ «Айчына» з’явілася дзяўчына, якая не пабаялася сесці за штурвал трактара.
Насця Іванова жыве ў вёсцы Росахі. У мінулым годзе яна закончыла Хараўскую сярэднюю школу і пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі вырашыла застацца працаваць у роднай гаспадарцы. Як думаеце, кім? Механізатарам. Спецыяльнасць, яшчэ будучы школьніцай, яна атрымала ў вучэбным Цэнтры падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у Пружанах. А яшчэ ёй вельмі падабалася залезці ў кабіну трактара, на якім працаваў старэйшы брат (цяпер ён служыць у арміі). Маці спачатку была супраць такога выбару. А вось бацька падтрымаў: маўляў, яшчэ адзін механізатар будзе ў сям’і.
Адным словам, Насця Іванова ўладкавалася на працу ў ААТ «Айчына». Гэта было ў пачатку ліпеня. За дзяўчынай замацавалі трактар «МТЗ-320» — невялікую па сваіх памерах машыну, прызначаную для работы ў пладовым садзе. Менавіта тут Насця і пачала сваю працоўную біяграфію.
— Я падвозіла на трактары пілавінне і калочкі, — кажа дзяўчына. — Даво-дзілася выконваць і іншыя работы ў садзе.
Але выйшаў са строю рухавік яе трактара, яго адправілі на завод, і цяпер Насця займаецца рамонтнымі работамі ў новай майстэрні ў Смалянах Мужчыны з паразуменнем адносяцца да яе і ва ўсім імкнуцца дапамагчы.
Не мог я ўстрымацца, каб не задаць дзяўчыне пытанне, ці не зайздросціць яна сваім аднагодкам, якія паступілі вучыцца і з’ехалі ў вялікія гарады?
Насця крыху задумалася і адказала:
— Нехта ж павінен заставацца і працаваць у вёсцы, бо праца на зямлі вельмі патрэбная.
Насця — сімпатычная і дапытлівая дзяўчына. Яна любіць катацца на ролікавых каньках і займаецца маляваннем. Здаецца мне, што калі яна не зверне са свайго шляху, пра яе мы яшчэ пачуем неаднойчы.
Мікола Архуцік, Аляксандр Мелеш (фота).