Понедельник, 2 декабря 2024

Два события, которые могли бы воодушевить Пружаны. В городе почтили память Григория Ширмы и Антона Токаревского

2 616

Што паказалі дзве культурныя падзеі, якія адбыліся ў райцэнтры напрыканцы лістапада? Першае – і галоўнае: заканчэння Года культуры (калі вы памятаеце, менавіта такім быў абвешчаны 2014-ы ў Пружанах) пакуль не адбылося! А “Нетрывіяльны канцэрт”, наладжаны нібыта з гэтай нагоды мясцовымі творчымі кадрамі, ні што іншае, як удалы піяр-ход, разбаўлены кропелькай какецтва. Другое: клімат Пружаншчыны ва ўсе часы быў спрыяльным для асоб творчых, натхнёных, таленавітых. Але гэта я ведала заўсёды: многія землякі праславілі родную зямліцу, вядомы далёка за межамі раёна, вобласці, нават рэспублікі. Іх імёны вызначаюць імідж раёна.IMG_6024

«І сёння ён жыве, калі песня шчырая хвалюе»

Вечар успамінаў “Песня – душа народа”, наладжаны  ў Палацы культуры, быў прысвечаны Рыгору Раманавічу Шырме. Падставай для мерапрыемства стаў 75-гадовы юбілей створанай  маэстра Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы, якая носіць цяпер яго імя.

Канцэрту папярэднічаў «круглы стол». Абмяняцца сваімі думкамі і ўражаннямі сабраліся людзі, якія Рыгора Шырму ведалі асабіста або займаюцца вывучэннем яго жыцця і захаваннем творчай спадчыны. Дзяліліся ўспамінамі, і нават па-спрабавалі разабрацца ў феномене: як у простай сялянскай сям‘і мог нарадзіцца і выгадавацца такі  чалавек? Адкуль яго талент?IMG_6076

Пра сямейныя традыцыі расказваў унук Раман Расціслававіч Шырма, пра сваю працу ў акадэмічнай капэле і зносіны з маэстра — Аляксандр Васільевіч Жураў, прафесар кафедры харавога дырыжыравання ўніверсітэта культуры і мастацтваў, пра цярністы жыццёвы шлях — былы дырэктар Пружанскай школы мастацтваў Якаў Сямёнавіч Малайчук…

—У песні самае галоўнае – душа, —кажа А.В.Жураў. — Шырма ўмеў так падаць песню, што на душы станавілася то цяжка, то лёгка… Ад прыроды гэты талент у яго. А яшчэ — вялізная працавітасць, апантанасць справай. Ён прыходзіў з рэпетыцый ці канцэртаў і ся-дзеў начамі, апрацоўваў сабраныя песні. Сам працаваў і прымушаў іншых.

Цудоўны арганізатар: усе хоры, якія ствараў, дасягалі вельмі высокага ўзроўню.

—Галоўнае, — на думку Я.С. Малайчука, — ён паказаў хараство беларускай песні ўсім. Да яго нават паняцця такога не было «беларуская песня». Якое шчасце, што зямля наша нара-дзіла, акумулявала свае сілы на з‘яўленне гэтага таленавітага, творчага чалавека.

Віртуальны музей? Гэта ідэя!

Здаецца, шмат напісана, знята, сказана пра Рыгора Раманавіча Шырму, але ўдзельнікі «круглага стала»  прыйшлі да высновы, што «белыя плямы» ў яго біяграфіі яшчэ прысутнічаюць: ёсць разыходжанні і ў датах, і ў падзеях. Варта больш дэталёва спыніцца на некаторых момантах жыцця. Дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Ю.С.Зялевіч прапанаваў заняцца віртуальнай рэканструкцыяй творчай спадчыны Р.Р.Шырмы.

—Ушанаванне памяці – галоўнае, што мы можам зрабіць. І гэта не абавязкова стварэнне дома-музея, на які патрабуюцца вялізныя сродкі. Цяпер рэальна зрабіць віртуальны музей, сабраць творы, запісы вя-лікага земляка, успаміны і кнігі аб ім – і стварыць банк дадзеных або сайт, які бу-дзе папаўняцца. Тым больш, што вопыт падобнай працы ёсць: калі памятаеце, сёлета падчас «Ружанскай брамы» прайшла прэзентацыя  электроннага выдання «Спадчына Ю.І.Крашэўскага». IMG_6130

Праз тры гады будзе адзначацца 125-годдзе з дня нараджэння Рыгора Шырмы, так што час пакуль ёсць.

 «Там, каля млына» вырашылі не спяваць!

Тое, што Пружаншчына сапраўды багатая на таленты, а справа  вялікага земляка — у надзейных руках яго вучняў,  пацвердзіў канцэрт. Здаецца, у невялікім горадзе  самадзейных артыстаў ведаеш напералік. У асноўным гэта вучні і педагогі школы мастацтваў, музычныя калектывы гарадскога Палаца і сельскіх Дамоў культуры. Рознымі саставамі яны задзейнічаны ў большасці культурных праграм мясцовага маштабу.  Тым не менш, з вялікай асалодай слухала  цудоўную музыку струннага ансамбля «Архе», дзіўны голас  Святланы Машкала, спевы народнага камернага хору пад кіраўніцтвам Я.С. Малайчука.

Але галоўным сюрпрызам гэтага вечара было выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Р.Шырмы. Сваю радасць з нагоды юбілею капэлы  артысты вырашылі раздзяліць з землякамі Рыгора Раманавіча. Яны прывезлі новую эксперыментальную праграму «І нават танец можна спець» — чароўныя мелодыі, якія хацелася слухаць бясконца…

На жаль, жадаючых атрымаць асалоду ад  добрай музыкі ў зале было… не так  каб шмат.

Пасля канцэрта я папрасіла дырыжора Дзмітрыя Хлявіча падзяліцца ўражаннямі. Была гатова, прызнацца, пачуць нават незадаволенасць незапоўненасцю залы. Але…

— Я ніколі не ганюся за колькасцю, а якасці сёння было, як кажа моладзь, вышэй даху. Усё роўна, колькі гледачоў: можа быць 30, 50, але яны ёсць і гэта — культурны ўзровень Пружан.

Сёння быў такі выдатны канцэрт, я маю на ўвазе тое, што спявалі да нас, я з-за куліс слухаў і ўбачыў, што нам прыйдзецца ўцягнуць жываты – самадзейнасць вельмі наступае на пяткі. «Там, каля млына» ў выкананні камернага хору — гэта проста фантастыка! Прытым, я так разумею, гэта ўсё прыдумаў хормайстар, у нотах такога няма. І тыя, хто са мной слухаў, таксама стаялі з вялізнымі вачамі: мы ж таксама гэту песню планавалі  тут выканаць. І зразумелі: у гэтым канцэрце нам ужо не трэба яе спяваць!

Я ганаруся, што землякі Рыгора Раманавіча запрасілі нас на гэты канцэрт. І ў гэтай зале, нават нягле-дзячы на тэмпературу паветра, было так цёпла, так выдатна, і я шкадую, што ўсё так хутка скончылася. Да юбілею нашай капэлы мы атрымалі неацэнны падарунак. Здароўя, сіл, запалу пружанцам.

 «Гаршкі буду рабіць, пакуль рукі не злажу»IMG_5992

А незадоўга да гэтага  юбілею ў Пружанах святкавалі іншы. На адкрыццё выставы “У сузор‘і ганчара”, прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння народнага майстра Антона Такарэўскага, у музей-сядзібу “Пружанскі палацык” сабраліся  людзі, для якіх словы “чорна-глянцавая задымленая кераміка” – не простае вызначэнне накірунку рамяства.

Выстаўленыя ў экспазіцыі чорныя збаны, глякі, спарышы, макацёры, мялачкі (магчыма, нехта ведае і больш назваў беларускага глінянага посуду)  радавалі вока. Але не толькі спецыялісту было бачна, наколькі старажытныя і сучасныя калекцыі адрозніваюцца паміж сабой. Сённяшняя кераміка – вельмі прыгожая, стыльная, але разлічаная ў асноўным на аматара-калекцыянера ці гаспадара аграсядзібы, які выставіць яе напаказ: глядзіце, як продкі жылі. І тут жа — посуд, які рабіўся для штодзённага ўжытку, не толькі выразны ў кожнай сваёй лініі, але і максімальна зручны.IMG_6038

Таццяна Сцяпанава тлумачыць:

—Бачыш, гэта работа сучаснага кераміста. Вельмі прыгожа глядзіцца, і тэхналогія вырабу вытрымана. Але паспрабуй у гэтым гаршку прыгатаваць адтопленае малако.

—Што, нельга?

—Можна, ды потым знутры гэтую пасудзіну ўжо чыста не адмыеш. Памацай, якая яна шурпатая. А Такарэўскі браў анучку, калі ляпіў на крузе гляк, вось так, пальцамі нацягваў і праз яе выгладжваў унутраную сценку. Не для паказу рабіў, а для чалавека, каб карыстацца зручна было. Вось на ёмістасцях для вады ці малака борцік. Навошта? Як ні наліваеш, ні кроплі не праліваецца міма шклянкі. Ці можна з якога сучаснага посуду так наліць?

Мастацтвазнаўца, член Саюза дызайнераў Беларусі, выкладчыца Белдзяржуніверсітэта Таццяна Фёдараўна Сцяпанава асабіста ведала майстра. Яна лічыць, што ў многім дзякуючы Антону Такарэўскаму не толькі атрымала пуцёўку ў сваю будучую прафесію, зацікавілася народнымі рамёствамі, але і навучылася аддана працаваць, дабівацца пастаўленай мэты.IMG_6025

—Мне вельмі пашанцавала. Антон Рыгоравіч Такарэўскі быў сапраўды ўнікальным чалавекам, захопленым сваёй справай. Яго жонка мне расказвала, што ён устае ў дзве гадзіны ночы. У іх на кухні стаяла вялікая печка, у якой ён абпальваў вырабы. “Ну што гэта такое, устане ў дзве гадзіны ночы і гэтым кругам усё рыпае і рыпае, спаці мне не дае”. Але гадзін да шасці на дошцы ўжо стаяла вялікая колькасць вырабаў. І вось тут пачыналася цяжкая праца. Трэба было ўсе іх змясціць у печ для абпальвання. Цэлы дзень ён прысвячаў працы, займаўся хатняй гаспадаркай. Дзіўны быў чалавек. Як потым аказалася, у яго ніколі не было працоўнай кніжкі. Усё жыццё працаваў, што называецца, на сябе, але на самой справе – для людзей.

Я была сведкай складаных перыядаў у яго жыцці. Самы цяжкі – калі загінула ягоная жонка. Здавалася, ніякая сіла больш не прымусіць яго працаваць. Яго высокую постаць у чорным паліто можна было бачыць у горадзе, як хадзіў туды-сюды…  Але потым неяк сабраўся з сіламі, ажаніўся ў другі раз, і зноў за працу. Казаў: “Гаршкі буду рабіць, пакуль рукі не злажу”…

 «Чорная кераміка —песня нашага краю»

Таццяна Фёдараўна можа гадзінамі захоплена расказваць пра традыцыйны пружанскі промысел, пра ганчароў, якія сяліліся на Горцы і Хватцы. І, зразумела, пра Антона Такарэўскага:

— У яго дэкоры шмат прыгажосці. Гэта не проста елачкі і палоскі – гэта песня нашага краю. Фактычна, выраб посуду – не самая складаная справа, даступная для авалодвання многімі. Але толькі таленавіты і адданы чалавек становіцца майстрам.  Такую кераміку, як рабіў Такарэўскі, напэўна, ніхто не паўторыць. Напрыклад, яго чорна-глянцавая кераміка мае ўнікальнай таўшчыні чарапок, які звініць як хрусталь, калі пастукаць па ім. І калі ён даставаў з печы абпаленыя гаршкі, радаваўся, гэта было такое свята: “Ты пабач!”

У 1939 годзе ў Пружанах яшчэ працавалі 60 майстроў, пасля вайны была ўтворана арцель. Але дзяржаўная палітыка таго часу не садзейнічала падтрыманню рамеснікаў, і праз некаторы час арцель развалілася. Калі спахапіліся, паімкнуліся зноў адрадзіць промысел, было ўжо позна. Кераміка не карысталася ранейшым попытам: з‘явілася шмат посуду фабрычнага – алюмініевага, эмаліраванага, фарфоравага. Ганчарныя вырабы працягвалі купляць хіба што бабулі ў вёсках, якія ведалі, што самае смачнае малако – у гліняным збане.

— Настаў час, калі народныя промыслы вырашылі аднавіць. Такарэўскаму ўжо было гадоў 70. Ён казаў: “Я такі шчаслівы – у мяне ёсць заказы”. І працаваў да апошняга, да старасці дастойна пранёс сваю прафесію. «Зляпіць пасудзіну сваёй душы»…

Мне спадабалася выступленне на адкрыцці выставы клірыка Свята-Мікалаеўскай царквы айца Аляксандра, хаця казаў ён зусім не пра ганчароў:

—Чалавек павінен імкнуцца выляпіць пасудзіну сваёй душы, напоўніць яе дабром, міласэрнасцю, сумленнем. Вызначыць мэту ў сваім жыцці. Не абавязкова праславіцца, але імкнуцца ствараць нешта добрае, любіць сваю спадчыну, куток, дзе жывеш. Толькі тады можна сказаць, што жыццё прайшло нездарма.

Не аднойчы наша «раёнка» праводзіла апытанні пружанцаў наконт баўлення вольнага часу. І кожны раз журналісты выслухвалі пэўную колькасць нараканняў: маўляў, сумна, няма куды пайсці, а калі нешта добрае і цікавае і ёсць, то каштуе дорага. Не хачу быць маралістам, але, мне здаецца, многія проста не разумеюць, што не сумуе не той, каго забаўляюць, а той, хто прымушае працаваць сваю душу. Гэтае неразуменне і становіцца асноўнай прычынай таго, што культурныя падзеі (нават калі не трэба плаціць за білет) не збіраюць аншлагаў.

Але дастаткова зайсці ў музей, установу культуры, школу мастацтваў, цэнтр творчасці — і ўбачыш людзей, якія цярпліва лепяць пасудзіну душы і па прыкладзе вялікіх землякоў  напаўняюць яе творчасцю, натхненнем, апантанасцю, любоўю і дабром. Іх не так многа, як хацелася б, але на іх сапраўды трымаецца свет.

Ірына Сядова.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *