Алёна Лосева, Анастасія Кудрашова, Аляксандр Котаў і Сяргей Жураўлёў – удзельнікі вакальнага ансамбля “Два плюс два”, без якога цяпер не абыходзіцца ні адзін канцэрт у Пружанах.
Усё пачыналася з задумкі стварыць калектыў, які выконваў бы песні для “думаючай” дарослай публікі. Калі ж падабраліся спевакі з рознымі тэмбрамі галасоў: Алёна – сапрана, Насця – альт, Сяргей – тэнар, Аляксандр – барытон, нібы сам сабой утварыўся адмысловы квартэт.
— У нас шмат творчых калектываў, якія працуюць пераважна для маладзёжнай публікі, — расказвае кіраўнік ансамбля Аляксандр Котаў. – А мы зрабілі стаўку на рэтра, каб крануць душу слухача, прымусіць успамінаць, настальгіраваць, марыць. Ёсць у рэпертуары патрыятычныя песні, шмат уласных кампазіцый.
У планах “Два плюс два” – стварыць праграму, амаль палавіну нумароў якой складуць песні ўласнага сачынення. Той жа Аляксандр Котаў, напрыклад, піша музыку, якая ўдала кладзецца на словы пружанкі Вольгі Кабрынец (ужо палюбілася публіцы песня “Беларусь”, напісаная гэтымі аўтарамі). Найлепшых водгукаў заслугоўвае і “Каралева Бона» Паслухаць! на словы Аляксандра Казея і музыку Аляксандра Котава.
Наогул, творчасць вакальнага ансамбля будуецца на мясцовым каларыце. Таму музыкі мараць, каб па іх песнях і манеры выканання людзі адразу пазнавалі на сцэне пружанцаў.
І іх мары паступова збываюцца. На абласным свяце-конкурсе патрыятычнай песні “Табе мае песні, Белая Русь!” вакальны ансамбль “Два плюс два” стаў лаўрэатам. Усё часцей спевакі атрымліваюць запрашэнні выступіць за межамі раёна. Хаця самі задумваюцца пра свой, асобны, канцэрт з блокаў патрыятычнай, гістарычнай, лірычнай песні. І абавязкова ў суправаджэнні мясцовых танцораў і ўдзельніц народнай студыі моды “Папараць-кветка”.
Галіна каляда, Аляксандр Мелеш (фота).