Понедельник, 2 декабря 2024

Да дня беларускай навукі: на абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі, што ў Пружанах, працуюць 27 даследчыкаў

1 935

Хутка споўніцца шэсцьдзесят гадоў, як у Пружанах з‘явілася Брэсцкая  абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аб дні сённяшнім навуковай установы гутарка карэспандэнта з яе дырэктарам А.С.Паўлючыкам.

— Анатоль Сцяпанавіч, што на сённяшні дзень уяўляе Ваша навуковая ўстанова?

— Доследная станцыя — гэта прадпрыемства з агульнай колькасцю працуючых каля 140 чалавек, у тым ліку 27 даследчыкаў. Маем пяць навукова-вытворчых аддзелаў, якія спецыялізуюцца па групах культур, а таксама дапаможныя падраздзяленні. За станцыяй замацавана каля 900 гектараў зямель, з якіх пад ворывам 750 гектараў. На 140 гектарах размешчаны пладовы сад, які да 2015 года будзе пашыраны да 200 гектараў. Пабудавана фрукта-сховішча на 1200 тон, сёлета плануем увесці ў эксплуатацыю бульбасховішча на 2000 тон. Агульны аб’ём грашовай выручкі ў мінулым годзе склаў             13,8 мільярда рублёў, а рэнтабельнасць —19,3%.

Асноўныя накірункі нашай дзейнасці тыповыя для рэгіянальных навукова-даследчых устаноў: навуковая работа, арыгінальнае насенняводства палявых культур і гадавальнікаводства пладовых культур, укараненне перадавых тэхналогій. Словам, перш чым нейкая сельскагаспадарчая культура трапіць на поле, яна праходзіць даследаванні, у тым ліку і на нашых доследных участках і ў лабараторыях.

— Якім быў для працоўнага калектыву мінулы 2012 год?

— Навукова-даследчая работа летась ажыццяўлялася ў рамках пяці праграм у цеснай кардынацыі з дзевяццю галоўнымі інстытутамі. Агульны аб’ём фінансавання навуковых даследаванняў у параўнанні з папярэднім годам вырас больш чым на 30%. З 2011 года на станцыі вядзецца работа з новай для нашай краіны культурай — яравой цвёрдай пшаніцай.

У рамках праграмы «Інавацыйныя тэхналогіі ў АПК» вядуцца даследаванні па чумізе. Сумесна з лабараторыяй крупяных культур Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве стала магчымым стварэнне першага айчыннага сорту чумізы зерневага накірунку «золушка» і проса «заходняе».

За кошт уласных сродкаў займаемся вывучэннем такой кармавой культуры, як суданская трава. У дадзены момант працягваецца адпрацоўка прыёмаў вытворчасці насення гэтай культуры. Апошнім часам аднавіліся даследаванні па вырошчванні ў нашых умовах соі.

У рамках супрацоўніцтва з Палескім інстытутам раслінаводства ажыццяўляем распрацоўку элементаў тэхналогіі вырошчвання алейнага сланечніку.

Актывізавалася і істотна пашырылася навукова-даследчая работа па бульбе. Мы ўдзельнічаем у селекцыйнай праграме пры выпрабаванні сартоў гэтай культуры.

Нягледзячы на шматпрофільнасць нашай станцыі, яе візітнай карткай з’яўляецца сад. Мы вядзем даследаванні па селекцыі ўласных і вывучэнні інтрадуцыраваных клонавых падвояў, ацэнцы сорта-падвойных камбінацый, распрацоўцы прыёмаў вырошчвання саджанцаў для садоў інтэнсіўнага тыпу. Ажыццяўляецца таксама інтрадукцыя сартоў слівы і грушы. У мінулым годзе вытворчасць саджанцаў склала 160 тысяч штук, а падвояў — 650 тысяч. У садзе было сабрана звыш тысячы тон яблыкаў.

— Анатоль Сцяпанавіч, а як жа навуковыя распрацоўкі ўкараняюцца ў гаспадарках вобласці?

— Нашы супрацоўнікі вядуць работу па адрасным укараненні навуковых распрацовак у перадавых гаспадарках. Асабліва актыўна з намі супрацоўнічаюць у гэтым плане ААТ «Жураўлінае», «Вялікасельскае Агра», «Ружаны-Агра», «Мурава», «Агра-Калядзічы».

Станцыя па сутнасці з’яўляецца ядром абласной сістэмы насенняводства, паколькі займаецца вытворчасцю насення лепшых раяніраваных і перспектыўных сартоў сельгаскультур. Калі пятнаццаць гадоў назад аб’ём рэа-лізацыі насення збожжавых і зернебабовых культур складаў каля 70 тон, то летась было прададзена каля 400 тон. Аб’ёмы вытворчасці насеннага матэрыялу шматгадовых траў у 2012 годзе склалі 2,8 тоны, ільну-даўгунцу — 2,8 тоны, ільну алейнага — 5 тон, азімага рапсу — 9 тон. У мінулым годзе таксама займаліся вытворчасцю гібрыднага насення кукурузы.

— Адной з важнейшых задач дзейнасці доследнай станцыі раней з’яўлялася распаўсюджанне інфармацыі аб новых сартах і тэхналогіях. А як цяпер?

— Вынікі навуковай работы знаходзяць сваё адлюстраванне ў публікацыях, колькасць якіх у апошнія гады вырасла. Летась было апублікавана 25 артыкулаў, у тым ліку 5 у краінах блізкага замежжа (Латвія, Расія, Украіна). Новыя тэхналагічныя прыёмы, новыя сарты прапагандуем на абласных і раённых семінарах, а таксама падчас вучобы кадраў у зімовы перыяд. У мінулым годзе пачаў функцыяваць афіцыйны сайт прадпрыемства.

— Анатоль Сцяпанавіч, што б Вы хацелі пажадаць членам працоўнага калектыву напярэдадні прафесійнага свята?

— Хочацца павіншаваць усіх нашых работнікаў, а таксама ветэранаў з Днём беларускай навукі. Пажадаць ім моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту.

Гутарыў Мікола Архуцік.

Аддзел насенняводства доследнай станцыі, які ўзначальвае М.В.Фурман, налічвае 12 чалавек. Асноўная задача яго супрацоўнікаў — забеспячэнне арыгінальным насеннем элітвытворчых гаспадарак вобласці, карэкціроўка тэхналогіі вырошчвання збожжавых, зернебабовых і крупяных культур — проса, грэчкі, чумізы.

На здымку: аграном аддзела насенняводства Любоў Андрусевіч малодшы навуковы супрацоўнік А.Д.Краўчук, навуковы супрацоўнік В.М.Якута, аграном Т.П.Адамчык.

Фота Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *