Понедельник, 16 сентября 2024

«Данон Пружаны»: конфликт интересов?

3 721

Даволі працяглы час няма пэўнасці ў рабоце СТАА «Данон Пружаны». Пачалася гісторыя з закрыцця нерэнтабельнай лініі па разліве малака ў РЕТ-бутэлькі. Такое рашэнне пацягнула за сабой іншыя праблемы, пачынаючы са зніжэння аб’ёмаў перапрацоўкі і заканчваючы зніжэннем заработных плат на прадпрыемстве. Менавіта іх і абмяркоўвалі  зацікаўленыя бакі на сустрэчы, якая адбылася ў райвыканкаме на мінулым тыдні.Совещание Данон 5

Як зазначыў старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч, упершыню сырое малако стала для Пружаншчыны экспартнай пазіцыяй: сёння штодня звыш 100 тон яго адпраўляецца на іншыя прадпрыемствы вобласці. Такога не было нават тады, калі працаваў адзін малочны камбінат. Цяпер жа ў нас два перапрацоўчыя прадпрыемствы, але яны не спраўляюцца з задачай.

Як выправіць сітуацыю?

Прысутныя хацелі паслухаць канкрэтныя прапановы ад прадстаўнікоў «Данона», які  знізіў аб’ёмы перапрацоўкі. Але пачулі просьбу аб чарговай адтэрміноўцы да пачатку восені, калі  зменяць сітуацыю карэнным чынам. Ці можна давяраць такім абяцанням, справядліва засумнявалася начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.Х.Лапыка:

— Раней называліся тэрміны да Вялікадня, да пачатку лета, а цяпер ужо верасень. Наколькі абгрунтавана новая дата? — задала пытанне Алена Харытонаўна.

Расійскі бок запэўніў, што распрацавана новая праграма і першыя зрухі ўжо відавочны. Адпрацаваны новыя накірункі збыту малака, якое цяпер адпраўляецца ў краіны Каўказа і Сярэдняй Азіі, ліквідаваны страты ў памеры пяць мільярдаў рублёў, а таксама паступова разгружаюцца склады. Прызналі прадстаўнікі прадпрыемства і сваю памылку ў тым, што арыентаваліся толькі на разліў малака: неабходна пашыраць асартымент, каб мець магчымасць для манеўру. Аб супрацоўніцтве  тут жа дамовіліся з дырэктарам ААТ «Пружанскі малочны камбінат» У.М. Мікіцічам.

У сваю чаргу Міхаіл Мікалаевіч звярнуў увагу расіян яшчэ на адзін немалаважны пралік. Вытворчасць прадпрыемства сёння разлічана на перапрацоўку сярэдняга аб’ёму сыравіны, але ў гэтага віду прадукцыі ёсць свая сезоннасць. Зараз, калі ідзе перыяд так званага «вялікага малака»,  прадпрыемства адмаўляецца ад дадатковых аб’ёмаў. А зімой не выключаны выпадкі прастою з-за недахопу сыравіны.

— Трэба распрацаваць гнуткі графік работы, каб вытворчасць мела стабільны характар, а наш раён мог складаць свае планы па развіцці эканомікі,— падкрэсліў старшыня райвыканкама.— І трэба гэта рабіць неадкладна.

Прадстаўнікі СТАА «Данон Пружаны» выказалі таксама прапанову абмеркаваць пытанне аб 12-працэнтнай надбаўцы за пастаўляемую сыравіну, якая прымяняецца ў  адпаведнасці з заключаным інвестдагаворам. Па іх словах, у выніку зніжаецца рэнтабельнасць прадукцыі, а значыць, і яе канкурэнтная прыцягальнасць. Ці ёсць у гэтым сэнс?

На думку раённых улад, сыравінная база Пружаншчыны развівалася не адно дзесяцігоддзе, у яе ўкладзены мільярды долараў. І аддаць яе ў выкарыстанне замежным інвестарам практычна за «дзякуй»? Іншая справа, калі атрыманымі прыбыткамі ад рэалізацыі інвестпраграмы можна скарыстацца такім чынам, каб атрымаць узаемную выгаду. Напрыклад, па прапанове аблвыканкама, можна было б зрабіць на Пружаншчыне ферму-дэманстратар, дзе ўтрымліваліся б элітныя пароды кароў з атрыманнем ад іх малака па еўрапейскіх аб’ёмах і стандартах якасці.

Напрыканцы сустрэчы бакі дамовіліся праз некаторы час сабрацца зноў, але з канкрэтнымі праграмамі і падлікам прагназуемых вынікаў.

Алег СІДАРЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *