Понедельник, 2 декабря 2024

«Даецца нам невыпадкова такая рэдкая сустрэча»

1 956

Адна з такіх невыпадковых сустрэч адбылася 19 снежня ў Ружанскай СШ. У школу завітаў паэт-зямляк Васіль Жуковіч.
Трэба адзначыць, што гэта ўжо другая сустрэча: першая адбылася некалькі гадоў таму, калі мы рыхтавалі прэзентацыю зборніка Васіля Аляксеевіча «У храме хараства і смутку». А нядаўна свет убачыў чарговы зборнік паэта — «Не завіце Радзіму малой».
Арганізавала мерапрыемства настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вера Антонаўна Шамяцюк. Прыемна, што на сустрэчу Васіль Жуковіч прыйшоў не адзін: паэта суправаджалі яго блізкія — жонка Вера Мікалаеўна, сын Руслан, а таксама сябар Мікалай Максімавіч Максімаў — галоўны ўрач мясцовай бальніцы.
Школьная літаратурная гасцёўня пачалася з песні «Землякі», словы да якой напісаў паэт. Дарэчы, Васіль Жуковіч выпусціў дыск з песнямі на яго словы «Імклівая рака». Была аформлена кніжная выстава, на якой можна было лепш пазнаёміцца з творчасцю госця. Як зазначыла вядучая, паэзія В.Жуковіча мае вялікі выхаваўчы патэнцыял. У яго вершах можна адшукаць адказы на шматлікія пытанні «Што нам трэба, каб быць прыгожымі? Кім быць?» і іншыя. Як доказ гэтаму гучалі вершы паэта ў выкананні вучняў 9 «А» класа. А вучні 6 «Б» класа падрыхтавалі інсцэніроўку верша «Кім быць?». У паэтычных радках Жуковіча можна адшукаць і парады для розных жыццёвых сітуацый.
На аснове прачытаных вершаў у кожнага з прысутных склалася пэўнае ўяўленне пра Васіля Жуковіча як сына, бацьку, мужа, дзядулю, грамадзяніна. Выступленне вучняў прадоўжыў сам паэт. Ён расказаў пра сваё захапленне перакладам, прадэманстраваў цудоўныя фотаздымкі родных краявідаў у розныя поры года, прачытаў некалькі вершаў. Здзівіў, дарэчы, вершам, прысвечаным настаўніцы нашай школы В.А.Шамяцюк.
На памяць аб сустрэчы вучаніца Маша Шчыглюк падарыла госцю карціну, вышытую сваімі рукамі. Хочацца верыць, што нашы творчыя сустрэчы будуць арганізоўвацца пастаянна. Тым больш, што для гэтага ёсць падстава: паэт падарыў музычнаму гурту юнакоў школы свае яшчэ не надрукаваныя вершы ў якасці слоў да іх чарговай песні.
Вера Наумік, настаўніца Ружанскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *