У панядзелак, 5 кастрычніка, старшыня аблвыканкама А.В.Ліс з рабочай паездкай наведаў Пружаны.
Першапачаткова старшыня аблвыканкама пабываў на малочным камбінаце, дзе сустрэўся з працоўным калектывам. З вынікамі работы прадпрыемства пазнаёміў прысутных дырэктар камбіната У.М.Мікіціч, які расказаў аб аб’ёмах перапрацоўкі малака, геаграфіі паставак, інвестыцыйных укладаннях.
— Гэтае прадпрыемства, як і Пружанскі раён у цэлым, — зазначыў губернатар, — вялікіх пытанняў у нас не выклікае. Мэта, з якой я сёння прыбыў да вас – пазнаёміць з асноўнымі паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і Брэсцкай вобласці, у прыватнасці.
Анатоль Васільевіч падкрэсліў, што рэспубліка захоўвае вядучыя пазіцыі па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і знаходзіцца на 44 месцы ў сусветным рэйтынгу харчовай бяспекі. Дастойны ўклад у гэта ўносіць і Брэстчына, якая знаходзіцца ў лідарах па вытворчасці збожжа на душу насельніцтва – 1070 кг, па вытворчасці мяса – звыш 140 кг і вытворчасці малака, якая таксама перасягнула тысячны рубеж. Як пазітыўны момант, губернатар адзначыў на Брэстчыне самую нізкую смяротнасць і самую высокую нараджальнасць за апошнія дзесяць гадоў.
Пасля свайго выступлення А.В.Ліс адказаў на пытанні прысутных. Людзей хвалявала недастатковасць выдзяляемых фінансавых сродкаў для кааператываў па пракладцы сетак газазабеспячэння. У прыватнасці, з пятнаццаці такіх кааператываў у нашым раёне фінансавання на наступны год хопіць толькі на тры. Таксама прысутныя цікавіліся ацэнкай губернатара перспектыў развіцця сельскай гаспадаркі і інвестыцыйнага клімату ў нашым раёне. Старшыня аблвыканкама выказаў сваё меркаванне і з нагоды неабходнасці заканчэння будаўніцтва гасці-ніцы каля Лядовага палаца.
У Палацы культуры, куды неўзабаве на сустрэчу з выбаршчыкамі прыбыў А.В.Ліс як давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі А.Р. Лукашэнкі, ён пазнаёміў прысутных з перадвыбарнай праграмай кіраўніка дзяржавы. Сваё выступленне губернатар будаваў на галоўных дасягненнях нашай краіны – стабільнасці, парадку, свабодзе, міры і незалежнасці.
— Толькі так, — зазначыў выступоўца, — можна захаваць у грамадстве адзінства і згоду, а ў краіне — устойлівую сацыяльна-эканамічную абстаноўку.
Безумоўна, не абышлося і без фактаў стабільнага развіцця нашага рэгіёна. Засяроджвалася ўвага і на праблемах, якія неабходна будзе вырашаць у бліжэйшыя гады.
Адказваючы на пытанні людзей, Анатоль Васільевіч расказаў аб прадпрыемствах вобласці, якія паспяхова прайшлі мадэрнізацыю, падзяліўся сваім уражаннем ад перадвыбарнай кампаніі, а таксама ўласным бачаннем сітуацыі з магчымым павелічэннем зарплаты настаўнікаў. На пытанне-просьбу аб аказанні некаторым катэгорыям замежных грамадзян бясплатнай медыцынскай дапамогі, губернатар адказаў пытаннем: “А чаму мы павінны аказваць ім меддапамогу бясплатна?”. А вось з заканчэннем будаўніцтва неўралагічнага аддзялення бальніцы абнадзеіў, выказаўшы меркаванне, што яго трэба заканчваць.
З нагоды льготнага крэдытавання маладых сем’яў старшыня аблвыканкама адзначыў, што цяпер больш увагі будзе ўдзяляцца сем’ям шматдзетным і тым, што пражываюць у сельскай мясцовасці.
На заканчэнне сустрэчы Анатоль Васільевіч нагадаў прысутным аб праве прагаласаваць на выбарах датэрмінова і заклікаў аддаць свае галасы за далейшую стабільнасць нашай краіны на чале з А.Р.Лукашэнкам.
Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).