Самы час задумацца пра падрыхтоўку вашага аўтамабіля да зімы. Хутка некалькі месяцаў машыне давядзецца працаваць у складаных умовах — холад, вільготнасць, галалёд, снег, хімічныя рэагенты на дарогах. Бяспека кіравання — самае галоўнае для аўтаўладальніка. Таму не варта чакаць першых маразоў і галалёду, каб падрыхтаваць свой аўтамабіль да зімы.
«Абутак»па сезоне
Першае, пра што задумваюцца аўтаўладальнікі з набліжэннем зімы,— гэта замена шын.
Умоўна вылучаюць тры тыпы пакрышак: зімнія, летнія і ўсесезонныя. Здавалася б, вельмі зручна выкарыс-тоўваць адзін і той жа камплект шын круглы год, але, на жаль, для большасці беларускіх аўтаўладальнікаў такі варыянт непрымальны. Усесезонныя колы разлічаны толькі на эксплуатацыю пры тэмпературы паветра не ніжэй мінус 5 градусаў. Зімы ў нас даволі непрадказальныя і могуць быць значна халадней.
Зімнія шыны бываюць двух відаў — шыпаваныя і нешыпаваныя. Выбар тут будзе залежаць, у першую чаргу, ад умоў эксплуатацыі аўто.
Вы выкарыстоўваеце машыну толькі ў горадзе ці вам даводзіцца часта выязджаць з яго? Для дарог, дзе ўзімку асфальту не ўбачыш, падыдуць шыпаваныя шыны.
Вытворцы ўвесь час працуюць над удасканаленнем як саміх шыпоў, так і варыянтаў іх размяшчэння на пакрышцы, каб палепшыць счапленне колаў з дарожным палатном. Спецы рэкамендуюць ставіць аднолькавыя шыпаваныя шыны на ўсе чатыры колы. Яны павінны прайсці абкатку ў 500 кіламетраў на хуткасці 60-70 км/г. Тады шыпы канчаткова стануць на свае месцы. У гэты перыяд варта пазбягаць рэзкіх тармажэнняў і дынамічных стартаў.
Альтэрнатывай можа быць ашыпоўка старых, але гэты спосаб мае свае тонкасці і патрабуе кансультацыі са спецыялістам.
Для гарадскіх вуліц і аўтатрас лепш браць нешыпаваныя шыны. Склад гумы і малюнак пратэктара такіх пакрышак можа быць розным. Вылучаюць «еўрапейскі» і «скандынаўскі» тыпы. Першы прызначаны для цёплых зім і мае дыяганальны малюнак пратэктара, з вузкімі прарэзамі для адводу бруду і вады. Другі адрозніваецца «зубастым» малюнкам, які забяспечвае лепшае счапленне на заснежанай ці абледзянелай дарозе ва ўмовах больш снежных і халодных зім.
Майце на ўвазе, што шыны маюць тэрмін годнасці: не больш за пяць гадоў з моманту вырабу. Звярніце ўвагу на вонкавы выгляд шын. Часта недобрасумленныя прадаўцы могуць прадаваць бракаваныя шыны пад выглядам новых. Такія пакрышкі будуць мець жоўтую пляму, якая не змываецца.
Пасля «пераабування» рэкамендуецца здзейсніць абкатку, праехаць у спакойным рэжыме кіламетраў сто-дзвесце, каб прывыкнуць да новых адчуванняў, ацаніць паводзіны машыны на зімовай дарозе.
Здароўе «жалезнага каня»
Падрыхтоўка аўтамабіля да зімы не абмяжоўваецца зменай шын. У ідэале варта звярнуцца ў аўтасэрвіс, каб правесці дыягностыку і неабходныя работы. Але такая паслуга зараз можа значна патрапаць ваш бюджэт. Таму не лішнімі будуць некалькі нашых парад.
u Не варта абдзяляць увагай кузаў аўто. Аўтаўладальнікам трэба пераканацца, што яго асноўныя часткі абаронены ад карозіі. Апрацоўка антыкарам рэкамендуецца для аўтамабіляў, якія з моманту куплі наогул не падвяргаліся гэтай працэдуры, ці апрацоўка праводзілася даўно. Пры абароне кузава аўтамабіля ад карозіі выкарыстоўваюцца масцікі на бітумнай аснове. Таксама яны могуць быць на аснове вашчыны або хлорсульфінавага поліэтылену. Адрозніваюцца антыкаразійныя сродкі адзін ад аднаго дадатковымі хімічнымі кампанентамі і якасцю вырабу.
А вось з прыходам зімы бруд становіцца істотна больш агрэсіўным з-за хімікатаў, якімі пасыпаюць ці паліваюць гарадскія дарогі. Для таго, каб абараніць лак, вельмі карысна стварыць на кузаве дадатковае пакрыццё. Часта выкарыстоўваюць сродкі на полімернай аснове.
u Праверце шчыльнасць электраліту ў акумулятары, магчыма, батарэю пара зарадзіць ці наогул замяніць. На ўсякі выпадак трымайце ў аўтамабілі правады для «прыкурвання».
Узімку вы павінны быць упэўнены ў эфектыўнай рабоце тармазоў, таму абавязкова праверце стан тармазных цыліндраў і калодак.
Звярніце ўвагу на свечкі і рамень генератара. Свечкі можна паставіць новыя. Рамень не павінен мець пацёртасцей і расколін, а яго нацяжэнне павінна адпавядаць норме.
Усе вадкасці і масла ў аўтамабілі таксама патрабуюць замены. Трэба праверыць шчыльнасць тасола, замяніць шклоамываючую вадкасць. Магчыма, спатрэбіцца замяніць ці даліць масла.
u Памятайце, што эксплуатацыя непадрыхтаванага да зімы аўтамабіля небяспечная і можа прывесці да аварыі! Знос рухавіка і хадавой часткі ва ўмовах халадоў надыходзіць хутчэй, затраты паліва ўзрастаюць. Вядома, зімой асабліва прыемна дабірацца на працу ў цёплай машыне, але пры моцных маразах, а таксама ў галалёд ці завеі, мабыць, лепш скарыстацца грамадскім транспартам.
Такім чынам, «рыхтуйце санкі ўлетку» і камфортнай вам зімняй язды!
Алег Сідарэнка.