Яшчэ не пастаўлена апошняя кропка ў гісторыі Другой сусветнай вайны, яшчэ шмат белых плям на старонках самых жудасных падзей мінулага стагоддзя. Пошукавая работа вядзецца не толькі на тэрыторыі былых рэспублік Савецкага Саюза, але і ў Еўропе.
Малады галандскі журналіст Рэмка Рэйдынг добраахвотна займаецца пошукам сваякоў загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Германіі і Галандыі салдат і вязняў канцлагера, якія былі пахаваны на Савецкім Полі Славы ў г.Амерсфоорце (Нідэрланды).
За дзесяць гадоў пошукаў Р.Рэйдынг ужо знайшоў сем‘і больш за 160 салдат.
На гэты раз ён зацікавіўся лёсам стралка 969-га стралковага палка 223 стралковай дывізіі чырвонаармейца Аляксея Андрэевіча Андрэева, які памёр ад ран 28 мая 1945 года. Дакладна вядома, што яго сваякі жылі ў Баранавіцкім раёне.
Магчыма, хто-небудзь з пружанцаў ведае гэтае прозвішча ці мае звесткі пра сваякоў салдата.
Райваенкамат звяртаецца з просьбай паведаміць інфармацыю па тэл.7-13-56, 9-20-01.
Як паведаміла галоўны спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсіённым забеспячэнні РВК В.К.Куляшова, галандскі журналіст ахвотна дапаможа тым, хто і зараз шукае сваіх братоў, бацькоў і дзедаў, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне ў баях на тэрыторыі Галандыі і Германіі.
Больш падрабязную інфармацыю пра дзейнасць Р.Рэйдынга і адкрытыя ім імёны можна атрымаць на яго афіцыйным сайце www.soldaat.su.
Алег Сідарэнка.