На выніковай калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя абмеркавалі работу ведамства, якая была праведзена ў мінулым годзе. Разам з тым назвалі імёны лепшых эколагаў краіны.
У іх ліку аказалася і галоўны спецыяліст Пружанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В.М.Дрозд: за добрасумленную работу, адказнае выкананне службовых абавязкаў і высокія паказчыкі за 2015 год Вольгу Міхайлаўну адзначылі падзякай ад імя кіраўніка прыродаахоўнага ведамства краіны.
Вольга Дрозд працуе на гэтай пасадзе ўжо дзевяць гадоў. Перад раённай інспекцыяй стаіць нямала задач: гэта пытанні навядзення парадку на зямлі і збору адходаў, афармленне адміністрацыйных працэдур, кантроль і праверка прадпрыемстваў і не толькі на прадмет выканання прыродаахоўнага заканадаўства, экалагічная асвета насельніцтва і многае іншае.
Найбольш часу патрабуе кантрольная дзейнасць, але нямала сіл траціцца і на папяровую работу. Тут ужо не даводзіцца лічыцца нават з асабістым часам. Напэўна, таму ў Вольгі Міхайлаўны заўсёды настолькі прадуктыўныя паказчыкі. Летась галоўны спецыяліст райінспекцыі правяла 25 планавых і 12 пазапланавых праверак, па выніках якіх былі вынесены 4 прэтэнзіі аб пакрыцці ўрону, нанесенага прыродзе, на агульную суму 49 мільёнаў рублёў. За мінулы год толькі ёю складзены 63 адміністрацыйныя пратаколы, а памер выпісаных службовым асобам, індывідуальным прадпрымальнікам і грамадзянам штрафаў — каля 79 мільёнаў рублёў. Разам з тым праведзена каля 150 рэйдаў па навядзенні парадку на зямлі.
— Варта адзначыць, што перад інспекцыяй стаіць задача не толькі шукаць парушальнікаў з мэтай іх пакарання рублём, — гаворыць Вольга Міхайлаўна. — Толькі мною ў 2015 годзе аказана метадычная дапамога па тлумачэнні нормаў прыродаахоўнага заканадаўства 720 асобам і прадстаўнікам арганізацый. Акрамя таго, выданы 35 дазволаў на ўтылізацыю адходаў, у рамках акцый ладзіліся мерапрыемствы і конкурсы.
Чакаецца, што сёлетні 2016-ы год, аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры, будзе напружаным і для спецыялістаў прыродаахоўных ведамстваў. З новага ракурсу рэкамендуецца падыходзіць эколагам да выканання звыклых задач.
— Усё-такі культура — паняцце, якое мае мноства сэнсаў, — тлумачыць В.М.Дрозд. — Лю-дзям варта нагадаць, што ёсць і культура адносін да прыроды. Калі прывіць, напрыклад, культуру навядзення парадку, навокал стане не проста прыгожа, але і менш будзе засмечвацца навакольнае асяроддзе.
Словам, зроблена нямала, а давядзецца яшчэ больш.
Марына Вакульская.