21 верасня — Дзень работнікаў лесу
Работу галоўнага паляўніцтвазнаўцы ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Сяргей Літвіновіч (на здымку) лёгкай не лічыць: на працы даводзіцца быць і ноччу, і па выхадных днях. Так было, напрыклад, у першай палавіне верасня, падчас гону аленяў.
— Акрамя беларусаў, — расказвае галоўны паляўніцтвазнаўца, — да нас прыязджала шмат замежных паляўнічых. Трафеі некаторых з іх былі, можна сказаць, зайздроснымі: рогі аднаго аленя заважылі больш дзевяці, а другога – больш дзесяці кілаграмаў. Хачу адразу супакоіць прыхільнікаў прыроды: правядзеннем арганізаваных паляванняў мы не наносім шкоду прыродзе, бо пастаянна вядзем улік колькасці звяроў. У паляўнічай гаспадарцы лясгаса налічваецца каля 750 аленяў, і гэтую колькасць мы падтрымліваем пастаянна.
Паляўнічыя ўгоддзі Пружанскага лясгаса, плошчай 170 тысяч гектараў, лічацца самымі вялікімі ў сістэме Міністэрства лясной гаспадаркі. Для прыцягнення замежных паляўнічых і турыстаў тут ствараюцца прыпыначныя пункты, на ўлонні прыроды будуюцца домікі з камфартабельнымі нумарамі. Праводзіцца вялікая работа па падкормцы і ўліку дзікіх звяроў.
Апошняе для патомнага лесавода Сяргея Літвіновіча важна асабліва. Абароне і аднаўленню лесу прысвяцілі сябе абодва яго дзяды. Адзін быў лесніком, другі – памочнікам ляснічага. Ляснічымі ў Белавежскай пушчы працуюць зараз маці і бацька Сяргея.
Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.