— Я, як у адной кнізе напісана, з вогненнай вёскі…
Так нешматслоўна, але мнагазначна прадставіўся ветэран Вялікай Айчыннай вайны І.І.Пашко. Сустрэча наша адбылася за дзень да чарговай гадавіны страшнай трагедыі, пра якую я цікавілася ў аднаго, на жаль, з нямногіх на сённяшні дзень сведкаў тых далёкіх падзей.
Калі мірнае жыццё Байкоў парушыла з’яўленне ў вёсцы карнікаў і людзі нарэшце паверылі, што пачалася вайна, ніхто і не думаў, не гадаў, што настолькі страшны лёс чакае іх наперадзе. Іван Іванавіч Пашко ўспамінае пра той час:
—Актыўную барацьбу з захопнікамі вялі народныя мсціўцы. Антыфашысцкая групоўка стварылася і ў вёсцы Байкі. Партызанскую друкарню, якая працавала то ў Бярэзніцы, затым некаторы час знаходзілася ў лесе каля Заполля, вырашана было перавезці ў Байкі. У зямлянцы, дзе яна размясцілася, выпускалі лістоўкі, якія распаўсюджваліся па навакольных вёсках. Тут жа, дарэчы, знайшлі прыстанішча і кіраўнікі Ружанскага антыфашысцкага камітэта Іосіф Паўлавіч Урбановіч і Мірон Емяльянавіч Крыштафовіч.
У 1943 годзе карнікі даведаліся пра існаванне друкарні, але дакладнага яе месцазнаходжання так і не высветлілі: сям’я Бараноў старанна замаскіравала зямлянку ў сваім двары. Але масавых арыштаў жыхарам Байкоў пазбегнуць не ўдалося. У злашчасным спісе значылася і маё імя. Каб пазбегнуць расстрэлу, я накіраваўся ў партызанскі атрад імя Кірава. Роўна 400 дзён і начэй я партызаніў. Вельмі цяжка і балюча ўспамінаць той час…
22 студзеня 1944 года, у чорны дзень у гісторыі вёскі, я знаходзіўся ў дазоры. Пра тое, што аднавяскоўцаў расстрэльваюць, расказаў разведчык. Сэрца ад такой навіны быццам перастала біцца. І адразу, як толькі мяне змянілі, яшчэ разам з пяццю партызанамі накіраваўся ў Байкі: спадзяваўся, што хоць каго-небудзь убачу ў жывых… А там толькі зямля варушылася: то падымалася, то апускалася. І вецер ганяў вугольчыкі папялішча, якое засталося ад вёскі.
Горкія слёзы выклікаюць гэтыя ўспаміны ў Івана Іванавіча.
Потым людзі з навакольных вёсак расказалі, які здзек над жыхарамі Байкоў учынілі немцы.
…На світанку немцы акружылі вёскі. Надвор’е ў той дзень стаяла не па пары года: быў на дзіва цёплы студзеньскі дзень, раставаў снег, вада збіралася ў лужы. Солтыс загадаў жыхарам Манчыкаў, Малочкаў і Карасёў збіраць сялянскую маёмасць і хатнюю жывёлу і вывозіць яе ў Ружаны. Жанчыны, чые дочкі павыходзілі замуж у Байкі, сваім мацярынскім сэрцам прадчувалі бяду і памкнуліся пайсці ў вёску, але шчыльна стаяўшыя ўздоўж шашы Пружаны-Ружаны немцы, усіх разварочвалі назад.
Наконт жыхароў Байкоў у фашыстаў былі іншыя планы: іх сагналі ў два хлявы — мужчын і жанчын з дзецьмі паасобку. Як з імі плануюць расправіцца карнікі, яны здагадаліся, калі праз шчыліны ў хляве ўбачылі, што мужчыны з суседніх вёсак капаюць дзве вялікія ямы. І ўсё ж маленькая надзея на тое, што немцы будуць проста разбірацца, хто мае сувязь з партызанамі, яшчэ жыла. У выніку пашчасціла толькі шасці сем’ям, якіх адпусцілі за тое, што мужчыны дапамагалі капаць зямлянкі ў лесе, дзе меркавалася размясціць нямецкі гарнізон. Астатнія, былі ўпэўнены карнікі, усе да аднаго падтрымліваюць сувязь з партызанамі. Іх невялікімі групамі падводзілі да краю ямы і расстрэльвалі: у глыбокую магілу падалі не толькі забітыя, але і параненыя. Не пашкадавалі карнікі і двух парадзіх, якія толькі ноччу нарадзілі немаўлят: жанчын расстралялі ў ложках, забілі і дзяцей.
Толькі познім вечарам закончыўся ўвесь гэты жах. Хаты і ўсе пабудовы падпалілі. «Усю ноч гарэлі Байкі»,— успамінаюць старажылы з суседніх вёсак.
Пасля вызвалення Пружаншчыны Іван Іванавіч Пашко пайшоў дабраахвотнікам на фронт: помсціць за родную вёску. Ён удзельнічаў у вызваленні Румыніі, Аўстрыі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Югаславіі, быў камандзірам кулямётнага разліку. На другі дзень пасля перамогі над фашысцкай Германіяй, якую ўжо святкаваў савецкі народ, у адным з лакальных баёў Іван Іванавіч быў кантужаны. Каля дзевяці месяцаў правёў на ложку шпіталя ў Чэхаславакіі. Перш, чым трапіць на сваю малую радзіму, яму давялося яшчэ служыць у Запарожжы. Дэмабілізаваўся Іван Іванавіч толькі ў 1951 годзе.
— Дзесяць гадоў абараняў я сваю савецкую Радзіму, — гаворыць Пашко. — Цяжкая ў мяне была маладосць, горкія ўспаміны пра яе, але жыццё не дарэмна пражыў.
Пра нялёгкае юнацтва ветэрана сведчаць шматлікія ўзнагароды: у іх ліку — ордэн Айчыннай вайны, медаль «За адвагу», атрыманы за фарсіраванне ракі Маравы. І вось ужо амаль 60 гадоў Іван Іванавіч Пашко жыве са сваёй вернай сяброўкай Яўгеніяй Іванаўнай. На працягу трыццаці гадоў разам яны падымалі цаліну ў Казахстане. Вырасцілі пяцёра дзяцей, усім далі адукацыю, перажылі неймаверную страту — смерць сына. Сёння пенсіянеры радуюцца поспехам васьмярых унукаў, дачакаліся праўнучкі.
Марына Ахрамовіч, фота Аляксандра Мелеша.