Правядзенне конкурсаў на званне лепшага ў розных галінах — звычайная з’ява. Мяркуецца, што праз такія спаборніцтвы можна павысіць якасць работы і прастымуляваць дзейнасць таго ці іншага прадпрыемства, арганізацыі. На Пружаншчыне такім чынам вырашылі паўплываць на работу пунктаў грамадскага харчавання.
На якіх умовах праводзіцца конкурс?
Для большай аб’ектыўнасці канкурсанты-прадпрыемствы грамадскага харчавання — а гэта як дзяржаўныя, так і прыватныя гарадскія ўстановы — падзелены на групы.
Сярод рэстаранаў спаборнічаюць за званне лепшага «Пружаны» і «Піцер». Колькасць кафэ большая: «Алеся», «Мухавец» (будынак гасцініцы), «Лядок» (Лядовы палац), «Брыз» (Водны палац). У асобную групу вылучаны бары — «Палескія паданні», закусачная «Бістро» (ва «Універсаме»), «Эдэм», «Лель» і «Фараон». У катэгорыі дзіцячыя кафэ толькі адзін удзельнік — «Церамок».
Рашаючую ролю ў вызначэнні лепшых адыграе грамадскае меркаванне: на працягу месяца праводзіўся маніторынг якасці работы пунктаў грамадскага харчавання. Падчас анкетавання арганізатары засяроджвалі ўвагу на некалькіх крытэрыях: гэта і культура абслугоўвання, асартымент і якасць меню, дызайн памяшкання, наяўнасць прэтэнзій і заўваг спажыўцоў і г.д.
Паабедаць не спрабавалі?
Але давайце разважаць аб’ектыўна: прадпрыемства грамадскага харчавання — гэта не толькі ўстанова, дзе наладжваюцца ўрачыстыя (або рытуальныя) абеды і вячэры, дзе маладыя людзі могуць выпіць, закусіць і патанцаваць, дзе можна правесці вольны вечар…
Задач, якія закліканы выконваць такія ўстановы, значна больш.
Уявіце сітуацыю, што заезджы чалавек цікавіцца ў вас, дзе ў горадзе можна паабедаць? Не бярэм ва ўлік нават такія патрабаванні, як смачна, танна, ва ўтульнай атмасферы — проста паўнавартасна паесці. Альбо вам неабходна запрасіць чалавека на так званы дзелавы абед — гадзін у 12 дня…
Ну, што? Можаце параіць, куды зайсці ў такім выпадку? У Пружанах гэта магчыма зрабіць хіба што арганізацыі па папярэдняй дамоўленасці. Для астатніх — праблематычна, паколькі мясцовыя ўстановы адчыняюць дзверы для наведвальнікаў бліжэй да вечара.
Дарэчы, сваё меркаванне на гэтую тэму пакінуў на сайце газеты чытач пад нікам «Суматра». Ён выказвае свой погляд у якасці прыезджага чалавека: «У Пружанах раніцай і кавы папіць няма дзе. Не гаворачы ўжо пра перакусіць — усе ўстановы працуюць не раней, як з 12.00. А мы ўсё гаворым пра развіццё турызму?! Акрамя таго, у горадзе ні адна піцейная ўстанова (і не толькі піцейная) не мае адкрытай летняй пляцоўкі — абавязковага атрыбуту сучаснага еўрапейскага горада, дзе ў цені дрэў альбо пад парасонам можна было б пасядзець, паабедаць ці папіць ахалоджваючы напой. Чаму б не абавязаць, напрыклад, «Фараон» зрабіць летнюю пляцоўку: каля бара цудоўнае месца пад дрэвамі — толькі плітку пакладзі і парасоны з мэбляй пастаў. Было б нядрэнна! Перакананы, гэтае месца карысталася б у гараджан папулярнасцю і днём, а не толькі ноччу».
Ад банкету да банкету
Увогуле, пружанскія кафэ і рэстараны прытрымліваюцца пераважна абслугоўвання па калектыўных заказах: раз-два на тыдзень пашчыруюць, а пра загружанасць у астатнія дні асабліва не задумваюцца.
Сёння ў такіх установах даволі папулярна заказваць банкеты як з вясёлай, так і з сумнай нагоды. Тым не менш нярэдка даводзіцца чуць як захапленні, так і незадаволенасць ад узроўню абслугоўвання той ці іншай установы. Адна мая калега, напрыклад, падкрэслівае выгоды, якія прадастаўляе кафэ «Фея» (яго, дарэчы, няма сярод канкурсантаў): у прыватнасці, з гаспадарамі заўсёды лёгка дамовіцца аб карэкціроўцы часу правядзення банкету, нават калі пажаданы час не супадае са звычайным раскладам працы кафэ, а таксама атрымаць дзельную параду наконт складання меню для мерапрыемства, ды і абслугоўванне і ветлівасць персаналу падкупляюць, каб вярнуцца сюды яшчэ не раз.
Другой у гэтым плане больш падабаецца «Фараон», трэцяму — «Алеся»… Гэта значыць, нейкая здаровая канкурэнцыя паміж установамі ўсё ж існуе. Аднак усе апытаныя дружна ўздыхаюць: вось каб на рынку паслуг з‘явілася нешта новенькае, каб трэці раз на год не паўтараць нават упадабаны сцэнарый! Значыць, нерэалізаваныя магчымасці ёсць ва ўсіх?
Няўжо няма, чым пахваліцца?
Чаму мясцовыя прадпрыемствы грамадскага харчавання не спяшаюцца заняць пустую нішу? Тым больш, што логіка спажыўцоў адносна выбару прапаноўваемых паслуг за апошняе дзесяцігоддзе значна памянялася і патрабуюцца новыя маркетынгавыя падыходы да арганізацыі падобнага роду дзейнасці. Зразумела, абсалютна ўсім не дагодзіш, бо псіхалогія ў чалавека такая: у суседа заўсёды знойдзецца штосьці лепшае. Але ж хіба дрэнна, што мы арыентуемся на новы ўзровень? Іншая справа, што пакуль самі беларусы не памяняюць сваё мысленне, каэфіцыент карыснага дзеяння ад новых пачынанняў будзе роўны нулю.
Пакуль жа застаецца канстатаваць, што нашы прадпрыемствы грамадскага харчавання задавальняе той узровень, на якім яны працуюць. Нават у сувязі з правядзеннем конкурсу ніхто з іх кіраўнікоў не праявіў энтузіязму: як паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, першапачаткова на ўдзел у конкурсе паступіла… нуль заявак.
Хаця варта адзначыць, што правядзенне падобных конкурсаў — ідэя нядрэнная. Напрыклад, за мяжой такія спаборніцтвы карыстаюцца вялікай папулярнасцю, асабліва сярод прыватнікаў: гэта цудоўны шанц атрымаць бясплатную рэкламу і запазычыць вопыт калег. Чаму настолькі пасіўную пазіцыю занялі пружанскія рэстараны, кафэ і бары, незразумела. Няўжо нікому няма чым хваліцца, а адпаведна і няма чаго рэкламаваць?
Марына ВАКУЛЬСКАЯ.