У плеценай з лыка скрыначцы, дзе ў мяне складзена невялікая «калекцыя» памятных рэчаў, — кавалачкаў цэглы са сцяны Ружанскага палаца, гарматнага ядра, выкапанага ў агародзе, каваных цвікоў і іншага дарагога сэрцу ламачча, папаўненне: абрывак руберойду і шэры камень. Гэта сувенір на памяць з пастамента скульптуры «Школьніца», у якім шукалі капсулу з пасланнем нашчадкам, закладзеную 50 гадоў таму выхаванцамі дзіцячага дома.
СУСТРЭЧА З ЮНАЦТВАМ
У мінулую суботу ў Шарашова — да месца ўрачыстасці з‘ехалася-сышлося мноства людзей. Зразумела, галоўнымі яе ўдзельнікамі сталі былыя выхаванцы дзіцячага дома і іх выхавальнікі, родныя, знаёмыя і проста цікаўныя. Сённяшнія школьнікі і педагогі прыйшлі адразу пасля «апошняга званка». Медыцынскія работнікі (дзетдом знаходзіўся на тэрыторыі цяперашняй бальніцы) ўпрыгожылі двор. Работнікі культуры з усяго наваколля віталі гасцей і спявалі для іх.
А госці абдымаліся, цалаваліся, дарылі і прымалі кветкі. Куды ні павярніся, чуліся ўзбуджаныя галасы:
—Вы мяне памятаеце?
—Хлопцы з 76-га года выпуску, ці ёсць хто?
—Ой, які ж ты стаў, а быў такі маленькі, худзенькі…
—Як прыемна ўбачыцца! 38 гадоў прайшло.
—Вашы чаканні адносна нас апраўдаліся?
—Ды такія вы, якімі мы вас пакінулі!
—Як усё памянялася! Такое маленькае ўсё. Гэтыя будынкі здаваліся такімі значнымі…
Старшыня Шарашоўскага пасвыканкама Дзмітрый Уладзіміравіч Чайкоўскі і дырэктар Шарашоўскай сярэдняй школы Аксана Іосіфаўна Пернач не проста выступілі са словамі прывітання. Ім нібы перадалося хваляванне былых дзетдомаўцаў, яны таксама з нецярпеннем чакалі: якія таямніцы 50 гадоў захоўвае дзяўчынка з кніжкай. Таму размовы хутка змяніліся стукам малатка і зубіла: работнікі Шарашоўскага ўчастка КУВП «Камунальнік» спяшаліся дабрацца да запаветнай капсулы.
Ды толькі раптам аказалася, што за металічнай шыльдачкай з надпісам аб закладцы
НІЯКАЙ СХОВАНКІ НЯМА.
Да двух рабочых падышоў трэці, а за ім чацвёрты. Дабавіліся больш сур‘ёзныя інструменты. Вось ужо акуратна спілілі балгаркай арматуру і паставілі саму скульптуру на зямлю. Вось у пошуках пустаты прасвідравалі скразныя дзіркі ў бетоне. Трывала будавалі 50 гадоў таму. Сучасная канструкцыя даўно бы разляцелася, а кавалкі ад гэтай адыходзілі павольна. Пастамент вынялі з зямлі, паклалі набок і пачалі акуратна распільваць на лусткі. Напружанне нарастала. Прайшло больш дзвюх гадзін, але народ не разыходзіўся: чакалі кульмінацыі.
Былыя выхаванцы і выхавальнікі нервова згадвалі: а ці была бутэлька?
—Была адназначна! Мы скруцілі лісцікі са сваімі запісамі-пажаданнямі ў трубачкі, каб у бутэльку лягчэй прасунуць, і на лінейцы вось так, як сёння, стаялі вакол. Тады залівалі пастамент, а «Школьніцу» ўстанавілі праз пару тыдняў.
Толькі з дапамогай кампрэсара хлопцы здолелі дабрацца да запаветнай капсулы. Ура!!!
Ганаровае права адкрыць яе прадаставілі былым выхаванцам. Ніна Кузьміна асцярожна разгарнула кавалак руберойду і дастала бутэльку зялёнага шкла — у такія калісьці ў Шарашоўскім цэху разлівалі найсмачнейшы ліманад. Мікалай Званкоўскі ўзняў і апусціў малаток і… Сярод асколкаў усе ўбачылі
Мокрыя, пачарнелыя аркушы паперы.
Капсула не вытрымала выпрабавання часам. Толькі на адным лісце можна было разабраць бляклы запіс: “Выхаванцы 2-й і 3-й групы… Завуч школы Сцепановіч Яўгенія Міхайлаўна”…
Але тыя, дзеля каго ўсё гэтае мерапрыемства рабілася, расчаравання не адчувалі. Наадварот. Да купкі камянёў на месцы разбуранага пастамента выйшла сівавалосая жанчына ў белай хусцінцы. Жыхарка Шарашова Яўгенія Міхайлаўна Малышкевіч. Гэта яе яшчэ дзявочае прозвішча захавалася на пісьме нашчадкам.
— Як лёгка на сэрцы стала ад таго, што ўсё завяршылася, — прызналася жанчына. – І хоць таямніцай засталіся дзіцячыя пажаданні, вельмі хораша, што мы сустрэліся сёння. Сустрэліся – і, здаецца, быццам не расставаліся на доўгія гады…
Былыя выхаванцы дзетдома здзіўляліся:
—Здавалася, што тут адбудзецца наша маленькае свята, падстава ўспомніць тую вясну 1965 года, калі даверылі паперы свае таямніцы, заклалі капсулу. Хацелася вярнуцца ў вясну свайго жыцця, якая фактычна прайшла на гэтай вуліцы. Але нечакана гэты дзень аказаўся значным для жыхароў пасёлка.
І тут жа прапанавалі не ўзнаўляць пастамент на гэтым месцы, а перанесці скульптуру на тэрыторыю школы.
Маўляў, у бальніцу дзеці прыходзяць час ад часу, а ў школу — штодзень. Таму ў школьным двары яна будзе пастаянна нагадваць пра гэтую сустрэчу, пра эмоцыі, якія яны перажылі, пра таямніцы, якія дзяўчынка захоўвала 50 гадоў ды так і не раскрыла. І, магчыма, даверыць ёй свае сакрэты…
На здымках: падчас мерапрыемства.
Ірына Сядова. Фота аўтара.